Прэс-сакратар Белага дома абвясціла, што санкцыі будуць накладзеныя на дзевяць беларускіх дзяржкампаній, не ўдакладніўшы, на якія менавіта. Вашынгтон таксама рыхтуе адрасныя санкцыі супраць ключавых фігур рэжыму, піша DW.
Пасля прымусовай пасадкі ў Мінску пасажырскага самалёта Ryanair адміністрацыя ЗША абвясціла аб аднаўленні з 3 чэрвеня санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх дзяржкампаній. Акрамя таго, па ўзгадненні з ЕС і іншымі партнёрамі будуць падрыхтаваныя адрасныя санкцыі супраць «ключавых фігур рэжыму» беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, заявіла ўвечары ў пятніцу, 28 мая, прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі.
Паводле яе слоў, будзе таксама падрыхтаваны прававы дакумент з тым, каб прэзідэнт ЗША атрымаў больш магчымасцяў для ўвядзення штрафных мер.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША выпусціў перасцярогу для паездак у Беларусь, а Федэральнае ўпраўленне цывільнай авіяцыі ЗША (FAA) папярэдзіла авіякампаніі аб неабходнасці праяўляць «крайнюю асцярожнасць» пры палётах над Беларуссю. ЗША заклікаюць Лукашэнку дазволіць правядзенне годнага даверу міжнароднага расследавання інцыдэнту з самалётам Ryanair. Разам з тым Псакі настойвае на вызваленні ўсіх палітвязняў і пачатку сур'ёзнага дыялогу з апазіцыяй, у выніку якога пад міжнародным наглядам павінны быць праведзеныя сумленныя і свабодныя прэзідэнцкія выбары.
Белы дом не назваў падрабязнасцяў санкцый супраць дзевяці дзяржкампаній, незразумела ў тым ліку, якія менавіта прадпрыемствы патрапяць пад штрафныя меры, першапачаткова ўведзеныя супраць рэжыму ў Мінску ў 2006 годзе.
Каментары