Багуслаў Радзівіл і яго жанчыны: на кім спыніў свой выбар самы-самы свецкі леў у гісторыі Беларусі
Палітычны дзеяч, смелы ваяр, таленавіты палкаводзец, адзін з самых заможных магнатаў ВКЛ, перакананы пратэстант, дзёрзкі дуэлянт… Але яшчэ галантны кавалер, свецкі леў, інтрыган і верны муж. Пра гэты бок жыцця адной з самых яркіх постацяў гісторыі Беларусі піша Кірыл Карлюк.
Еўрапейскае падарожжа
Багуслаў Радзівіл нарадзіўся ў 1620 годзе ў сям’і віленскага кашталяна Януша Радзівіла і брандэнбургскай прынцэсы Лізаветы Сафіі Гагенцолерн. Рана страціўшы бацьку, атрымаў за ім вялікую спадчыну, якая ўключала, сярод іншага, цэлае Слуцкае княства.

Сваё ранняе дзяцінства Багуслаў правёў з маці ў бацькоўскім маёнтку ў Германіі. Менавіта нямецкая стала для яго першай роднай мовай. Вярнуўшыся ў ВКЛ у 1628 годзе, ён пад апекай свайго дзядзькі, гетмана Крыштофа Радзівіла, атрымаў добрую адукацыю ў кальвінісцкіх гімназіях Вільні і Кейдан. Адна з такіх гімназій, заснаваная бацькам Багуслава, дзейнічала і ў Слуцку.
З 1637 па 1648 год Багуслаў Радзівіл працягнуў адукацыю падчас традыцыйнага для тагачасных арыстакратаў grand tour па Заходняй Еўропе. Падарожнічаў па Нідэрландах, Францыі і Англіі. Князь слухаў лекцыі ў знакамітых галандскіх універсітэтах Гронінгена, Франекера і Утрэхта, браў урокі ў прыватных «рыцарскіх акадэміях» Парыжа. Як сапраўдны галантны кавалер, навучаўся танцам, верхавой яздзе і фехтаванню. Неаднойчы браў удзел у ваенных выправах галандскіх і французскіх войскаў супраць іспанцаў. Як пазней сам пісаў, рабілася ўсё гэта, каб потым «гэтую службу практыкаваць на радзіме, з карысцю для Рэчы Паспалітай».
Свецкі леў
Успадкаваны ад продкаў тытул князя Святой Рымскай імперыі адкрываў Багуславу Радзівілу шырокія магчымасці за мяжой. Яго цёпла прымалі пры еўрапейскіх дварах, і ён шчыльна кантактаваў з прадстаўнікамі еўрапейскай арыстакратыі.
Так, у афіцыйных паперах знакаміты французскі «кароль-сонца» Людовік XIV звяртаўся да яго не іначай, як «наш найдаражэйшы і найулюбёнейшы кузен».
Не абыходзілася і без дуэляў. Нездарма Багуслаў у сяброўскім альбоме аднаго галандскага дыпламата ўласнай рукой пакінуў цытату з «Іліяды»: «Мае на нарадзе сілу язык, а ў бітве — правіца». Радзівіл паспяхова біўся на шпагах з французскімі прынцамі, а аднойчы ў паядынку з баронам дэ Грутам — конна на пісталетах.
За адну з такіх сутычак князь нават трапіў у славутую турму Бастылія, бо дуэлі ў Францыі былі забароненыя. Хадзілі пагалоскі, што прычынай паядынку з графам дэ Рыё (паядынак так і не адбыўся) была парыжанка «спрэчнай рэпутацыі» і не шляхецкага паходжання… Радзівіл, як сапраўдны свецкі леў, быў героем многіх амурных гісторый.

Яшчэ адзін з такіх двубояў князя быў звязаны з каранаванай пані. Аднойчы пры стале Лізаветы Сцюарт, чэшскай каралевы ў выгнанні, Багуслаў паспрачаўся за месца з Анры-Шарлем, прынцам дэ Тальмонам. Жанчына, як магла, улагодзіла канфлікт. Але неўзабаве ў Гаазе распаўсюдзіліся чуткі, якія абражалі гонар Радзівіла ў вачах чэшскай каралевы. У адказ Багуслаў выклікаў прынца Тальмона на двубой, у якім параніў француза. Людзі Радзівіла аказалі прынцу першую дапамогу, і калі Тальмон акрыяў, то прымірыўся з князем.
Герцагіня дэ Шэўрэз: вялікая палітыка і інтрыгі
Але не толькі веды, вайсковы досвед і дуэлі вабілі маладога князя. Паходжанне, палітычная вага сям’і і прыватныя амбіцыі падштурхнулі Багуслава Радзівіла да ўдзелу ў вялікай палітыцы. Першы раз князь заняўся ёй, калі яму толькі мінула 20 гадоў. Нягледзячы на свой удзел у ваенных кампаніях супраць іспанцаў, з зімы 1641 года Багуслаў Радзівіл пачаў перыядычна бавіць час у Брусэлі і Антверпене ў Паўднёвых Нідэрландах, якія належалі іспанскай галіне Габсбургаў. Сапраўдныя прычыны гэтых візітаў застаюцца таямніцай і дагэтуль.

Магчыма, часткова гэта можна было б патлумачыць цікавасцю да мастацтва, буйнымі цэнтрамі якога былі згаданыя гарады. Прынамсі, у еўрапейскіх падарожжах князя доўгі час суправаджаў Лукас Ворстэрман, фламандскі мастак з кола Рубенса і ван Дэйка. Прыватная ж калекцыя твораў мастацтва Багуслава Радзівіла налічвала сотні адзінак.
Аднак асноўная прычына вандровак Радзівіла, відаць, была іншая. Відавочна, ён меў цесныя адносіны са знакамітай Марыяй дэ Раган, герцагіняй дэ Шэўрэз. Французская арыстакратка і выгнанніца апынулася ў Фландрыі з-за цэлага шлейфу інтрыг і няласкі французскага двара ды асабіста кардынала Рышэльё. Зрэшты, выгнанне не зменшыла яе прагі да бясконцых інтрыг.
Пра яе даверлівыя адносіны з Багуславам Радзівілам дакументальна вядома прынамсі са снежня 1645 года. Менавіта тады князь, які суправаджаў з Парыжа Людвіку Марыю Ганзага, нарачоную караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV, выканаў падчас прыпынку ў Брусэлі надзвычай далікатную місію. Ад імя Людвікі Марыі ён зрабіў візіт ветлівасці да герцагіні дэ Шэўрэз, непасрэдныя кантакты з якой маглі б раззлаваць французскі двор.

Відаць, гэтыя кантакты не спыніліся і пасля, бо Радзівіл некалькі разоў наведваўся ў Брусэль і бавіў там па некалькі месяцаў аж да свайго вяртання на радзіму. Даследчыкі лічаць, што князь мог быць неяк заангажаваны ў таемныя інтрыгі Амаліі фон Сольмс-Браўнфельс, жонкі галандскага штатгальтара Фрэдэрыка Генрыка Аранскага, і герцагіні дэ Шэўрэз. Абедзве бралі актыўны ўдзел у палітыцы. У планах было разарваць антыіспанскі хаўрус Францыі і Нідэрландаў ды падштурхнуць французскіх гугенотаў да ўзброенага паўстання пры падтрымцы іспанцаў і галандцаў. Але непасрэдныя кантакты паміж жанчынамі былі немагчымыя са зразумелых прычын. Менавіта таму Багуслаў Радзівіл, што карыстаўся вялікай прыязнасцю і даверам абедзвюх, мог выступіць пасярэднікам паміж імі.
Ці звязвала князя з герцагіняй дэ Шэўрэз нешта, большае за палітыку, невядома. Дваццацігадовая розніца ва ўзросце наўрад ці магла такому паспрыяць. Зрэшты, ужо з 1646 года Брусэль вабіў Радзівіла з іншай прычыны — ягонае сэрца ўжо заняла новая прыгажуня.
Суцешнік і сябар мадам дэ Кюзанс
Беатрыс дэ Кюзанс лічылася адной з найпрыгажэйшых жанчын свайго часу. Яе жыццё — гісторыя, адначасова поўная бляску і трагізму, вартая сцэнару захапляльнага гістарычнага серыяла. У 1634 годзе яна стала палюбоўніцай герцага Карла IV Латарынгскага. Каханне было палкім. Каб пазбегнуць скандалу, яе маці выдала дзяўчыну за прынца дэ Кантэкруа, але той памёр усяго праз два гады. Вызваліўшыся, Беатрыс пабралася шлюбам з герцагам Карлам, які ў гэты час знаходзіўся на іспанскай службе. Без сумневаў яна рушыла за ім у ваенныя выправы. Аднак Каталіцкая царква не прызнала гэтага шлюбу і нават на пэўны час адлучыла герцага ад царквы. Рашэнне пра гэта было адменена толькі ў 1645 годзе пры ўмове, што пара расстанецца…

У 1646-м у Антверпене Беатрыс затрымалі іспанскія ўлады. За жанчыну заступіўся асабіста Багуслаў Радзівіл, які ўдзельнічаў у перамовах наконт яе вызвалення. З таго часу самотная Беатрыс жыла ў Брусэлі, дзе трымала ўласны арыстакратычны салон, сталым наведвальнікам якога стаў князь Багуслаў. Як пісаў пра Радзівіла і ягоныя адносіны з мадам дэ Кюзанс адзін з сучаснікаў: «Князь той быў прыгожы і зграбны, вельмі пачцівы і галантны… Пастаянна суправаджаў Беатрыс і стаў адначасова яе суцешнікам і сябрам». Цікавая дэталь: Беатрыс была старэйшая за Багуслава на шэсць гадоў. Зрэшты, як і многія іншыя ўплывовыя жанчыны, з якімі быў звязаны Радзівіл.
Супернікаў у князя тут было шмат, нават сярод каралеўскіх асобаў. Адным з тых, хто захапляўся прыгажосцю і розумам Беатрыс, быў прынц Уэльскі, будучы англійскі кароль Карл ІІ Сцюарт.
Нявеста для князя: у пошуках прынцэсы
Багацце і тытул рабілі Багуслава Радзівіла зайздроснай партыяй. На працягу многіх гадоў ён і ягоныя сваякі складалі матрыманіяльныя планы, аб’ектам якіх былі замежныя арыстакраткі пратэстанцкага веравызнання.
Адзін з першых такіх праектаў склаўся намаганнямі парыжскага двара ў 1644—1645 гадах. За князя сваталі Маргарыту дэ Раган, спадчынніцу гугеноцкай галіны гэтай славутай сям’і, што выводзіла радавод ад даўніх брэтонскіх герцагаў. Кандыдатаў на яе руку з французскіх прынцаў крыві і нямецкіх князёў была цэлая чарга. Аднак замест гучных тытулаў дзяўчына абрала таго, каго пакахала, — Анры Шабо, французскага двараніна нашмат больш сціплага паходжання.
У 1647 годзе кардынал (каталік, вядома) Джуліа Мазарыні, які марыў звязаць лёс Радзівіла з Францыяй, прапаноўваў яму руку «багатай спадчынніцы і добрай гугеноткі» Шарлоты дэ ля Форс, дачкі вядомага французскага маршала Жака-Нампара дэ Камона. Пагалоскі пра шлюб хадзілі ўжо нават пры каралеўскім двары Рэчы Паспалітай. Аднак хуткі ад’езд на радзіму ў 1648 годзе, дзе Радзівіл апынуўся ў самай віхуры падзей, звязаных з казацкім паўстаннем ды войнамі з Расіяй і Швецыяй, сарваў гэтыя планы.
З той жа прычыны не адбыўся і шлюб з Марыяй Генрыетай Сцюарт, дачкой караля Англіі і Шатландыі Карла І. Сама дзяўчына, праўда, прыязна паставілася да заляцанняў літоўскага князя. Як пісаў прадстаўнік яе двара на перамовах, Радзівіл быў выдатным кандыдатам: «малады шчодры прынц пратэстанцкага вызнання».

Шлюб з прадстаўніцай пануючага еўрапейскага дома мог бы ўзвесці Багуслава Радзівіла на самую вяршыню іерархіі еўрапейскай арыстакратыі. Гэта таксама азначала дынастычны саюз з пратэстанцкімі манаршымі дынастыямі Сцюартаў, Аранскіх і Гагенцолернаў. І хто ведае, можа, аднойчы гэта значна павялічыла б ягоныя шанцы быць абраным на пасад Рэчы Паспалітай…
І трэба сказаць, што сваякі і хаўруснікі Багуслава рабілі падобныя прапановы. Так, шведскі кароль Карл Х Густаў, з якім звязалі лёс біржанскія Радзівілы падчас крывавых падзей сярэдзіны XVII стагоддзя, сватаў за Багуслава сваю сястру Элеанору Кацярыну Пфальц-Цвайбрукенскую. А пазней яшчэ і сястру сваёй жонкі, Ганну Дароту Гальштэйн-Готарпскую.
Сваяк Багуслава, брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм Гагенцолерн, які прызначыў яго прускім генерал-губернатарам у 1657 годзе, сватаў за Радзівіла родную сястру сваёй жонкі. Гаворка ішла пра руку Марыі Аранскай, дачкі галандскага штагальтара Фрэдэрыка Вільгельма і Амаліі фон Сольмс-Браўнфельс (пра яе згадвалі ўжо раней). У пасаг Марыя павінна была атрымаць акупаванае брандэнбургскімі войскамі графства Рэгенштайн у Нямеччыне. Гэта магло б даць Багуславу Радзівілу падставу стаць паўнавартасным князем Святой Рымскай імперыі з месцам у рэйхстагу — вялікая мара, якую меў яшчэ ягоны бацька…
Зрэшты, былі і дзясяткі іншых прапаноў, асабліва ад нямецкіх пратэстанцкіх дынастый. Аднак каханне адшукалася там, дзе ніхто яго не чакаў.
«Усім сэрцам каханая Гануся»
Пасля смерці гетмана Януша Радзівіла, ініцыятара Кейданскай уніі са Швецыяй і стрыечнага брата Багуслава, той стаў адным з апекуноў адзінай Янушавай дачкі — Ганны Марыі.
Нечакана для сябе ў 1660-х гадах Багуслаў закахаўся ў сваячку. Наколькі гэта былі шчырыя пачуцці, мы можам толькі здагадвацца.
У князя, натуральна, былі і карыслівыя разлікі — захаваць буйныя маёнткі князёўны ва ўласнай дынастыі. Аднак гісторыя іх кахання ўсё ж падаецца шчырай.

На шляху закаханых было нямала перашкод. Перадусім гэта фармальна каталіцкае веравызнанне Ганны Марыі, а таксама блізкае сваяцтва. Нягледзячы на пратэстанцтва яе бацькі, дзяўчынка паводле жадання сваёй маці Кацярыны Патоцкай была ахрышчаная ў каталіцтва. Для шлюбу патрабаваўся папскі дазвол, атрымаць які перакананаму кальвіністу Багуславу было няпроста. Тым больш што і шматлікія польскія каталіцкія магнаты ды еўрапейскія прынцы марылі пабрацца шлюбам з багатай князёўнай. Меў тут свае інтарэсы і каралеўскі двор Рэчы Паспалітай, вакол якога пляліся шматлікія палітычныя інтрыгі.
Пра перыпетыі і іншыя цікавыя старонкі гэтай рамантычнай гісторыі нам вядома ад двух галоўных яе ўдзельнікаў — з прыватнай карэспандэнцыі Багуслава і Ганны Марыі. Лірычныя, пяшчотныя, часам дзёрзкія і саркастычныя лісты князя гавораць нам пра сапраўдныя пачуцці: «Найсвятлейшая князёўна, мая ўсім сэрцам каханая Гануся!.. Сардэчна сумую без Вашамосці, і здаецца, што на адлегласці маё каханне не толькі не ёсць прыдуманым, але штораз умацоўваецца. Цяпер і хвіліны ані ўночы, ані ўдзень не маю, каб не думаць аб Вашамосці…»

Урэшце закаханыя дамагліся папскага дазволу і пабраліся шлюбам 24 лістапада 1665 года на сціплай цырымоніі ў Лібаве (сучасная Ліепая ў Латвіі). Але шчасце было нядоўгім. Маладая часта хварэла. Праз два гады падчас родаў 27-гадовая Ганна Марыя памерла, пакінуўшы самотнага князя разам з іх адзінай дачкой Людвікай Каралінай, якой наканавана было стаць спадчынніцай велізарных уладанняў бацькоў. Неўзабаве, у 1669 годзе, ад сардэчнага прыступу памёр і сам Багуслаў Радзівіл. Меў тады 49 гадоў.
Каханне Багуслава Радзівіла ў мастацтве
Асоба князя Багуслава, як і ягонага стрыечнага брата Януша, вядомая публіцы перадусім дзякуючы класічнаму раману польскага пісьменніка Генрыка Сянкевіча «Патоп», дзе абодва выступаюць у якасці галоўных антыгерояў. Як пісаў аўтар, «гэта вялікі ваяр і рыцар, але зусім не паляк…» Такі вобраз адно ўмацаваўся шыкоўнай экранізацыяй рэжысёра Ежы Гофмана. Багуслаў паказаны ў цалкам выдуманай гісторыі ягонага палкага жадання да Воленькі Білевіч, якую прываблівае сваім шармам і падманам. У рамане і стужцы нават згадваюцца некаторыя рэальныя прыгоды князя, у тым ліку і французскія арыстакраткі, якія разглядаліся ў якасці яго патэнцыйных нявест. Аднак пра гэты бок яго сапраўднага жыцця даведацца можна няшмат.

Справядлівасць у гэтым сэнсе ўзнаўляе выдатны раман «Багуслаў Радзівіл: нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага» цудоўнай украінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай, пераклад якога на беларускую мову толькі-толькі выйшаў. У сваёй працы над раманам, якая доўжылася пяць гадоў, аўтарка выкарыстоўвала шматлікія навуковыя публікацыі прафесійных гісторыкаў і першакрыніцы. Гэта дазволіла ёй максімальна далікатна спалучыць узноўленую да дробязяў біяграфію героя, праўдзівы партрэт эпохі, з духам жывых авантурных прыгод і рамантычных гісторый. А ў цэнтры рамана — Багуслаў Радзівіл і ягоныя пачуцці.
Раман Ірыны Данеўскай «Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага» можна набыць у інтэрнэт-кнігарні JANUSKEVIC.BY, а таксама ў галоўных кнігарнях Мінска і ўсёй краіны.
Каментары