Грамадства11

Паглядзелі, як працуе бясплатная дастаўка прадуктаў і лекаў для пажылых РЭПАРТАЖ

У Мінску пачалі працаваць мабільныя брыгады сацработнікаў, якія дастаўляюць пажылым на дом прадукты і лекі. Паслугу гэту зрабілі бясплатнай — каб падчас эпідэміі каранавіруса людзі ва ўзросце менш выходзілі ў грамадскія месцы і не падвяргалі сябе рызыцы. Пакуль заявак нямнога (напрыклад, у нядзелю на ўсю сталіцу іх паступіла толькі 9).

Асноўная нагрузка — на тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва. У ТЦСАНе Заводскага раёна расказваюць, што апроч рэкламы ў СМІ, яны самі абзвоньваюць пажылых. Кантакты тых, хто не мае блізкіх родных ці жыве адзін, ёсць у спецыяльнай базе. Дапамогу прапануюць нават тым, чые дзеці жывуць у іншым раёне горада.

«Некаторыя дзеці такіх бацькоў самі тэлефануюць нам, каб разведаць абстаноўку. Заявак няшмат, таму спраўляемся пакуль сіламі сацыяльных работнікаў. Многіх пажылых мы і так абслугоўваем на рэгулярнай аснове. Калі чалавек тэлефануе нам, удакладняем, як хутка яму патрэбна дапамога — у гэты ж дзень ці на наступны. Ёсць пэўныя правілы: мы ходзім толькі ў бліжэйшыя крамы і аптэкі, каб эканоміць час», — кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Алена Іванова.

З усімі пажылымі сацработнікі складаюць распіску: хто, колькі грошай узялі, колькі патрацілі. Бяруць толькі наяўныя, пасля пакупак прыкладаюць усе чэкі.

«Падумалі, што так людзям спакайней будзе, усё ж такі чужы чалавек да іх прыходзіць», — тлумачыць Алена Іванова.

Сёння ў цэнтра толькі адна заяўка. Разам з сацыяльнай супрацоўніцай Вольга Кісялёвай ідзём да бабулі, якой патрэбны прадукты і таблеткі.

Перад уваходам у кватэру Вольга надзявае медыцынскую маску і насоўвае бахілы. Рукі апрацоўвае антысептыкам.

Дзверы адчыняе Ганна Якаўлеўна. Яна ўжо падрыхтавала спіс: малако, кефір, запалкі, смятана, печыва, сардэлькі, курыны супавы набор. У пакеціку перадае грошы. Расказвае, што звычайна сама замаўляе «Е-дастаўку», але цяпер там такі наплыў ахвотных, што не спраўляюцца. Ганна Якаўлеўна ў свае 78 наогул жанчына сучасная: умее карыстацца ноўтбукам і інтэрнэтам, глядзіць оперу падчас самаізаляцыі, носіць стылёвыя красоўкі. 

Сядзець увесь час дома пенсіянерцы нязвыкла. Яна 15 год спявае ў ветэранскім хоры, ездзіць з канцэртамі па розных установах. Але пакуль не да творчасці — канцэрты праз каранавірус адмянілі.

«Кіраўніца хора нам паведамленні разаслала: калі камусьці патрэбны прадукты, пішыце, я дапамагу. І дадала: верце, што хутка запяюць птушкі і мы таксама запяём».

Дачка пенсіянеркі жыве ў Піцеры. Клікала і маці да сябе, але тая не хоча пераязджаць.

Ганна Якаўлеўна расказвае, як умацоўвае здароўе:

«У мяне ж праблема з каленямі, дык я раблю зарадку — гляджу практыкаванні па інтэрнэце. Пачынаю худзець. А ем натуральныя прадукты — бульбу, моркву, буракі. Мы ж людзі не разбалаваныя»

Пакуль ідзём з Вольгай у краму, абмяркоўваем каранавірус. Жанчына кажа, што ў паніку не ўпадае — здароўе ў яе моцнае. Але дзяцей-школьнікаў пакуль пакінула дома. Вучобе гэта ніяк не замінае: дамашняе заданне, якое Вольга даведваецца праз бацькоўскі чат, дзеці і так робяць.

«Школу малодшага часткова на каранцін закрылі праз ВРВІ, так што лепш дома няхай пабудуць. Яны ў мяне самастойныя. Малодшаму — 9 год, але ён сам можа сабе і макарону адварыць, і курыцу ў духоўцы запячы».

Сацыяльным работнікам Вольга працуе другі год. Дагэтуль была спецыялістам па продажах, але праз тое, што дзіця часта хварэе, вымушана была змяніць работу. Сёння ў яе, апроч гэтай пазапланавай дастаўкі, яшчэ шэсць візітаў.

Вольга перажывае: што насамрэч хвалюе, дык гэта эканоміка.

«У нашай краіны няма такой падушкі бяспекі, як у Еўропы. У мяне сябра ў Баварыі працуе на зводзе БМВ. Іх на месяц адправілі ў адпачынак і на гэты час плацяць 65% ад заробку. А ў нас, напэўна, многія застануцца без працы».

Спіс пакупак тым часам амаль закрыты. Не знайшлі толькі безбялковы хлеб — у бліжэйшых гіпермаркетах яго не аказалася на прылаўках.

Заносім пакеты і рэшту Ганне Якаўлеўне. На развітанне пытаемся, ці сочыць яна за навінамі пра каранавірус (аказалася, чытае «Беларускі партызан»).

«Я да гэтага стаўлюся па-філасофску. Берагчыся, вядома, трэба. Тут ужо ўзнікае грамадзянская адказнасць.

Я засталася дома не таму, што не магу пайсці. Я б ужо дапаўзла на сваю краму… Эпідэмія пройдзе, але адносіны людзей зменяцца. Раней жа толькі пра грошы думалі, а цяпер іншае цаніць пачнуць. Ну і эканоміка пойдзе па іншым шляху», — захоўвае аптымізм пенсіянерка.

***
Заяўкі на дастаўкі прадуктаў і лекаў для пажылых у Мінску прымаюцца па тэлефонах (017) 317-32-32, (029) 367-32-32.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі5

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам4

Іранскія шахеды прыляцелі ў Азербайджан — адзін упаў каля школы, другі выбухнуў на тэрыторыі аэрапорта11

Нявеста адправіла жаніха перад вяселлем на псіхіятрычную экспертызу7

«Пра страту $78 000 я б моцна перажывала». Беларуска своечасова адмовілася ад купляння кватэры3

«Увечары тэлефануе лекар з паліклінікі і распавядае вынікі аналізаў — гэта проста шок!» Беларусы распавялі пра медыцыну ў Літве13

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»10

Праезд у мінскай маршрутцы, што меўся падаражэць да пяці рублёў, будзе каштаваць меней

Выйшаў серыял «Малады Шэрлак» ад Гая Рычы

Мінсувязі распавяло, дзе ў Беларусі паскорыўся інтэрнэт, а дзе прыйдзецца пачакаць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі5

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць