Гісторыя

«Усе варыянты генплана прадугледжваюць поўны знос Старога горада». Калі ўлады задумалі знішчыць цэнтр Мінска

Доктар гісторыі Сяргей Абламейка напісаў даследаванне «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення» (выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды»). У ім ён упершыню расказаў, як паўтара дзясятка вуліц і завулкаў, шчыльна забудаваных мураванымі дамамі на Замкавай гары і яе ваколіцах, зніклі без следу.

Для Сяргея Абламейкі гэта вельмі асабістая кніга.

«Маё дзяцінства, прынамсі яго значная частка, прайшло ў рэшце Старога горада — пераважна на Нямізе, дзе жылі бабуліны сяброўкі, да якіх мы часта хадзілі ў госці, і ва ўсім Ракаўскім прадмесці з мноствам яго брукаваных вулак і завулкаў (…).

Гэта быў наш раён, наш горад, наша асяроддзе. Старая Няміга з яе аркамі, унутранымі дворыкамі і драўлянымі галерэямі на першых і другіх паверхах заўсёды, як жывая, стаіць перад вачыма.

Я памятаю яе гукі, пахі і смак габрэйскіх булачак бэйгелах, якія пяклі бабуліны сяброўкі ў маленькіх кватэрках, што вокнамі выходзілі на тыя драўляныя ўнутраныя галерэі».

У дзяцінстве Абламейка стаў сведкам зносу Нямігі.

«Мы прыходзілі туды шмат дзён і глядзелі, як гусенічны кран з падвешанай на страле чыгуннай «бабай» знішчае старажытныя дамы на левым, няцотным баку вуліцы, (…).

«Баба» глуха і вусцішна стукалася аб старыя сцены, яны дрыжэлі, стагналі, вытрымлівалі адзін-два ўдары, пасля пачыналі адломвацца вялікімі кавалкамі і ўрэшце абрыналіся, узняўшы хмары белага пылу».

У другой палове 1980-х Абламейка — разам з іншымі ўдзельнікамі моладзевага аб’яднання «Талака» — бараніў рэшту гістарычнага Мінска. А ў сярэдзіне нулявых вырашыў напісаць гісторыю разбурэння Старога горада з самага пачатку: з 1920-х гадоў.

«Інакш наступныя пакаленні мінчукоў пачнуць успрымаць вынікі правінцыйнага варварства «Мінскай спадчыны» як сапраўднае аблічча Старога Мінску», —

тлумачыў ён сваю матывацыю.

Абламейка сутыкнуўся з тым, што спецыяльных навуковых даследаванняў, прысвечаных разбурэнню Мінска, не было. Ён паўтара дзесяцігоддзі працаваў у архівах і размаўляў са старажыламі. Яго выснова:

«Усе варыянты даваеннага генплана Мінску прадугледжваюць поўны знос Старога горада, скопванне Замкавай гары і пракладку праз яе тэрыторыю Паркавай магістралі ў бок будучага Парку культуры і адпачынку».

Калі ўдавацца ў дэталі, дык у 1920-я гады грамадскасць распрацавала план аднаўлення і захавання Старога горада і Замчышча. Але ўжо ў 1926-м улады пачалі распрацоўкі пяцігадовага плану «упарадкавання» Мінска, які стаў альтэрнатывай першаму.

У 1927-м пачаліся зносы першых дамоў. А ў наступным годзе на месцы старажытнага Замчышча вырашылі пасадзіць парк і выкапаць возера на Татарскіх агародах. На шчасце, перашкодзіў недахоп сродкаў.

Зносы асобных будынкаў працягваліся ў 1920-я і 1930-я гады. А ў кабінетах працягвалася складанне планаў. Вось што сцвярджалася ў «Генеральнай схеме планіроўкі Мінска» (1940 год):

«З ліквідацыяй раёна Нямігі намячаецца бульвар шырынёй у 125 метраў на працягу восяў вуліц Ленінскай і Энгельса да пляцоўкі, дзе разыходзяцца кірункі на Вільнюс (…). Гэты цэнтральны бульвар адкрывае з Плошчы Свабоды вялікія прасторы і дае магчымасць бачыць будучы ансамбль плошчы Парыжскай Камуны, (…), будучы стадыён і возера».

Гэтымі ж планамі натхняліся беларускія архітэктары і ў 1970-я гады.

Першае частка даследавання, якое напісаў Абламейка, даведзена да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пазней выйдзе другая кніга, у якой аўтар раскажа пра частковае разбурэнне Старога горада падчас Другой сусветнай вайны і яго канчатковы знос падчас пасляваеннай рэканструкцыі Мінску. Таксама ў другой кнізе пойдзе гаворка пра апошнія спробы ўратаваць мінскае Замчышча ў 1950-я гады.

«Што ж рабілася б з беларускай моладдзю, каб увесь Стары горад з яго вуліцамі і завулкамі захаваўся? А калі б дадаць да яго яшчэ і нязнішчаны Верхні горад?», — задае пытанне Абламейка.

«Няма сумневу: гісторыя Беларусі ў другой палове ХХ стагоддзя была б іншай, шмат якіх палітычных падзеяў проста не адбылося б. Народ, які мае такі Стары горад, іх бы не дапусціў».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла 32‑гадовая дызайнерка Вольга Шаўцова — амаль палову свайго жыцця яна змагалася з анкалогіяй5

Новы канфлікт вакол «Пагоні». Літоўцы вінавацяць беларускі футбольны клуб у крадзяжы іх сімволікі72

У Ваўкавыскім раёне жыхарку вёскі аштрафавалі за вялікую колькасць катоў. Але юрыстка дапамагла адбіцца3

Пасля жудаснай аварыі ў Светлагорскім раёне шпіталізавалі восем чалавек

Плануюць аб'яднаць беларускую «Е-Паслугу» і расійскія «Госуслуги»12

Венесуэльская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру прысвяціла яе свайму народу і Дональду Трампу5

У Еўрасаюзе набылі моц новыя правілы палітычнай рэкламы. Яны павінны ўскладніць знешняе ўмяшанне ў выбары

Найбуйнейшы нафтавы тэрмінал Крыма пасля атакі дрона гарыць пятыя суткі1

Шэсць чалавек загінулі ў Светлагорскім раёне пры аварыі маршруткі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць