Грамадства

Школы, садкі і слупкі дамоў. Што новага чакае Каменную Горку?

На сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёна стартавала грамадскае абмеркаванне «Горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання жылога раёна Каменная Горка (унясенне змяненняў)».

У дакуменце прапануецца ўнесці заўважныя «папраўкі» ва ўжо стабільнае жыццё мікрараёнаў. У тым ліку адмовіцца ад будаўніцтва некаторых аб'ектаў. І дадаць новыя пункты прыцягнення, неабходныя для паўнавартаснага жыцця мінчан.

Акрамя гэтага, горадабудаўнікі таксама знайшлі рэзервовыя пляцоўкі для ўзвядзення двух дамоў, піша Onliner.by.

Што будзе з садамі і школамі?

Планы па пераўтварэнні закранаюць вялікую тэрыторыю: квадрат абмежаваны вуліцамі Люцынская — Калеснікава і Кунцаўшчына — Прытыцкага — МКАД. Альбо ўсе пяць Каменных Горак.

Распрацоўшчыкі праекта адзначаюць, што працэс будаўніцтва запланаваных жылых дамоў ужо завершаны: усе высоткі занялі свае месцы. І пераходзяць да навін: «Аналіз забяспечанасці насельніцтва ўстановамі агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі паказаў лішак колькасці раней запраектаваных аб'ектаў. Што дазваляе выключыць будаўніцтва двух дзіцячых садоў у мікрараёнах Каменная Горка — 2 і 5. І дзвюх школ у тых жа мікрараёнах».

У той жа час у суседніх мікрараёнах запраектаваныя і яшчэ не пабудаваныя школы-садкі застаюцца на месцы. За гэта перажываць не варта. У «бяздзетную пустэльню» кварталы не ператворацца.

Што прапануецца пабудаваць замест школ і садоў? Дамы. Але ўпісаць іх трэба так, каб мясцовыя жыхары не адчувалі дэфіцыту ў сацыяльных аб'ектах, паркоўках і зялёных насаджэннях.

Не варта думаць, што кварталы чакае суперушчыльненне: дадаць плануюць усяго два шматпавярховікі на 209 кватэр. Гэта пара стандартных мапідаўскіх слупкоў.

Цікава, што «адмяняюць» сады і школы ў Каменнай Горцы — 2 і 5, а высоткі пабудуюць (калі грамадскае абмеркаванне пройдзе паспяхова для распрацоўшчыкаў) у Каменнай Горцы — 4 і 5.

Нагадаем, што ў пачатку гэтага года старшыня Мінгарвыканкама расказаў пра тое, што далёка не ўсе школы і дзіцячыя сады, якія раней былі запраектаваныя ў сталіцы, у выніку будуць узведзеныя.

Усё таму, што ў будучыні, па разліках, гэтыя ўстановы могуць апынуцца незапатрабаванымі. «Тры гады таму мы перагледзелі праграмы па будаўніцтве дзіцячых садоў і школ. Скарочана 14 такіх аб'ектаў, яны не будуць будавацца з улікам таго, што такія аб'екты ёсць у крокавай даступнасці».

Як цяпер зразумела, адной з лакацый, дзе вырашылі скараціць колькасць школ і садоў, стала Каменная Горка.

Што новага дададуць?

Замена навучальных устаноў на жылыя дамы — гэта яшчэ далёка не ўсё. На пустках у кожнай з Каменных Горак павінны з'явіцца новыя аб'екты.

Так, у Каменнай Горцы — 1, па планах, вырастуць садок на 230 месцаў і школа на 1020 навучэнцаў.

У Каменнай Горцы — 2 прапануюць размясціць гандлёва-абслуговы аб'ект (бліжэй да вуліцы Калеснікава), установу дадатковай адукацыі (мастацкую або музычную школу) на 220 месцаў.

На Налібоцкай праекціроўшчыкі знайшлі месца для міні-рынку. Таксама павінна быць завершана будаўніцтва «блока бытавога абслугоўвання з кафэ і туалетам».

З асабліва прыемнага — арганізацыя і добраўпарадкаванне сквера.

Для Каменнай Горкі — 3 прадугледжаны найбольш разнапланавыя змены. А менавіта: будаўніцтва храма ў гонар Кірыла Тураўскага, узвядзенне новага ФАКа, будаўніцтва аб'екта гандлёвага прызначэння з кафэ, шматузроўневы гараж-стаянка і наземны паркінг, парк і сквер.

Планы па ўзвядзенні двух садкоў і адной школы застаюцца ў сіле.

У Каменнай Горцы — 4. Тут побач з ужо існуючымі шматпавярхоўкамі і павінен з'явіцца новы 19-павярховы слупок. А таксама паліклініка на 850 наведванняў у змену, шматфункцыянальны грамадскі аб'ект, гандлёва-абслуговы аб'ект і дзіцячы сад. У цэнтральнай частцы квартала добраўпарадкуюць сквер.

Нарэшце, Каменная Горка — 5. Тут з'явіцца такая ж «свечка» на 19 паверхаў, а яшчэ два садкі, школа, ЖЭС і пункт бытавога абслугоўвання.

А парк Уга Чавеса не забудуюць?

Напаўненне цэнтральнай часткі Каменнай Горкі наўрад ці асабліва здзівіць. Парк Уга Чавеса, які за апошні час заўважна змяніўся, абяцаюць канчаткова «адмарафеціць».

Там і без таго ўжо добра, але будзе яшчэ весялей і больш маляўніча. Ужо знаёмыя мінчанам ТРЦ Mega Park, даўно абяцаны ФОК і храм святога Мікалая Японскага абяцаюць давесці да ладу.

Усе астатняе застанецца як ёсць, ніякіх новых будоўляў.

Пры гэтым, па меркаванні распрацоўшчыкаў праекта, тэрыторыі, непасрэдна прылеглыя да МКАД, выкарыстоўваюцца нерацыянальна: «Участкі на працягу дзесяцігоддзяў не асвойваюцца і не прадстаўляюць цікавасці для патэнцыйных інвестараў».

«Калямкадныя» землі прапануецца падзяліць на асобныя ўчасткі і асвоіць.

Асноўная частка плошчаў адводзіцца пад паркоўкі, якія павінны спатрэбіцца мясцовым жыхарам.

Таксама запраектаваны адзін гандлёвы аб'ект.

Як узяць удзел у грамадскім абмеркаванні?

Грамадскае абмеркаванне працягнецца да 13 сакавіка 2025 года ўключна.

Выказаць свае заўвагі і прапановы можна: асабіста — у журнале ўліку наведвальнікаў, які знаходзіцца ў фае будынка адміністрацыі. Пісьмова — даслаўшы ліст з паметкай «грамадскае абмеркаванне» на адрас: 220073, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 39. Па электроннай пошце: [email protected].

Каментары

Цяпер чытаюць

«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад7

«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксандр і Коля Лукашэнкі прыбылі на Парад Перамогі на Красную плошчу ў Маскве6

Зянковіч: Безумоўна, я б не паехаў у Маскву пад гарантыі Вольгі Карач21

Затрымалі брата Ігара Лосіка5

Загадка вадалаза, якога знайшлі без галавы і рук: шпіёнская гісторыя часоў Халоднай вайны

«Яшчэ і крэдытны рэйтынг пацярпіць». Банкамат забраў грошы, але на рахунак яны не паступілі3

У фінале футбольнага еўракубка згуляюць каманды, якія займаюць 15-е і 16-я месцы ў сваім чэмпіянаце

«Стаўленне як да скаціны». Прарасійскі блогер расказаў пра 25 сутак ў ІЧУ12

Джэй Дзі Вэнс: Расія на перамовах па Украіне просіць больш за разумнае. Яна не атрымае тэрыторыі, якія нават не захапіла3

Ціханоўская: Вайна ніколі не павінна быць сродкам вырашэння праблем8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад7

«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць