Культура55

Другі Бабруйск

Тэль-Авіву — 100 гадоў. Як грамадзянін БНР спрычыніўся да таго, што гэты горад зрабіўся адным з найвядомых міжземнаморскіх курортаў, піша Павал Касцюкевіч.

Калі вы ў прысутнасці ізраільцяніна ўжо паспелі па старой савецкай завядзёнцы рэкнуць, што сталіца Ізраілю Тэль-Авіў, а не Ерусалім (чым абавязкова пакрыўдзілі суразмоўца), дык сітуацыю можна выправіць, дадаўшы, што вы мелі на ўвазе сталіцу начнога жыцця і адпачынку.

Гэта святая праўда. Тамтэйшыя бары і дыскатэкі, гіпермаркеты і буцікі абслугоўваюць наведнікаў ад рана да рана. Часткова ў мэтах самарэкламы, але часткова і заслужана ў Тэль-Авіве культывуюць лозунг «горад без перапынку».

1. Мястэчка Прымор’е

Менавіта тэль-авіўскі бераг мора найбольш надзіць турыстаў, але першапачаткова Тэль-Авіў быў пабудаваны наагул спінай да мора: большасць вулак, дарма што сумежных, напрасткі не выходзіла да вады, і вокны глядзелі ў адваротным накірунку.

Каб трошкі разумець такое непрыняцце тэль-авіўцамі выгоды свайго геаграфічнага становішча, трэба разумець, якія думкі кіравалі габрэйскімі пасяленцамі напачатку ХХ стагоддзя.

Бабруйцы і бярдзічаўцы, якія заснавалі горад, найменш успаміналі пра турыстычныя выгоды: ахопленыя адраджэнскім імпэтам, яны прыехалі на Зямлю Ізраілю будаваць новае жыццё,
адрознае ад свайго еўрапейскага досведу, зусім не маючы на мэце бавіцца ў шэзлонгах ля мора.

Наагул кажучы, на пачатку ХХ стагоддзя горад не быў цэнтрам жыцця для габрэйскіх перасяленцаў: кібуц (сельскагаспадарчы кааператыў) было тое месца, дзе мусіў гадавацца новы габрэй, які ўмее і любіць працаваць на зямлі. У дадатак былыя жыхары беларускіх і сярэднеўкраінскіх мястэчак, роўнааддаленых ад усіх мораў, дык наагул не ведалі, як трэба з тым морам абыходзіцца і будавалі першыя кварталы Тэль-Авіва на свой, местачковы, капыл.

2. Ах, Тэль-Авіў, жамчужына ля мора!

Адзін з першых, хто спрычыніўся, каб Тэль-Авіў зрабіўся курортам, быў былы вучань валожынскай ешывы, нацыянальны габрэйскі паэт Хаім Нахман Бялік.

У Тэль-Авіў ён прыбыў у 1924 г. пасля сваіх колькігадовых бадзянняў па свеце.

Дарэчы, у 1921 Хаім-Нахман Бялік звяртаўся да ўладаў Беларускай Народнай Рэспублікі, каб яны паспрыялі выезду ягонай сям’і з Турцыі: дзеля гэтага ён нават атрымаў бэнээраўскае грамадзянства.

У Тэль-Авіве Бяліка апанавала дваістае пачуццё. З аднаго боку яго захапіў урачысты прыём, дзе тэльавіўцы яго ўважалі за нацыянальнага паэта і нават пасялілі на вуліцы імя яго самаго. Але ў нязграбным гарадку Бялік, вялікі аматар багемных зборняў, не знайшоў ніводнай прыстойнай кавярні.

Захаваўся публіцыстычны артыкул Бяліка, дзе ён гнеўна ганьбіць Тэль-Авіў. «У горадзе няма прамых вуліц, доўгіх праспектаў, якімі зазвычай ганарацца іншыя гарады, — пісаў Бялік. — Да таго ж, ёсць вялікая загана: з многіх вулак не відаць мора».

Далей Бялік параўнаў вітрыны тэльавіўскіх крамаў з вітрынамі «маленькага польскага мястэчка», якія былі на ягоную думку «вынікам безгустоўнасці работнікаў крамы, якія ставяць на вітрыны ўсё-усялякае, без хоць якога эстэтычнага пачуцця».

«Найвялікшай трагедыяй» у сваім артыкуле Бялік назваў адсутнасць у Тэль-Авіве сквераў.

Мэтафарычна, як усякі паэт, Бялік выказаўся пра адсутнасць азелянення: «Якая ж гаротная тая жанчына, якая ўжо ў маладосці губляе свае валасы». І хай вас не бянтэжыць, што Бялік параўноўвае Тэль-Авіў з кабетай -

на іўрыце слова «Тэль-Авіў» — жаночага роду.

Далей Бялік ставіць перад тэльавіўцамі прыклад паўднёвай прыгажуні, Адэсы:

з мноствам бульвараў і ўтульных сквераў, дзе дамы стаяць на даволі вялікай адлегласці адзін ад аднаго. Рэч у тым, што кінуўшы валожынскую ешыву, Бялік большасць свайго дарослага жыцця пражыў у «жамчужыне ля мора». І Тэль-Авіў будучыні яму бачыўся падобным менавіта да Адэсы.

З лёгкай рукі Бяліка Тэль-Авіў пачаў мяняцца: да капіявання пацёмкінскіх сходаў справа, праўда, не дайшла, але былі зроблены выхады да мора, усталяваны шапікі, правобразы кавярняў, дзе можна было купіць газету і замовіць кавы. З’явіліся бульвары на адэскі манер.

Пасля 1921 года было пабудаванае першае казіно і дзеля яго галоўная вуліца Аленбі была паступова перанакіравана ў бок мора.

У 1924 адчыніўся першы пляж з душавымі. Пачаліся садзіць платаны на датуль амаль шэрых алеях. У 1936 з’явіўся порт, а ў 40-х месца ўздоўж пляжу месца для шпацыру.

Нам цяперашнім, можа падасца, што адзін паэт не здольны памяняць аблічча гораду, але не забываемся, што для габрэйскіх пасяленцаў Бялік быў маральны аўтарытэт і меў вялікі ўплыў на габрэйскую супольнасць і ў шмат якіх іншых сферах жыцця.

У дадатак на пачатку ХХ стагоддзя, часу нацыянальнага абуджэння, з вядомымі паэтамі раілся не толькі ў літаратурных пытаннях. Па-трэцяе, не забудзем іншых уплывовых ураджэнцаў Адэсы, што тады жылі ў Тэль-Авіве: Мэіра Дызэнгофа, першага мэра, вядомага палітыка Уладзіміра Жабатынскага — усе яны таксама часцяком публічна прызнаваліся ў сваім замілаванні да Адэсы і яе архітэктуры.

3. Маленькі Берлін...

З 30-х гадоў пачаўся нямецкі перыяд у жыцці гораду — прыехала вялікая хваля эміграцыі з Нямеччыны. Пакручасныя вулкі былі выпрастаныя, а архітэктары, выхадцы з Германіі, пачалі будаваць дамы ў мадэрновым стылі «Баўхаўс» і канструктывізму.

Да 20-х гадоў у Тэль-Авіве працавалі толькі арабскія кавярні. Неўзабаве ўздоўж галоўных вуліц і бульвара Ротшыльда адчыніліся звыклыя еўрапейскаму воку, з машынамі для гатавання эспрэса і барнай стойкай, кафэ, ці як тады неўхвальна казалі мясцовыя сацыялісты і камуністы, у «буржуазным стылі». Пакідаючы пустыні і багны Блізкага Ўсходу знадворку, пад іх дашачкі прыходзілі Абрагам Шлёнскі, Аляксандар Пэн і ўласна, Бялік, а таксама іх шанавальнікі ці проста гарадскія абібокі. Пачаліся заўсёдная багемная медытацыі з цыгарэтай у адной руцэ і з кубачкам сто разоў астылай кавы ў другой. Тэль-авіўскія кавярні пакрысе зрабіліся цэнтрам жыцця: тут віравалі плёткі і скандалы, пераказваліся палітычныя навіны, а таксама прымаліся а важныя рашэнні.

4. ... і Нью-Ёрк

Цяпер у Тэль-Авіве вядзецца збольшага, як прадказваў Бялік. З аднаго боку, горад па-ранейшаму пакутуе на невыводную, неймаверную цеснасць: заціснуты з усіх бакоў гарадамі-спадарожнікамі, горад расце толькі за кошт ушчыльнення насельніцтва.

У адной гумарыстычнай ізраільскай перадачы распавядаецца пра жыццё трох тэль-авіўскіх студэнтаў, якія здымаюць адну кухню на траіх, кладучыся спаць у кухонных шкафчыках і ў лядоўні.

У дададак тэль-авіўцы мусяць змірыцца, што іх горад не самы чысты сярод ізраільскіх гарадоў. Але з іншага боку, Тэль-Авіў зрабіўся вядомым курортам, слушным месцам для пакупкі моднай вопраткі, ювелірных вырабаў і далікатэсаў. Горадам заканадаўцам тэатральнай моды. Тысячы турыстаў шпацыруюць па вуліцах, якія носяць імёны «адэскіх мудрацоў»: Бяліка, Жабатынскага і Дызенгофа.

У іўрыце нават з’явіўся дзеяслоў «легіздангеф» — перакласці на беларускую можна як «прадэзінгофіцца»,

няспешна прайсціся па вуліцы Дызенгоф, зазіраючы ў вітрыны, сябе паказаць і людзей паглядзець.

Цяпер цэнтр Тэль-Авіва параўноўваюць з цэнтрам Нью-Ёрку: ён наводнены непрызнанымі геніямі: акторамі-пачаткоўцамі і канцэптуальнымі мастакамі, што ўвечары працуюць афіцыянтамі, абслугоўваючы больш паспяховых сваіх калегаў, каб удзень схадзіць на праслухвоўванне або ў мастацкую майстроўню, цярпліва чакаючы свайго шанца праславіцца. Як толькі ні называюць самі сабе насельнікі тэльавіўскіх кавярняў: «Пакаленне Капульскі» (паводле вядомага кавярні, дзе ўпадабалі бірацца літаратары), «пакаленне эспрэса». А сваё багемнае, адарванае ад блізкаўсходняй рэчаіснасці існаванне ў Тэль-Авіве самі ж мастакі і літаратары параўноўваюць з булдырком паветра, у які не пратачаецца трывожная рэальнасць, але разам з тым, той булдырок — з тонкімі сценкамі.

5. Ахвяры іміджу: «Белавія» і сэкс-шопы

А яшчэ Тэль-Авіў — сталіца начнога жыцця: шматлікія дыскатэкі і клубы.
У канцы 90-х да росквіту тэль-авіўскіх гей-клубаў прыклалася транссэксуалка Дана Інтэрнэшнл, што перамагла на «Еўрабачанні». Ад іміджу начной сталіцы Ізраілю пацярпела нават беларуская авіякампанія «Белавія». У канцы 90-х артадаксальны габрэй, пэўна, не вытрымаўшы лішка колькасці сэкс-шопаў і дыскатэк на душу гарадскога насельніцтва, шпурнуў бутэльку з кактэйлем Молатава ў вітрыну сэкс-шопу на вуліцы Бэн-Егуда. Агонь шпарка пашырыўся ды з’еў прылеглыя крамы і офісы, у тым ліку тэльавіўскае прадстаўніцтва «Белавія», якое месцілася непадалёк.

Паводле газеты «Ідыёт Ахранот», Тэль-Авіў зрабіўся горадам з «перадазіроўкай культуры і мастацтва», цынічным, хоць не зласмешным мегаполісам, што самастойна прыклаўся да стварэння ўласнага міфу і іміджу. Гэтае места, якое заўсёды хацела выглядаць «не раўнуючы як замежны горад»: як Адэса, як Берлін, як Нью-Ёрк, і, можа, таму якраз дзякуючы гэтаму для любога замежніка яно цяпер выглядае адметна і непаўторна, «не раўнуючы як Тэль-Авіў».

П. С. Згубныя чары Тэль-Авіва прымусілі трохі загаварыцца нават ізраільскага прэзідэнта, Шымона Перэса. 4 красавіка перад публікай, якая сабралася святкаваць100-гадовы юбілей Тель-Авіва, прэзідэнт сказаў літаральна наступнае: «хоць сталеў я ў Ерусаліме, але рос у Тэль-Авіве».

Мы ж ведаем, у якім Тэль-Авіве рос Шымон Перэс: у тым Тэль-Авіве, што знаходзіцца ў Менскай вобласці Валожынскага раёну і які называецца мястэчка Вішнева.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра9

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі12

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

Статкевіч пра невядомае з падзей 2020 года і высновы з іх: Новую ўладу сфармуюць не тыя, хто эміграваў, а тыя, хто прыбярэ старую40

Масіраваная атака дронаў на Ленінградскую вобласць: пажар у порце і калапс у Пулкаве2

Ізраільскія пасяленцы напалі на палесцінскія вёскі на Заходнім беразе. Гэта адбылося пасля гібелі яўрэйскага падлетка11

У Нью-Ёрку самалёт Air Canada сутыкнуўся з пажарнай машынай на ўзлётна-пасадачнай паласе

У Гомелі знясуць даваенны Дом сувязі — замінае пашырыць вуліцу, якая ў гэтым месцы і так мае восем палос1

У цэнтры Мінска п'яны кіроўца пратараніў слуп

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра9

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць