
Пытанні развіцця ў Беларусі шахматнага спорту і правядзення 45-й Сусветнай шахматнай алімпіяды ў 2022 годзе абмеркаваны сёння на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ) Аркадзем Дварковічам, паведамляе БЕЛТА.
«Я неяк і з былым кіраўніком федэрацыі не аднойчы сустракаўся і ведаў яго добра. Мы размаўлялі аб развіцці шахмат у Беларусі. Мы прытрымліваемся гэтага курса. Я чалавек «ўсяедны»: для мяне вельмі важны любы від спорту, пачынаючы ад хакея і фігурнага катання і заканчваючы шахматамі. Тым больш так здарылася, што Беларусь — гэта, можна сказаць, адна з магутных шахматных дзяржаў, і школа ў нас заўсёды была прыстойная. Бачу, што і цяпер пачалі варушыцца, таму наша сустрэча дарэчы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў Аркадзя Дварковіча з выбраннем прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі шахмат. Ён атрымаў гэтую пасаду на пасяджэнні Генасамблеі ФІДЭ ў кастрычніку 2018 года. «Мы добразычліва да гэтага ставімся. Груба кажучы, усё ж такі свой чалавек, ды яшчэ і кіраўнік федэрацыі — гэта вельмі важна для нас, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць пра што пагаварыць. Вы скажыце, што мы павінны зрабіць, каб міністр прыняў да выканання. Вы ведаеце самі па мінулай працы [Дварковіч быў віцэ-прэм'ерам урада Расіі — НН], што чыноўнікі павольна часам варушацца. Але калі вы сапраўды вызначыце і падкажыце, што мы павінны рабіць, мы абавязкова зробім»
Каментары