На былую рэдактарку БТ Луцкіну завялі яшчэ адну крымінальную справу. Восем месяцаў яна за кратамі
Учора, 19 жніўня, на свабоду выйшлі чатыры фігуранты справы «Прэс-клуба», іх абвінавачвалі ў нясплаце падаткаў. За кратамі застаюцца былыя супрацоўнікі БТ — рэдактар Ксенія Луцкіна і аператар Дзяніс Сакалоўскі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. Заснавальніца «Прэс-клуба» Юлія Слуцкая паведаміла, што на Ксенію завялі яшчэ адну крымінальную справу.

«На ўсіх допытах мы заўсёды казалі, што Ксенія і яе аператар не маюць ніякага дачынення да дзейнасці «Прэс-клуба», — адзначае ў інтэрв’ю заснавальніца праекта Юлія Слуцкая. — Ксенія адзін раз удзельнічала ў хакатоне, які праводзіў «Прэс-клуб», і яе праект быў у ліку пераможцаў. Я бачыла яе ўсяго адзін раз у «Прэс-клубе» і тое мімаходзь. Другі раз убачыла яе ўжо ў Следчым камітэце. Не ведаю, ці прапаноўвалі ёй напісаць прашэнне (аб памілаванні — НН). Мне вядома, што цяпер ёй выстаўлена новае абвінавачванне па іншым артыкуле».
Ксенія Луцкіна 15 гадоў аддала дзяржаўнаму тэлебачанню. Яна звольнілася пасля выбараў і збіралася ствараць альтэрнатыўны канал, калі яе затрымалі. Пакуль Ксенія восьмы месяц у СІЗА, без яе сумуе маленькі сын, бацькі непакояцца за здароўе дачкі.
Таксама за кратамі застаецца былы аператар БТ Дзяніс Сакалоўскі, шосты фігурант справы «Прэс-клуба».
Цяпер, калі вызвалілі чацвярых, судзіць будуць толькі Луцкіну і Сакалоўскага. Дзяніс сышоў з БТ пасля выбараў, быў нязгодны з палітыкай тэлекампаніі.
«Я на свае вочы бачыў, колькі было ў скрыні бюлетэняў, складзеных гармонікам (штаб Ціханоўскай заклікаў сваіх выбарцаў так рабіць — НН). І калі потым абвесцілі такія непраўдападобныя вынікі — гэта вельмі абурыла. Збіццё ўдзельнікаў пратэсту стала апошняй кропляй — а мы (на БТ — НН) пры гэтым можам паказваць толькі пацярпелых супрацоўнікаў МУС. І ні слова пра траўмаваных і загінулых падчас мірнай дэманстрацыі», — казаў Дзяніс у інтэрв’ю.
Каментары