Культура22

«Не заклятыя скарбы». Топ-10 рэліквій з калекцыі Пятра Краўчанкі

Першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі вядомы не толькі як дыпламат, але і як збіральнік гістарычных рэліквій. Частку сваёй калекцыі Пётр Кузьміч выставіў у Новым Замку ў Гродне, піша budzma.by

Калекцыянаваць прадметы старажытнасці Краўчанка пачаў яшчэ ў 1970-я, калі быў аспірантам БДУ. Прыкладам для яго быў вядомы віцебскі збіральнік Іван Галькевіч. З часам калекцыя разрасталася, а сам Пётр Кузьміч паляваў на некаторыя прадметы па аўкцыёнах Расіі, Германіі, Францыі ды Польшчы. У пэўным сэнсе вяртанне рэліквій на Радзіму — таксама элемент і працяг дыпламатычнай працы.

А яшчэ гэта той рэдкі выпадак, калі збіральнік не хавае сваю калекцыю ў сейфе кабінета, а гатовы выстаўляць прадметы публічна. Скарбы, такім чынам, зусім не «заклятыя». З некаторымі экспанатамі з калекцыі Пятра Краўчанкі прапануем пазнаёміцца і вам.

Асабістая пячатка Міхала Клеафаса Агінскага

Як ні дзіўна, пячатка аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай» захавалася ў шыкоўным стане. На ёй выдатна бачны герб «Агінскі» ды ініцыялы «М.К.О.» — сумневаў у персанальнай прыналежнасці быць не можа. Такімі пячаткамі, як правіла, шляхта і магнатэрыя пазначала сваю асабістую і працоўную карэспандэнцыю, а таксама дакументы.

Першае вядомае фота Гродна

На выцвілым фотаздымку бачныя некалькі не сказаць каб заможных хатаў, Нёман і касцельная вежа ўдалечыні. У прынцыпе, нічога асаблівага… калі не ведаеш, што гэта першае ў гісторыі фота Гродна і адно з першых фота Беларусі! Панараму горада ў 1861-м годзе зняў венгерскі фатограф Рорбах. Здымак раней знаходзіўся ў калекцыі Анджэя Ціханавецкага (з роду Мсціслаўскіх).

Этнаграфічная мапа Беларусі Карскага

Пра Карскага як этнографа чуў кожны. А вось арыгіналы ягоных працаў мае далёка не кожны музейны збор. «Этнаграфічная мапа беларускага племені» з Вільняй, Себежам і Смаленскам, але без Берасця — сапраўдны рарытэт. Дзякуючы ёй у наступным паўстала і мапа БНР, і ўжо цалкам рэальныя межы БССР, а далей — і незалежнай Беларусі.

Статут ВКЛ 1588 года

Цікава, што на цэтліку пад нашым старадаўнім зводам законаў стаяць дзве даты: 1588-ы і 1744-ы. Чаму? Усё проста. Статут XVI ст. неаднойчы перадрукоўваўся за часамі існавання Вялікага Княства. Гэты асобнік быў надрукаваны ў 1744-м у Вільні за часамі праўлення Аўгуста ІІІ Моцнага. Агулам жа Статут на тэрыторыі Беларусі, у залежнасці ад губерні, дзейнічаў ажно да 1830-40-х гадоў.

Панарама Мінска 1840 года

Панарама цэнтральнай плошчы Мінска разам з кафедральным касцёлам была створаная Лаворнсам Бартэлемі ў выглядзе літаграфіі. Бартэлемі быў французскім жывапісцам, які спецыялізаваўся на літаграфіі і марскім пейзажы. Зрэшты, утульная зімовая панарама горада, якім яго бачыў той жа Дунін-Марцінкевіч, нечым і нагадвае ціхую марскую гавань.

«Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча

Гэтае выданне — перліна калекцыі Краўчанкі. Кніга ваеннага інжынера і аднаго з пачынальнікаў ракетнай справы ў Еўропе — сапраўдны унікум. Варта адзначыць, што гэта першае франкамоўнае выданне працы Семяновіча, выдадзенае ў Амстэрдаме ў 1651-м годзе, якое і прынесла яму славу. На жаль, той славы Семяновіч ужо не заспеў, памёршы ў тым жа 1651 годзе…

«Крыж адважных» Булак-Балаховіча

Узнагарода легендарнага генерала часоў Грамадзянскай вайны выкананая ў метале і белай эмалі. Сам Булак-Балаховіч раздаваў крыжы сваім байцам на працягу 1920-х. Паводле легенды, калі генерал даведаўся, што крыж пачалі падрабляць ды прадаваць, ён… уключыўся ў бізнес: таксама пачаў «даштампоўваць» узнагароду і прадаваць яе асобнікі ўсім ахвочым.

Аўтограф Льва Сапегі

Калі аўтографы дзеячаў БНР ці БССР тэарэтычна адшукаць можна, то кожны росчырк пяра ўладароў Вялікага Княства — на вагу золата. Захаваныя экзэмпляры, як правіла, даўно ў музеях, архівах ды прыватных калекцыях. Тут мы бачым аўтограф канцлера ВКЛ на лісце Маісею Лазарэвічу, арандатару вёскі Хадоркі з косаўскіх уладанняў Сапегі. Ліст датаваны 1629-м годам.

Рэдкія «нашаніўскія» выданні

«Дудка беларуская» Багушэвіча, «Адвечная песня» Купалы, «Рунь» Гарэцкага ды іншыя арыгінальныя кнігі пачатку стагоддзя сабраныя на адным стэндзе. Ці не за кожным з гэтых асобнікаў стаіць гісторыя, таму шкада, што мы бачым адно вокладкі: без маргіналіяў і дарчых надпісаў усярэдзіне. Такія кнігі на беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнах зрэдку можна сустрэць і сёння. Каштуюць яны зазвычай некалькі соцень умоўных адзінак.

Партрэт Стэфана Баторыя

Медзярыт з партрэтам у поўны рост караля і вялікага князя, які перамог Івана Грознага, быў выкананы Дамінікам Кусто ў 1601-м годзе. Звярніце ўвагу, што на галаве ў Баторыя — звычайная шапка з улюбёным каралём пер’ем чаплі. А вось гусарскі шалом з прымацаванай каронай ляжыць ля ног. Праз такія дробязі мастак, імаверна, і вызначыў спартанскі, зусім не схільны да раскошы тыпаж караля.

Цікава таксама, што такой гравюры не маюць у Гродзенскім музеі, які паволі ператвараецца ў «Замак Баторыя». Таму музейшчыкам застаецца пакуль адно зайздросціць Пятру Краўчанку ды ягоным багатым зборам.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы17

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Стан афганскага хлопчыка, якога беларус кінуў на падлогу ў аэрапорце Шарамеццева, палепшыўся1

У КНДР паказалі цырымонію развітання з вайскоўцамі, што загінулі ў Расіі. Удзельнічаў сам Кім Чэн Ын6

П'яны кіроўца-беларус у Польшчы збіў дзвюх жанчын і ўцёк з месца здарэння3

Боты пад Ціханоўскім змянілі тактыку20

«Народ павінен на гэту ўладу маліцца». Лукашэнка патрабуе, каб пасля арміі хлопцы вярталіся строга на ранейшыя месцы працы38

З 7-га паверха інтэрната гомельскага ВНУ ўпаў студэнт-другакурснік1

У Азербайджане паказалі, як затрымлівалі кіраўнікоў мясцовага філіяла расійскага «Спутніка» ВІДЭА9

На Віцебшчыне вецер абясточыў 39 населеных пунктаў

Украіна пачала вырабляць новыя баявыя робаты «Мурашкі»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы17

Плача, але едзе ў Кенію ўслед за мужам: лукашэнкаўскі пул застаўся без адданай супрацоўніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць