Хто зможа двойчы зрабіць ЭКА бясплатна? Расказаў міністр аховы здароўя
Указ хутка будзе падрыхтаваны. Уводзіцца некалькі змен.

Праект указа, які дазволіць рабіць другую спробу ЭКА (экстракарпаральнага апладнення) бясплатна, будзе дапрацаваны на працягу 10‑14 дзён. Пра гэта паведаміў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Міністр адзначыў, што абноўлены ўказ дасць «максімальную шырыню магчымасці прымянення працэдуры да тых уразлівых катэгорый жанчын, якія на сёння не змаглі яшчэ рэалізаваць па нейкіх прычынах сваю дзетародную функцыю».
Што будзе ва ўказе? Уводзіцца другая бясплатная спроба ЭКА — не толькі для замужніх, але і адзінокіх жанчын. Таксама плануюць павялічыць узрост для другой спробы да 49 гадоў (першае бясплатнае ЭКА цяпер дазволена да 40 гадоў).
«Другая спроба ЭКА да 49 гадоў будзе прапанаваная тым жанчынам, якія змаглі скарыстацца першай спробай і атрымаць вынік — нарадзіць. Пасля 40 гадоў выніковасць дадзенай працэдуры падае. Таму важна, каб да 40 гадоў нашы пары, адзінокія жанчыны, усвядоміўшы патрэбу ў мацярынстве, змаглі першую спробу выкарыстоўваць і атрымаць вынік», — патлумачыў міністр.
Першая бясплатная спроба ЭКА ў Беларусі ўведзена з 2021 года. Па гэтай праграме бясплатнага ЭКА нарадзілася каля 2,5 тысячы дзяцей.
На такія меры ўлады штурхае падзенне нараджальнасці ў краіне. Так, за апошні год нараджальнасць зменшылася яшчэ на 10,7%, а каэфіцыент нараджальнасці за 2025 год, верагодна, складзе 5,75‰.
Каментары
- Ты, бацька, ціпа за традыцыйныя каштоўнасці, а прэс-сакратарка ў цябе бяздзетная ў 42. Гіў піс э чэнс. Пра Ваньку ты і так ведаеш... А за свае яна ЭКА рабіць адмаўляецца, хай беларусікі аплоцяць.
- Ну, ладна, угаварыла, пішы мой царскі ўказ: забяспечыць 2-ю бясплатную спробу ЭКА пасля 40. Пункт ДСП: у выпадку бяздзетнасці Наталлі Э. да 01.01.2027, звольніць з дзяржслужбы "за страту даверу" і прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці за здраду дзяржаве.