Кіно11

«Ерэтык»: у беларускім пракаце ідзе топавы хорар з высокадухоўнымі дыскусіямі

Нядаўна выйшла ўжо знакамітая «Субстанцыя», а цяпер у беларускіх кінатэатрах ідзе «Ерэтык» (Heretic) з Х’ю Грантам. Мы паглядзелі стужку — небанальны фільм жахаў.

Фота: кадр з трэйлеру

Дзве маладыя місіянеркі-мармонкі, сястра Барнс і сястра Пакстан, абыходзяць дамы ў спробе навярнуць як мага больш людзей у сваю веру. Адзін з пунктаў у іх праграме — спадар Рыд, англічанін, які раней выказаў жаданне даведацца пра марманізм падрабязней.

Дзяўчаты прыходзяць да яго дахаты, і Рыд літасціва запрашае іх увайсці. У пакоі пахне чарнічным пірагом, Рыд ветлівы і ўсмешлівы, ён з ахвотай падтрымлівае гутарку пра рэлігію і дэманструе цікаўнасць да духоўнага. Здавалася б, усё цудоўна, вось толькі ў пэўны момант робіцца зразумела: сысці з дому Рыда будзе складаней, чым здавалася місіянеркам, а сам ён — вельмі небяспечны чалавек. Англічанін прапануе дзяўчатам выпрабаваць іх веру, але выбірае для гэтага досыць экзатычныя метады.

Ролю Рыда ўзяў на сябе Х’ю Грант, некалі адзін з галоўных галівудскіх прыгажуноў, які ў апошні час перажывае невялічкі рэнесанс у кар’еры. Вы маглі, напрыклад, бачыць яго ў «Вонку» (Wonka) — стужцы канца 2023-га, дзе Грант сыграў смелую для былога сэкс-сімвала ролю умпа-лумпы, бурклівага карліка з зялёнымі валасамі, у якога скралі какава-бабы.

Цяпер Гранту дасталася роля, дзе ён, у параўнанні з «Вонкам», нарэшце можа праявіць сваю харызму — а мы памятаем яшчэ з часоў кінасагі пра Брыджэт Джонс, што на гэта Грант яшчэ як здольны. Так ён стварае Рыда — абаяльнага злодзея з пераканальнай усмешкай і добрымі зморшчынкамі вакол вачэй, які не адмаўляецца ад гэтай усмешкі нават тады, калі справы ў фільме пераходзяць ад ваколдухоўных спрэчак да кадраў сапраўднага хорару (і такое ў стужцы будзе). 

Фота: кадр з трэйлеру

Але загадка Рыда не толькі ў гэтым. У Гранта атрымаўся герой, які спалучае вонкавы спакой і, здаецца, абсалютную нармальнасць са словамі і дзеяннямі, якія ў іншым выпадку прымусілі б нас сумнявацца ў чалавечай адэкватнасці. Аднак у Рыда гэтыя крокі ў бок шаленства нарастаюць паступова, так што хтосьці з гледачоў, магчыма, знойдзе ў сябе згоду з пэўнымі думкамі эксцэнтрычнага англічаніна. 

У гэтай парадаксальнасці бачны адбітак стылю А24 — кінакампаніі, якая выпусціла «Ерэтыка». А24 вядомая арыгінальнасцю стужак, і лепшыя з іх часта пакідаюць пасля сябе прысмак ды жаданне пашукаць адказы на пастаўленыя пытанні. Такімі былі «Зона інтарэсаў», «Бо баіцца» і «Кіт», у нечым гэта датычыць і «Ерэтыка» — праўда, усё залежыць ад таго, кім для вас акажацца спадар Рыд.

Маладыя актрысы Хлоя Іст і Софі Тэтчэр таксама добра спрацавалі ў сваіх ролях місіянерак ды яшчэ паказалі іх такімі чалавечнымі. Мармонкі ў «Ерэтыку» ў нечым больш ерэтычныя за галоўнага героя, але яны дэманструюць яму іншы бок рэлігіі — не кантроль, але клопат і любоў адно да аднаго. Справа толькі ў тым, хто які бок абірае.

Фота: кадр з трэйлеру

Калі вы не ў настроі думаць пра духоўнае, «Ерэтык» вам таксама можа быць цікавым. Так, прыйдзецца пачакаць, пакуль высокія гутаркі саступяць месца прасторы сапраўднага хорару, але калі гэты момант прыйдзе, узровень жахаў будзе пераканаўчы.

Пры гэтым сцэнарысты закідваюць нас салатай з розных ідэй: тут і паралелі паміж рознымі рэлігіямі, і параўнанне сусветных рэлігій з гульнёй у «Манаполію», і ідэя пра тое, што мы жывём у сімуляцыі, і шмат іншага. 

Фільм добра балансуе паміж гутаркамі пра высокае і хорарам, ды і няблага працуе як забаўляльная стужка, а на дэсерт застаецца яркі Х’ю Грант, які выцягвае сабой гэтую гісторыю на іншы ўзровень. Таму «Ерэтык» стане файным выбарам на вечар — канечне, калі вы згодныя на фільм жахаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Беня
    25.11.2024
    Так себе удовольствие.

Цяпер чытаюць

Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ21

Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ

Усе навіны →
Усе навіны

Сын Сяргея Бульбы, які збірае грошы ў Польшчы, кажа, што беларуская міліцыя падкінула яму наркотыкі19

Тэлефонныя махляры пачынаюць званіць ад імя паліклінік, палохаючы эпідэміяй грыпу3

Ціханоўская: Беларусы не здаліся6

Вырашыўся лёс хлопчыка, які трапіў у прытулак з-за таго, што маці не адправіла яго ў школу2

Спікер Сейма Літвы дапусціў змяненне адносін з Беларуссю: адны толькі санкцыі даюць вынік, але не канчатковы7

Сыну рэжысёра Роба Райнера выставілі абвінавачванні ў забойстве бацькоў

Гродзенскага праграміста з 23‑гадовым стажам адправілі за краты за палітыку

Канчаткова дэмантуюць таксафоны5

Ва Украіне знайшлі шары з беларускімі цыгарэтамі, якія ляцелі ў Польшчу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ21

Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць