Літаратура

Зміцер Вішнёў: «З мяне пруць сарказм і палітычная сатыра»

Неўзабаве пабачыць свет новая кніга Змітра Вішнёва «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер». У інтэрв’ю Budzma.org літаратар і выдавец расказаў, як у новым рамане «разрэзаў сябе не шкадуючы», у якім выглядзе працягвае жыццё выдавецтва «Галіяфы» і як ён ацэньвае цяперашні стан беларускай літаратуры.

viszniou-04.jpg
Зміцер Вішнёў

— Зміцер, неўзабаве ў выдавецтве Skaryna Press у вас выходзіць новы раман «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер». У фэйсбуку вы прызналіся, што «разрэзалі сябе не шкадуючы, каб можна было пабачыць сэрца, якое пульсуе». Я дзякуючы вам ужо азнаёміўся з творам. Што значыць гэтая кніга для вас?

— Вельмі дакладна напісалі на сайце акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі», у межах якой і выйшаў раман: «Гэта бязлітасная кніга пра страту і гвалт, і ў той жа час пяшчотная кніга пра каханне і сяброўства, пра радасць жыцця і мастацтва. Гэты раман — уцёкі ад бойні дыктатара і шлях да сябе».

Гэта цалкам супадае з маім адчуваннем таго свету, які я збудаваў у тэксце. Жанр можна вызначыць як аўтафікшн і фантастыка. У кнізе я аналізую падзеі апошніх гадоў. Па сюжэце Зміцер Вішнёў трапляе ў берлінскі сакрэтны падземны лабірынт, дзе пачынаюць разгортвацца вельмі непрадказальныя падзеі. Напрыклад, я сутыкаюся там з памерлымі сябрамі: Сержам Мінскевічам, Ярылам Пшанічным, Алесем Родзіным, Захарам Кудзіным, Пашам Лоскутавым, а таксама з вядомымі людзьмі — Джэймсам Джойсам, Эдвардам Мункам, Андрэем Бітавым, Улдысам Бэрзіньшам, Янкам Брылём і іншымі…

viszniou-05.jpg

— У кніжцы шмат сарказму і тонкага гумару. Шмат палітычнай сатыры. Вы як гімнаст балансуеце паміж рэальным і сюррэалістычным. На вокладку рамана вынесеная вельмі дакладная цытата з Tagesspiegel: «Дзёрзкае і паэтычнае гучанне стварае змрочны свет, у якім усе рэчы маюць падвойнае дно. Каб перастрахавацца, ён (Зміцер Вішнёў) высмейвае ўсё, нават уласныя страхі». Узурпатары ў вас паўстаюць у розных абліччах: у аднаго да галавы прышыты хвост рыбіны, у іншага — у пузе самурайскі меч. Танкавы снарад распавядае, што забівае толькі па прыват-страхоўцы…

— Пісаць сухой канцылярскай мовай мне не цікава, таму з мяне і пруць сарказм і палітычная сатыра [смяецца — Budzma. org]. А прыведзеная цытата з нямецкага выдання адносіцца да майго рамана «Замак пабудаваны з крапівы», які ў 2014 годзе быў перакладзены на нямецкую мову. Але цытата, напраўдзе, адпавядае духу і новага твора.

— Часам вашыя героі пераходзяць на паэтычную мову, дыялогі ператвараюцца ў паэзію…

— Мне заўсёды былі блізкія спалучэнні паэзіі і прозы. Напрыклад, Уладзімір Набокаў свой твор «Запрашэнне на пакаранне смерцю» называў паэмай у прозе. Зноў жа ў Венічкі Ерафеева — постмадэрнісцкая паэма ў прозе «Масква-Петушкі». Можна згадаць цудоўныя творы таго ж Андрэя Белага. З беларускіх аўтараў згадваецца Алесь Гародня з футурыстычным раманам «Варта на Рэйне»…

— У вашым рамане шмат Чальза Букоўскі…

— І ён апроч прозы займаўся паэзіяй. Яго «п’яная» філасофія вельмі добра падыходзіць да майго лабірынта…

viszniou-01.jpg

— Вы не шкадуеце Янку Брыля. Робіцца трошкі за яго няёмка. Чаму так?

— Не, пра Брыля напісана з вялікай любоўю і павагай. Я не сумняюся, што калі б ён сёння пачытаў пра сябе, дык толькі б пасмяяўся ад душы. Бо ў жыцці быў тым чалавекам, які любіць гумар.

— Нечакана берлінскі лабірынт атрымаўся вельмі беларускім. Дранікі, сала, сырок, беларускія песні. Ёсць у рамане балоты, Пішчалаўскі замак і сталічны Дом літаратара.

— Яно і не магло быць інакш.

Гэтая кніга — спалучэнне аўтарскіх страхаў і сноў, якія часам ператвараюцца ў кашмары. Я б дадаў, што ў ёй таксама скручаны клубок настальгіі. Гэта такі тыповы лёс эмігранта. 

— А яшчэ ёсць фрагменты пра звар’яцелага амбасадара, які прапануе дапамагчы з вяртаннем на радзіму, размова з цмокам, які прызнаецца, што пускае на фарш апазіцыянераў…

— Лабірынт, збудаваны ў рамане, — гэта адлюстраванне нашага рэальнага свету. Тут паўстаюць запалоханыя амбасадары і прагныя да крыві садысты. І, натуральна, як без цмока, які анічога не робіць без загаду — гэта такі тыповы беларускі чыноўнік: без загаду ані кроку ўправа, ані кроку ўлева.

І падзеі ў рамане разгортваюцца на фоне вайны.

viszniou-02.jpg

— Цяпер адыдзем трошкі ад вашага новага твора і пагаворым пра іншае. Нядаўна вы бралі ўдзел у Міжнародным Ляйпцыгскім кніжным кірмашы. Як прайшло?

— Я выступаў на стэндзе ПЭН-цэнтра Нямеччыны. Пісьменніца і рэжысёрка Астрыд Фегстад зняла кароткі фільм пра мяне, і мы яго прадставілі на кірмашы. Я таксама расказаў пра кнігу «Распытванне на нулявым пункце. Незалежная культура Беларусі паміж уздымам і рэпрэсіямі» (пад рэдакцыяй Ніны Велер, Ірыны Герасімовіч, Надзін Менцэль), якая выйшла нядаўна ў Швейцарыі на дзвюх мовах — па-беларуску і па-нямецку.

Ляйпцыгскі кніжны кірмаш велізарны, таму для мяне было сюрпрызам, калі на імпрэзу прыйшло шмат людзей. Я пачытаў новыя вершы. І атрымаў у адказ вялікую колькасць станоўчых эмоцый.

— Ці правільна я разумею, што пасля закрыцця «Галіяфаў» у 2022-м ваша выдавецкая дзейнасць на паўзе? Ці плануеце вярнуцца да яе?

— Выдавецтва «Галіяфы» сёння працягвае жыццё ў фармаце валанцёрскага праекта. Праз падзеі 2022 года шмат рукапісаў засталіся нявыдадзенымі — больш за трыццаць, — і хочацца, каб большасць з іх усё ж пабачыла свет. І за апошнія тры гады пад маркай «Галіяфаў» супольна з замежнымі выдавецтвамі, дзякуючы акцыі «33 кнігі для іншай Беларусі» і яе арганізатаркам Ірыне Герасімовіч і Сільвіі Засэ, ужо выйшлі анталогія «НЕТУТЭЙШЫЯ: REVERSION. Беларуская эксперыментальная драматургія («ТВЛ», «Бум-Бам-Літ»)», «Слоўнік вайны» Астапа Слівінскага і «Шолах моўчы» Валянціна Акудовіча. Вядома, цяпер няма тых кніжных аб’ёмаў, якія выдавецтва цягнула ў Беларусі. Раней у «Галіяфах» штогод выходзіла больш за 50 кніжных назваў.

— Як бы вы ахарактарызавалі перыяд, які перажывае сёння беларуская літаратура?

— Складаныя часы. І сёння трэба, у першую чаргу, думаць пра тых творчых людзей, якія засталіся ў Беларусі. І перадусім не забывацца пра тых, хто сядзіць у турмах: пра Алеся Бяляцкага, пра Максіма Знака, пра Уладзіміра Мацкевіча і многіх іншых.

Сёлета на кніжным кірмашы ў Ляйпцыгу дзве прэміі былі ўручаныя за беларускія кнігі. Альгерду Бахарэвічу за «Еўрапейскае паразуменне 2025» (за раман «Сабакі Эўропы») і перакладчыку Томасу Вайлеру за пераклад Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». І гэта сапраўдная падзея для ўсёй беларускай літаратуры.

— І наастачу. Як вы плануеце прэзентаваць свой новы раман?

— Спадзяюся, што прэзентацый будзе некалькі. Адна ўжо запланаваная на 26 верасня ў берлінскім клубе PANDA platforma. Там мы будзем выступаць разам з музыкам Андрэем Штайнке. Я буду чытаць фрагменты з рамана, а ён будзе граць на бас-гітары. І ў гэты самы час, з 25 па 27 верасня, у Берліне будзе праходзіць Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, і я ласкава запрашаю ўсіх увечары наведаць нашу імпрэзу!

Новы раман Змітра Вішнёва можна замовіць на сайце выдавецтва «Skaryna Press».

Каментары

Цяпер чытаюць

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку2

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Літва і ЗША будуць размаўляць, каб прызнаць гібрыдныя атакі Беларусі тэрарыстычнымі дзеяннямі18

Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі24

З'явіўся новы спосаб выманіць коды з SMS3

«Замест выратавання Еўропы цэнтрысты вядуць яе ў прорву»10

Замежны брэнд выпусціў правакацыйную лінію адзення на тэму Чарнобыля9

Карлас Алос пакідае пасаду галоўнага трэнера Беларусі1

У Казані судзілі Ісуса Хрыстоса6

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад21

У Шуміліне маці сама далучыла 16‑гадовую дачку да прастытуцыі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку2

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць