У чацвер у Мар'інай Горцы мясцовы зоаабаронца Юрый Валько выйшаў на цэнтральную плошчу перад райвыканкамам разам з 50 сабакамі са свайго прытулку.

На яго думку, улада перастала спрыяць нармальнай працы прытулку. Прычым раніцай 9 верасня, пакуль Юрыя не было на месцы, частку сабак павезлі на Гурскага, паведамляе Onliner.by.
Юрый Валько — адзін з самых вядомых раённых лідараў па абароне бяздомных сабак. У Пухавіцкім раёне нават склалася неафіцыйная дамова: мясцовая ўлада перыядычна аказвае дапамогу прытулку, а Валько рэагуе на званкі ЖКГ і забірае новых сабак сабе. У школах на ўроках працы рабілі будкі для сабак. І так прыкладна 14 гадоў.
Аднак у апошнія тыдні ЖКГ стала замарожваць працэс рэгістрацыі сабак, у чацвер Юрыя запрасілі на размову. Адначасова ў прытулак прыехала машына і забрала каля 30 сабак, каб адвезці на Гурскага, распавялі валанцёры.
Яны звязваюць ціск на Валько з агульным ціскам на грамадскія арганізацыі ў Беларусі.
Даведаўшыся пра ранішняе здарэнне, Юрый узяў 50 сабак і пайшоў на плошчу пешшу. Ён спыніўся перад будынкам выканкама і стаў звяртацца да чыноўнікаў. Вакол пачалі збірацца людзі. Хутка з'явілася міліцыя, Валько затрымалі і адвезлі ў РАУС.
Намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Дзяніс Шырокі пракаментаваў падзеі наступным чынам: «Які канфлікт? Няма ніякіх канфліктаў, аб чым вы кажаце? І ў райвыканкама няма. Чаму чалавек выйшаў на плошчу, трэба спытаць у чалавека».
Каментары