І трохі ўкраінскай гарэлкі. Некалькі цікавых фактаў і высноў з абмену вязнямі між Расіяй і Украінай
Украіна паслала ў Маскву па сваіх палоненых прэзідэнцкі самалёт. У ім паляцелі намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта і дарадца Зяленскага. Калі зняволеных пасадзілі ў самалёт і ён пайшоў на ўзлёт, адны плакалі, другія апладзіравалі. Перад пасадкай намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі асабіста наліў кожнаму па кроплі ўкраінскай гарэлкі.

Украінскім вязням у Расіі дазволілі без абмежавання забраць свае турэмныя транты і нават аддалі рэчы, канфіскаваныя пры арышце. Вязень Кольчанка, напрыклад, прывёз 20 кг лістоў, якія напрысылалі яму з Украіны за час палону.

Украінскі бок да апошняга не быў упэўнены ў поспеху задумы. Баяліся рознага. Трымалі ў таямніцы нават месца збору такога каштоўнага «абменнага матэрыялу». Расійскіх палонных трымалі ў вайсковай частцы на тэрыторыі Барыспаля.
Абмен стаў вынікам тэлефанавання Зяленскага Пуціну ў нечаканы момант — у дзень, калі ад расійскага агню, пры фармальным спыненні агню, загінулі чатыры ўкраінскія вайскоўцы.
Расійскі бок упарта адмаўляўся ад абмену ўсе пяць гадоў, хоць расійскіх і дэнээраўскіх палонных Украіна трымае нашмат больш, чым расіяне — украінцаў. Усё змянілася гэтым летам. У размове з Зяленскім Пуцін асабліва адзначаў важнасць, каб у спісе на абмен быў журналіст-агент Кірыл Вышынскі, але назіральнікі сходзяцца ў думцы, што Расіі вельмі важна было вярнуць зенітчыка Цэмаха, выкрадзенага ўкраінскім спецназам у ДНР і вывезенага праз лінію фронту. Ён можа быць ключавым сведкам у працэсе па справе збіцця «Боінга». Яго дастаўка ў Кіеў была вялікім поспехам украінскай разведкі. Зяленскі ў аэрапорце заявіў, што Цэмаха дапыталі дастаткова, у тым ліку і дадаткова перад абменам, па просьбе Нідэрландаў. Нідэрланды і некаторыя іншыя краіны Еўрасаюза ўсё адно ацанілі рашэнне Зяленскага аддаць Цэмаха неадназначна.
«Цэмаха дапытвалі перад выдачай, і не толькі перад выдачай. Я не магу назваць імёны, я паабяцаў, але былі лідары еўрапейскіх краін, з якімі мы прагаварылі гэты момант: і час, неабходны для правядзення дадатковага допыту, і ўсе следчыя дзеянні. Мы ўсё гэта зрабілі, пра што нас папрасілі. Было складана, я баяўся, што гэта можа сарваць абмен, але мы зрабілі ўсё».
Неафіцыйна ўкраінскія чыноўнікі пераконваюць СМІ, што рызыкі выдачы Цэмаха былі грунтоўна ўзважаныя. «Яго паказанні, калі б яны былі, істотна не адаб'юцца на судовым працэсе», — сказаў адзін з чыноўнікаў.
У суботу ўкраінскія СМІ трыумфавалі. Абмен вязнямі ў Кіеве ўспрымаецца як палітычная перамога Украіны.
Каментары