Гісторыя

«Чуеш крок загонаў? Крочаць міліёны». Як Караткевіч напісаў верш на музыку паланэза Агінскага 

Мала хто ведае, што свой верш на музыку паланэза Агінскага напісаў і вялікі Уладзімір Караткевіч. Той тэкст амаль забыты, але які ж ён актуальны! Піша Валянціна Андрэева.

Тэкст на гэтую мелодыю замовіў Караткевічу хор горада Смаргонь да 200-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага — гэта значыць, у 1965 годзе.

Цікавасць смаргонцаў менавіта да Агінскага тлумачылася вельмі проста: ён быў іх земляком, бо меў радавую сядзібу ў Залессі цяперашняга Смаргонскага раёна.

Тое, што вырашана было звярнуцца менавіта да Караткевіча, таксама было, відаць, невыпадковым: усё ж такі гістарычная тэматыка была «спецыялітэтам» любімага народам аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» і іншых папулярных твораў (вялікі артыкул Андрэя Скурко пра Уладзіміра Караткевіча чытайце ў №12/2019 «Нашай гісторыі»).

Працаваў над тэкстам Караткевіч з характэрнай для сябе заўзятасцю.

Ён пастанавіў для сябе пісаць тэкст, слухаючы музыку. А паўстагоддзя таму гэта было зусім не так проста, як цяпер, калі досыць адкрыць YouTube. Нават прайгравальнік для пласцінак быў тады не ў кожным доме.

Каб найграваць сабе паланэз, Караткевіч ездзіў да свайго сябра Язэпа Хаўратовіча, што жыў каля цяперашняй плошчы Незалежнасці, на Савецкай.

Уладзімір Караткевіч і Лявон Баразна на кухні той самай кватэры Язэпа Хаўратовіча на Савецкай. Фота з кнігі ўспамінаў пра Лявона Баразну «Як рыцар у кальчузе», якая цяпер рыхтуецца да друку ў выдавецтве «Тэхналогія».

Хаўратовіч вядомы як гісторык, які ў той час працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ (так званым Гістпарце), а пасля амаль 30 гадоў аддаў працы ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», стаў адным з ягоных твараў. З Караткевічам ён пазнаёміўся праз добрага сябра апошняга, мастака Лявона Баразну, які ў 1972 годзе трагічна загінуў пры да сёння не высветленых абставінах. Ёсць цалкам верагодная версія, што да гэтага прыклалі руку супрацоўнікі КГБ, якім Баразна муляў вочы сваёй актыўнай грамадскай і нацыянальнай пазіцыяй. З Лявонам Язэп Хаўратовіч быў знаёмы і сябраваў з дзяцінства, бо яны былі землякамі і аднагодкамі. А пасля пасябраваў і з ягоным сябрам Валодзем Караткевічам.

У Хаўратовіча была спецыяльная прыстаўка да тэлевізара, што прайгравала пласцінкі. Але ж як ты будзеш пісаць, калі ў кватэры чужыя? Таму пісьменнік прыходзіў на Савецкую дом 14, кватэра 12, пакуль Хаўратовічы былі на працы. Ключ гаспадары адмыслова пакідалі пад каберцам, тады людзі масава так рабілі.

Язэп Хаўратовіч у 2020 годзе. Фота Валянціны Андрэевай.

Пасля такіх візітаў гаспадары знаходзілі побач з ключом запіскі накшталт такой:

«Паважаныя Ніна і Язэп!

Урэшце та адарваўся ад спраў і знайшоў час прыйсці і слухаць. Слухаў сто разоў, і калі мне спачатку здавалася, што я нешта разумею, то ў канцы другой гадзіны я запэўніўся, што я варты жалю графаман з вухам, на якое яшчэ ў дзяцінстве наступіў адзін з вучняў Смаргонскай акадэміі, той самай, для якой патрэбен паланэз. (Во стыль! Во нямецкі сказ!) Аднак нічога, слухаць больш не спатрэбіцца. Залаты ключык загарну ў паперу (нібыта ліст) і закіну ў паштовую скрынку, бо, можа, ён вам патрэбен. Зачыніў бы дзверы проста, ды ў вас замок не такі. Шчыры дзякуй за ўсё. Неяк ужо з Лявонам [Баразной] зойдзем да вас. Пайду дахаты. Буду пісаць смаргонскі нацыянальны гімн.

Увесь Ваш Ул. Караткевіч.

P. S. Яшчэ раз прабачце за ўварванне».

Гэты ліст і чарнавікі, дзе адлюстраваліся мукі творчасці класіка, Язэп Хаўратовіч захаваў. А верш у Караткевіча ў выніку атрымаўся магутны.

Адзін з караткевіцкіх чарнавікоў тэксту да паланэза Агінскага. З архіва Язэпа Хаўратовіча.

Нават чарнавыя варыянты часам гучаць прароча. Вось як гэты:

«Чуеш крок загонаў?
Крочаць міліёны.
Прыйдзем мы яшчэ змагацца за цябе, свабода,
Як Кастусь вялікі супраць цёмных зграй…
Проці ўсіх імперый і карон
Народ пакліча волі звон
І ў бітве пераможа ён…»

Каментары

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

«Так людзі і жывуць»: шакавальныя кадры з гомельскага інтэрната10

Кіеўскі суд падоўжыў арышт Іны Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы на КДБ. Яна паскардзілася на ўмовы ўтрымання4

Адну з жанчын па справе «дваровых чатаў» асудзілі на 10 гадоў6

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка11

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць