На працягу апошніх 10 гадоў заяву на атрыманне карты паляка агулам падалі 220 тысяч чалавек. Пра гэта паведамляе Польскае радыё для Беларусі са спасылкай на «Газету Выборчу».

На асобах, якія спрабуюць атрымаць карту паляка, нажываюцца махляры і некаторыя польскія арганізацыі, якія за 500—1500 даляраў фальсыфікуюць неабходныя дакумэнты. На працягу апошніх 10 гадоў заяву на атрыманьне карты паляка агулам склалі 220 тысяч чалавек. З іх палова — гэта беларусы і ўкраінцы.
Аднак, паводле Вышэйшай кантрольнай палаты Польшчы, польскія консульствы на ўсходзе не спраўляюцца з абслугоўваньнем такой колькасьці заяваў. Ва Ўкраіне і Беларусі размовы з консулам трэба чакаць у сярэднім некалькі месяцаў. Выданьне пісала пра цэлую сыстэму пасярэднікаў, якія за грошы знаходзілі лепшыя тэрміны.
Паводле Вышэйшай кантрольнай палаты, галоўная прычына — кадравыя недахопы. Паўсюдным зьяўляецца доўгі тэрмін разгляду дакумэнтаў. Замест законнага месяца дакумэнты разглядаліся больш за паўгода. Тры з пяці консульстваў не арганізоўвалі консульскіх дзяжурстваў у месцах вялікай канцэнтрацыі палякаў, у сувязі з гэтым для некаторых консульства было амаль недаступным месцам — піша палата.
Не ва ўсіх консульствах ёсьць тэхніка для праверкі дакумэнтаў. Гэта выкарыстоўваюць махляры, якія за адпаведную суму фальсыфікуюць доказы польскага паходжаньня. Вышэйшая кантрольная палата падкрэсьлівае, што праблема фальсыфікацыі дакумэнтаў сур’ёзная. Сумневы выклікаюць таксама дакумэнты, якія выдаюць некаторыя польскія арганізацыі. Пра праблему продажу такіх дакумэнтаў заяўляла консульства ў Астане і Вінніцы.
У Астане, Горадні, Вінніцы і Луцку кантралёры сьцьвердзілі, што 20% рашэньняў аб прызнаньні карты паляка былі выдадзеныя з парушэньнем закону.
Каментары