У акупаваным Севастопалі выбухнуў шматкватэрны дом. У ім захоўвалі выбуховыя рэчывы
Апоўначы з 23 на 24 сакавіка адбыўся выбух у севастопальскай кватэры шматдзетнай сям’і Родзікавых на вуліцы Карчагіна. У ёй знаходзіліся 50‑гадовая пеўчая храма пры Севастопальскім універсітэце Вольга Родзікава, яе 52‑гадовы муж Сяргей Родзікаў і шасцёра іх дзяцей, піша Astra.

У ходзе расследавання высветлілася, што эпіцэнтр выбуху знаходзіўся на балконе кватэры на першым паверсе. У выніку здарэння загінула ўласніца кватэры і яе 20‑гадовы сын, чатыры дачкі ва ўзросце 23, 18, 14 і 12 гадоў атрымалі розныя траўмы і знаходзяцца ў бальніцах. Гаспадар кватэры Сяргей Родзікаў не пацярпеў.
Усяго ў выніку выбуху пацярпелі 12 чалавек. Агонь распаўсюдзіўся на суседні дом, дзе згарэлі яшчэ два пад’езды.

Мясцовы Следчы камітэт адзначыў, што газавае абсталяванне ў кватэры пасля выбуху не было пашкоджана, няма таксама прыкмет знешняга ўздзеяння на будынак. У якасці пацярпелых і сведак былі апытаныя больш за 20 чалавек.
У той жа час СК паведаміў, што расследаванне вядзецца па артыкулах 109 КК РФ («Прычыненне смерці па неасцярожнасці») і 222.1 КК РФ («Незаконнае набыццё і захоўванне нявызначанай выбуховай прылады»). З гэтага можна меркаваць, што прычынай здарэння стала менавіта дэтанацыя выбухоўкі. Хто і дзеля чаго яе туды прынёс, пакуль невядома.
Згодна з інфармацыяй з адкрытых крыніц, гаспадар кватэры Сяргей Родзікаў працаваў шліфоўшчыкам, прадаўцом і збіральнікам мэблі, апошнім яго месцам працы была севастопальская кампанія «СТЛ Прайд», якая вырабляе мэблю для рэстаранаў і гатэляў.
Ягоны загінулы сын Васіль працаваў грузчыкам, але з працы быў звольнены ў 2023 годзе за прагул. Чым ён займаўся пасля таго, невядома.
Каментары