Затрыманыя журналісты Аляксандр Лычаўка і Сняжана Інанец, імаверна, на Валадарцы
Праз тыдзень пасля затрымання сужэнцаў-журналістаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец іх сябрам удалося даведацца, што, мяркуючы па ўсім, яны знаходзяцца ў сталічным СІЗА №1 на Валадарскага. Ім інкрымінуюць ужо сумна вядомы артыкул Крымінальнага кодэкса за «дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342), піша БАЖ.

Пра затрыманне ў Мінску сужэнцаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец стала вядома 6 кастрычніка. На наступны дзень горшыя падазрэнні адносна таго, што сувязь з імі знікла невыпадкова, пацвердзіліся: у адным з тэлеграм-каналаў, блізкім да ГУБАЗіК з’явілася «пакаяннае відэа». У кадры муж і жонка вымушана кажуць, што, былі падпісаныя на «дэструктыўныя каналы», у жніўні 2020 года ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту.
Сябры затрыманых журналістаў у размове са службай маніторынгу БАЖ падзяліліся, што абодвух вінавацяць паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Санкцыя за «злачынства» прадугледжвае арышт альбо абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў.
Аляксандр Лычаўка супрацоўнічаў з выданнем The Village, захапляўся краязнаўчай журналістыкай. Сняжана Інанец працавала ў рэдакцыі Onliner.
На сёння ў зняволенні знаходзяцца 33 супрацоўнікі медыя.
Каментары