Грамадства77

З цяжкасцю рухаецца, не можа доўга трымаць нават тэлефон. Былая футбольная «зорка» Сяргей Гоцманаў цяжка захварэў

У 2022-м футбольнае мінскае «Дынама» адзначала 40-годдзе перамогі ў чэмпіянаце СССР. Многія гульцы той легендарнай каманды раздавалі інтэрв'ю, у якіх успаміналі трыумф. А вось Сяргей Гоцманаў, які гуляў у «Дынама»-1982 у паўабароне, каментарыяў не даваў, хоць у «залатым» сезоне ён правёў 31 матч і забіў два мячы. Прычына гэтага — у цяжкай хваробе былой «зоркі», піша «Трыбуна».

Апошнія некалькі гадоў пра Гоцманава гавораць толькі яго былыя аднаклубнікі — і прычына таму нярадасная. Міхаіл Вергяенка ў ліпені згадаў, што 63-гадовы экс-футбаліст цяжка хварэе. У снежні Сяргей Алейнікаў адзначыў, што падтрымлівае сувязь з Гоцманавым, але пра падрабязнасцi стану сябра не расказаў.

«Трыбуна» неаднаразова спрабавала звязацца з Гоцманавым, але беспаспяхова. Тым не менш журналістам удалося даведацца, як жыве цяпер былы чэмпіён СССР.

У сярэдзіне 1990-х Гоцманаў, паспеўшы крыху пагуляць у чэмпіянаце Беларусі і нават стаць аўтарам першага гола ў гісторыі толькі што створанай нацыянальнай зборнай нашай краіны, з'ехаў з Беларусі ў ЗША — бо ягонай жонцы Вользе Коваль, прафесійнай гімнастцы, прапанавалі папрацаваць трэнерам у Мінеапалісе.

Сам Сяргей без футбола за акіянам не застаўся: прайшоў прагляд у «мінорнай» «Мінесоце Тандэр» і выступаў за калектыў да 1998 года, атрымліваў па дзве тысячы даляраў у месяц і першы час пасля пераезду адзін забяспечваў сям'ю (клуб, дзе працавала жонка, збанкрутаваў).

У 1998-м Гоцманаў завяршыў кар'еру гульца, але з футбола не пайшоў: працаваў трэнерам у адной з дзіцячых акадэмій, займаўся з групай дзяўчынак 15-16 гадоў. Праўда, заробак быў недастаткова вялікі, таму паралельна з трэніроўкамі Гоцманаў працаваў кіроўцам школьнага аўтобуса, а потым яшчэ і дапамагаў жонцы ў іншай зале ў якасці менеджара.

Сыны Сяргея — Аляксандр і Андрэй — таксама некалькі гадоў прысвяцілі прафесійнаму футболу. Першы ў сярэдзіне 2000-х гуляў за «Каларада Рэпідз» і «Мінесота Тандэр», але з-за траўмы калена быў вымушаны завяршыць кар'еру, а малодшы Андрэй да 2016-га выступаў за некалькі клубаў у Мінесоце.

Ужо даўно не быў у Беларусі, моцна хварэе

Па прызнанні самога Сяргея Гоцманава, ён да пары стараўся прылятаць у Мінск, калі быў вольны час. Экс-футбаліст быў у Беларусі ў 2012 годзе, калі «Дынама» святкавала 30-годдзе перамогі ў чэмпіянаце СССР, пабываў у вёсцы, дзе правёў частку дзяцінства, сустрэўся з сябрамі і экс-аднаклубнікамі. А вось у 2017-м, калі ў Мінску «Дынама» адзначала юбілей, а ветэраны «залатой» каманды гулялі на «Трактары» з легендамі маскоўскага «Спартака», Гоцманава нават не паклікалі.

«Па працы быў заняты. Ды мне і не тэлефанавалі з запрашэннем, разумелі, што сарвацца з Мінесоты куды складаней, чым з Масквы, напрыклад. Плюс дзеці і ўнукі патрабуюць увагі», — тлумачыў тады экс-гулец «бела-блакітных».

Тады ж Гоцманаў распавёў, што па-ранейшаму кіруе школьным аўтобусам, а ўвечары спяшаецца дадому, «павячэраць і да тэлевізара або камп'ютара, навіны пачытаць-паглядзець». Пры гэтым свой узровень англійскай, нягледзячы на доўгія гады ў ЗША, Сяргей ацэньваў як недастаткова добры, таму амерыканскае ТБ не глядзеў. Але і за навінамі з радзімы экс-футбаліст таксама сачыў не надта пільна.

«Ці ведаю, што адбываецца ў Беларусі? Не асаблiва. Ведаю, што грошы памяняліся, што ў краіне так сабе з эканомікай. Калі прыязджаю, бачу, што менш стала ўсмешак. Жыццё цяжэе. Хаця па тэлевізары гляджу: усё цудоўна ў краіне, аказваецца. Усё квітнее і развіваецца», — казаў Гоцманаў у 2017-м.

Гэта было апошняе на дадзены момант вялікае інтэрв'ю чэмпіёна СССР-1982. З таго часу прозвішча Гоцманава з'яўляецца ў СМІ толькі ў настальгічных матэрыялах і згадках ад былых аднаклубнікаў, якія без падрабязнасцяў казалі, што Сяргей цяжка хворы.

Як «Трыбуне» ўдалося даведацца, праблемы Гоцманава са здароўем пачаліся менавіта ў 2017-м. Тады адна рука экс-футбаліста практычна страціла свае функцыянальныя здольнасці — груба кажучы, проста вісела. На працягу наступнага года Гоцманаў здаў яшчэ мацней, а лекары западозрылі хваробу Паркінсона. Гэта дэгенерацыйнае захворванне галаўнога мозгу, пры якім сур'ёзна парушаюцца функцыі руху, пагаршаецца памяць і разумовыя здольнасці — увогуле, чалавеку становіцца вельмі складана існаваць без старонняй дапамогі. Зразумела, на працу прыйшлося забыцца — ды і наогул Сяргей стаў вельмі рэдка выходзіць з хаты.

Па нашых звестках, зараз Гоцманаў з цяжкасцю можа самастойна перасоўвацца — для гэтага нават выкарыстоўваецца інвалідная каляска. Сілы пакінулі экс-футбаліста настолькі, што ён нават не можа доўга трымаць у руках тэлефон. Плюс, паводле розных звестак, пачалі адмаўляць некаторыя ўнутраныя органы, у прыватнасці ныркі.

Натуральна, у такім становішчы не да таго, каб даваць інтэрв'ю, а тым больш прылятаць у Мінск. На радзіме Гоцманаў не быў ужо каля чатырох гадоў. Ну а жонка і сыны, нягледзячы на занятасць на сваіх працах, імкнуцца як мага больш часу аддаваць мужу і бацьку.

Каментары7

  • a.hto.tam.idze
    05.01.2023
    даведка
    Падаецца, вам не дапамагло.
    • даведка
      05.01.2023
      Симптоматика характерна для спортсменов, систематически травмирующих голову (боксёры, футболисты).
  • Улад
    05.01.2023
    даведка,Сяргей Гоцманаў, чалавек невялікага роста, і ягонай "зброяй" былі іншыя футбольныя прыёмчыкі. Калі былі вуглавыя ўдары, ці штрафныя - ён звычайна падаваў мяч. Дрыблінг, хуткі пас - вось тут Гоцманаў быў лепшы.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж40

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж40

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць