Грамадства1212

«Паспрабую крыху суцешыць вас тым, што ўсе мы шчаслівыя людзі». Андрэй Скурко атрымаў прэмію імя Льва Сапегі

Журналіст і пісьменнік, былы палітвязень Андрэй Скурко атрымаў сёлетнюю прэмію імя Льва Сапегі, піша Беларуская служба Польскага радыё. Прэмія даецца за выдатны ўклад у фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і пабудову незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, скіраванай у Еўропу.

.
Андрэй Скурко чытае лекцыю падчас уручэння прэміі імя Льва Сапегі. Фота: Беларуская служба Польскага радыё

Прэмія Льва Сапегі была запачаткаваная ў 2006 годзе пасля першых паслявыбарчых пратэстаў. Тады ж, дарэчы, у Польшчы была створаная стыпендыйная праграма імя Каліноўскага.

Ініцыятарамі прэміі з'яўляюцца Калегіум Усходняй Еўропы ва Уроцлаве і Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, а яе спонсары — пяць польскіх ВНУ (Варшаўскі ўніверсітэт, Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, Уроцлаўскі ўніверсітэт, Познаньскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча і Беластоцкі ўніверсітэт). Лаўрэаты прэміі гасцююць у гэтых універсітэтах, чытаюць лекцыі на беларускую тэматыку і праводзіць уласныя навуковыя даследаванні.

Андрэй Скурко — беларускі журналіст і перакладчык, пісьменнік, былы рэдактар «Нашай Нівы». У ліпені 2021 годзе яго затрымалі падчас разгрому працы рэдакцыі ў Мінску, а пасля асудзілі на 2,5 года калоніі. За кратамі ён напісаў пяць кніжак вершаў для дзяцей, якія сталі бестселерамі. Цяпер ён жыве за межамі Беларусі, а за апошні год падрыхтаваў да друку дзённікі Марыі Чапскай, Мельхіёра Ваньковіча і Міхала Сапоцькі ў перакладзе на беларускую мову.

Дырэктар Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі у сваім выступленні падкрэсліў, што Андрэй Скурко атрымаў сёлетнюю прэмію за свае заслугі ў незалежніцкім беларускім руху:

«Мы маем справу з вядомым публіцыстам, перакладчыкам, чалавекам, які таксама робіць вялікі ўклад у папулярызацыю польскай літаратуры ў Беларусі, таму што ён быў выдаўцом [Марыі] Чапскай, перакладчыкам і выдаўцом Мельхіёра Ваньковіча. Гэтага б хапіла, каб даць яму прэмію. Але тут у яго цэлы букет дасягненняў, бо гэта і журналісцкая дзейнасць («Наша Ніва», Arche), і пераклады, і выдавецкая дзейнасць, і ўрэшце два гады турмы.

.

Сёлета журы вырашыла ўручыць прэмію не прафесару і, уласна кажучы, даследчыку, а таму, хто мае менавіта такія заслугі, бо хоць гэтую прэмію ўручаюць універсітэты, то гэтая ўзнагарода не за навуковыя даследаванні, а за заслугі ў фармаванні беларускага грамадства ў духу свабоды і незалежнасці. Так што ў гэтым выпадку Андрэй Скурко пасуе выключна добра».

.

Падчас урачыстасці ўручэння Прэміі імя Льва Сапегі Андрэй Скурко выступіў з кароткай лекцыяй «Беларусь і Польшча ў свеце пасля канца свету»:

«Нядаўна мне выпала магчымасць рэдагаваць кнігу беларускага гісторыка, з якой я даведаўся пра крыніцы багаццяў канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, у гонар якога названая гэтая прэмія. Гэты магнат, уладальнік беларускіх лясоў, прадаваў на Захад тоны попелу. У тыя часы ён быў неабходны ў хімічнай прамысловасці. І ў гэтым ёсць такая сумная іронія, што папялішча — гэта ўсё, што з поспехам мог прапанаваць наш край за апошнія пяцьсот гадоў гісторыі.

Беларус не можа сказаць, што ён жыве ў доме, які пабудавалі яго продкі ў чацвёртым-пятым калене, што яго сям'я ніколі не перасялялася супраць яго волі, што ён мае прыватную бібліятэку, збіраную стагоддзямі. Кожныя дзесяцігоддзі нашы сядзібы ператвараліся ў попел. Пра гэта пісалі ў сваіх успамінах Мельхіёр Ваньковіч, Марыя Чапская і іншыя. Мы вымушаныя вяртацца да спаленых палёў, вяртацца з турмаў, са ссылкі, усё адбудоўваць, бо наша краіна гэтага заслугоўвае, бо лепшай няма».

У той жа час ён знаходзіць падставу і для аптымізму:

«Паспрабую крыху суцешыць вас тым, што ўсе мы шчаслівыя людзі, бо шчасце даследчыка — жыць у цікавы час».

.

Каментары12

  • дайте погадаю
    08.04.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Глеб
    08.04.2025
    [Рэд. выдалена]
  • со всем цинизмом
    08.04.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках25

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках

Усе навіны →
Усе навіны

Пабывалі на прэм’еры «Купалаўцаў» пра даносчыкаў. Інтэлігенты ў гэтым спектаклі выклічуць у вас агіду4

Кіраўнік Гомельшчыны зоймецца галубамі, якія засіраюць лаўкі па вуліцы Валгаградскай у Гомелі. І гэта не жарт5

Чалавек зноў ляціць да Месяца. НАСА сёння адпраўляе першы за паўстагоддзя пілатаваны карабель да спадарожніка Зямлі — місію «Артэміда-2»7

Пяскоў пракаментаваў словы Зяленскага пра тое, што Расія дала Украіне два месяцы на выхад з Данбаса16

Кацярына Ваданосава ахвяруе 10 тысяч еўра для беларускіх палітвязняў6

Наколькі правамерныя дзеянні міліцыі? На сайце калегіі адвакатаў спыталі пра «Гуканне вясны» ў Гомелі11

Пад Віцебскам капалі водаправод, а дасталі каменны крыж Гарасіма Ігнатавіча, якому 400 гадоў20

Хто і як вырабляў яд для Аляксея Навальнага6

У Мінску адчынілася новая гандлёвая галерэя з фудкортам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках25

«Дык дадому забяры алкаша абасцанага і выходжвай». Малады загадчык аддзялення бальніцы не стрымлівае сябе ў выразах у сацсетках

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць