Грамадства

Суд у Балгарыі стаў на бок беларуса, якому адмовілі ў прытулку. Будзе новы разгляд справы

Першапачаткова міграцыйныя ўлады Балгарыі палічылі, што просьбіту абароны нічога не пагражае ў Беларусі, якую ён пакінуў «бесперашкодна і легальна», нагадвае Радыё Свабода.

Сталіца Балгарыі Сафія. Фота: ntv.com.tr.

Грамадзянін Беларусі Антон (імя героя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што ў 2020 годзе з жонкай і дзецьмі жыў у Менску, працаваў інжынэрам. Жонка — у галіне IT. Па словах суразмоўцы, падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ён запісаўся ў адну з ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата.

«Актыўна зьбіраў подпісы ў падтрымку Бабарыкі, хадзіў на пратэсты, трапляў на відэа, бо даваў інтэрвію СМІ. Гэта прыклаў і да справы, калі падаваўся ў Баўгарыі на прытулак. Жонку затрымлівалі на адным з маршаў, пазьней прызначылі штраф», — успамінае свае прыгоды ў 2020 годзе Антон.

У 2022-м сям’я пераехала ў Грузію, пазьней — у Баўгарыю, дзе беларус у 2024 годзе папрасіў прытулку. Але Агенцтва ў справах уцекачоў палічыла, што ягоных аргумэнтаў недастаткова, каб даць прытулак. Міграцыйныя ўлады Баўгарыі прыйшлі да высновы аб неабгрунтаванасьці пададзенага прашэньня.

«Прычыны, на падставе якіх замежны грамадзянін зьвяртаецца з прашэньнем, не пацьвярджаюць абгрунтаваных страхаў перасьледу ці рэальнай небясьпекі прычыненьня сур’ёзнай шкоды», — гаварылася ў адмове.

Паводле вэрсіі Агенцтва, аналіз гісторыі ўцекача паказваў, што «адзінай прычынай, зь якой заяўнік зьвярнуўся па абарону ў Баўгарыі, была зробленая ягонай жонцы прапанова аб працы ў Баўгарыі». Просьбіт абароны «бесьперашкодна і легальна пакінуў Беларусь 17 лютага 2022 году». Агенцтва таксама задавала пытаньне, чаму замежны грамадзянін не папрасіў прытулку ў Грузіі, і ставіла пад сумнеў сьцьверджаньні, што той пакінуў Беларусь, баючыся перасьледу.

Гісторыю Антона міграцыйныя ўлады Баўгарыі расцанілі як «няўмелую спробу надаць палітычнае адценьне сваёй гісторыі ўцекача, рэальнай і адзінай мэтай якой зьяўляецца легалізацыя знаходжаньня ў Баўгарыі». Агенцтва пры разглядзе справы спасылалася на заключэньне міжнародных структур аб сытуацыі ў Беларусі за 2014 год.

«Увага сьвету пераключылася на іншыя сур’ёзныя крызісы»

У кастрычніку 2024 году Антон зьвярнуўся ў Адміністрацыйны суд у Сафіі з просьбай перагляду яго заяўкі на атрыманьне прытулку. Пры разглядзе скаргі беларуса суд даслаў запыт у Агенцтва ў справах уцекачоў адносна сытуацыі ў Беларусі. Як вынікае з атрыманага беларусам адказу, на гэты раз Агенцтва скарысталася абноўленай інфармацыяй. 16 сьнежня Антон атрымаў рашэньне Адміністрацыйнага суду, дзе абскарджваў адмову ў даваньні прытулку (копія дакумэнта ёсьць у рэдакцыі. — РС).

«У той час, калі ўвага сьвету пераключылася на іншыя сур’ёзныя гуманітарныя крызісы, беларусы па-ранейшаму сутыкаюцца з жорсткімі рэпрэсіямі, якія часта застаюцца незаўважанымі і не асьвятляюцца ў СМІ. Масавыя рэпрэсіі супраць народу Беларусі не сьціхаюць», — гаворыцца ў новай даведцы ад Агенцтва ў справах уцекачоў.

Суд таксама палічыў неабгрунтаванымі довады міграцыйных уладаў аб тым, што Грузія зьяўляецца бясьпечнай краінай, бо «сытуацыя там напружаная, яна ахопленая пратэстамі, краіна масава адмаўляе беларусам у прытулку».

Адміністрацыйны суд Сафіі вырашыў адмяніць рашэньне Агенцтва ў справах уцекачоў і абавязаць яго прыняць новае рашэньне ў справе беларуса.

Антон задаволены прынятым рашэньнем. Кажа, што нарэшце сустрэўся з поўным разуменьнем кантэксту сытуацыі ў Беларусі, бо першае рашэньне міграцыйных уладаў для яго было досыць абсурдным. Цяпер ён можа разьлічваць на некалькі варыянтаў разьвіцьця падзей. Напрыклад, Агенцтва ў справах уцекачоў можа абскардзіць рашэньне Адміністрацыйнага суду ў Вярхоўным. Але калі Вярхоўны суд стане на бок беларуса, то міграцыйныя ўлады Баўгарыі будуць абавязаныя пераглядзець справу ў пазытыўны для Антона бок. Агенцтва ў справах уцекачоў можа пагадзіцца з Адміністрацыйным судом і вынесьці новае рашэньне ў справе.

«Яшчэ варыянт — тэарэтычна, у межах закону, я цяпер магу спагнаць з Агенцтва расходы на адваката, пераклады і так далей. Гэта магчымасьць прапісаная ў рашэньні суду. Але я магу гэтага не рабіць і пакуль не рабіў. Спадзяюся, мірна дамовімся з Агенцтвам», — разважае беларус.

Антон лічыць, што такое рашэньне суду можа ў будучыні пазытыўна паўплываць на рашэньні спраў беларусаў, якія будуць падавацца на прытулак.

«Парадавала, што судзьдзя лягічна расьпісаў, што Грузія не зьяўляецца для беларуса бясьпечнай краінай. Бо міграцыйныя ўлады акурат папікалі мяне, што я мог бы падацца на прытулак у Грузіі», — дадаў Антон.

Ён спадзяецца, што ягоная справа вырашыцца пазытыўна.

Каментары

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка21

Меркаванніабмяркоўвайце!21

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка

Усе навіны →
Усе навіны

22‑гадовая беларуска жыве ў Новай Зеландыі і расказвае, як яно18

Упершыню ў гісторыі жанчына стала прэм'ерам Японіі5

Настаўніца ў Паўднёвай Карэі забіла васьмігадовую вучаніцу. Гэта трагедыя шакавала ўсю краіну5

Клуб з вёскі на 1500 чалавек упершыню стаў чэмпіёнам Швецыі па футболе2

«Работнікаў з Афрыкі адпраўляюць на кухню». Чым займаюцца працоўныя мігранты ў Беларусі і адкуль едуць?18

Трамп зноў заявіў, што Украіна можа выйграць у вайне. Але не думае, што выйграе12

ДАІ прапануе замяніць невялікія маршруткі аўтобусамі большай умяшчальнасці9

«Асноўны інструмент — генетычная экспертыза». У Следчым камітэце расказалі, як раскрываюць забойствы даўно мінулых гадоў3

У адкрытым доступе апублікавалі базу 4000 штатных супрацоўнікаў КДБ, імёны агентаў і інфарматараў не называюць32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка21

Меркаванніабмяркоўвайце!21

Чаму мы прайгралі ў 2020 годзе? Развагі Міколы Дзядка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць