У Расіі 77-гадоваму навукоўцу далі 14 гадоў калоніі па справе аб дзяржздрадзе
Анатоля Маслава затрымалі ў ліпені 2022 года і абвінавацілі, верагодна, у перадачы Кітаю сакрэтных звестак.

77-гадовага фізіка Анатоля Маслава прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўлення волі па справе аб дзяржздрадзе. Пракуратура запытвала 17 гадоў калоніі строгага рэжыму, піша «Медуза».
Маслаў працаваў у новасібірскім Інстытуце тэарэтычнай і прыкладной механікі (ІТПМ) Сібірскага аддзялення РАН і вывучаў гіпергук. Навукоўца затрымалі ў ліпені 2022 года і абвінавацілі, верагодна, у перадачы Кітаю сакрэтных звестак.
Яго сын расказваў аб праблемах з сэрцам у бацькі. У лютым 2024 года Маслаў перанёс сардэчны прыступ пад вартай.
У Расіі з 2018 года не менш як 12 вучоных, якія займаліся ў тым ліку гіпергукавой тэматыкай, абвінавацілі ў дзяржздрадзе. Пры гэтым Уладзімір Пуцін шмат разоў казаў у публічных выступах аб расійскай гіпергукавой зброі, «не мае аналагаў у свеце».
З ІТПМ, акрамя Анатоля Маслава, фігурантамі спраў аб дзяржздрадзе сталі яшчэ двое супрацоўнікаў — фізікі Валерый Звегінцаў і Аляксандр Шыплюк.
У снежні 2023 года стала вядома, што суд адправіў пад арышт па абвінавачанні ў дзяржздрадзе дацэнта Томскага політэхнічнага ўніверсітэта, 68-гадовага Уладзіслава Галкіна. Да 2017 года ён таксама працаваў у ІТПМ.
Каментары