На мітынгу ў Варшаве Латушка публічна паспрачаўся з Пазняком пра санкцыі
Кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк заявіў на мітынгу ў Варшаве, што санкцыі ЕС ізалююць Беларусь і штурхаюць яе ў абдымкі Расіі. Паводле палітыка, рэжым ужо гатовы да перамоў, але Еўрасаюз гэтага не жадае. Павел Латушка ж лічыць, што санкцый маюць свой сэнс і плён.

Кіроўны рэжым у Беларусі гатовы ісці на перамовы з Захадам, а Еўрасаюз з Мінскам — не, заявіў кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк на мітынгу ў Варшаве 18 траўня з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, піша «Позірк».
Паводле палітыка, вядомага сваёй антысанкцыйнай пазіцыяй, дзеянні ЕС накіраваны на ізаляцыю краіны:
«Беларусь гэтымі санкцыямі ўштурхнута ў Расію. Вы не знішчыце рэжым санкцыямі — ніколі ў гісторыі такога не было. Тым больш калі адкрыта расійская мяжа. Эканоміка пайшла туды, гандаль пайшоў туды, людзі пайшлі туды — і расейцы прыйшлі сюды. Вось вынік — гэта выгадна толькі Пуціну».
Пазняк сцвярджае, што ён «часта звяртаецца ў Еўразвяз»: «Пісалі лісты [старшыні Еўракамісіі Урсуле] фон дэр Ляен — усё пайшло туды, усё яны ведаюць. Ніякага адказу. Адпіскі. Таму што палітыка, якую ўзначальваюць немцы, ідзе на тое, каб ізаляваць Беларусь. Нас ужо выштурхнулі <…> — робяць «жалезную заслону».
«Выпусцілі больш за 200 вязняў. Паказваюць знакам Еўропе: «Давайце весці дыялог». Іначай не можна вызваліць закладнікаў. З тэрарыстамі трэба ўступаць у перамовы, у гандаль, каб вызваліць людзей ад смерці. Гэта элементарныя рэчы», — лічыць Пазняк.
З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа «свет мяняецца», сказаў ён, дадаўшы, што беларусам трэба «толькі да амерыканскай дэмакратыі зараз звяртацца», спадзеючыся на дапамогу.
«Ёсць магчымасць выменяць усіх палітвязняў на зняцце санкцый. Яны не патрэбны беларускаму народу», — заявіў кіраўнік «Вольнай Беларусі».
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што згодны «з Зянонам Станіслававічам у тым, што зараз стаіць выклік <…> для нашай нацыі», і ў тым, што трэба «ціснуць больш на партнёраў, бо яны забыліся пра Беларусь».
Адначасова ён заявіў:
«Трэба ціснуць і ставіць ультыматум Лукашэнку. Тут павінна быць логіка, паслядоўнасць і моц. Я не разумею тых палітыкаў, якія кажуць, што санкцыі трэба знесці, але адначасова кажуць, што Украіна павінна перамагчы. Прабачце, як пераможа Украіна, калі праз Беларусь будзе велічэзная дзірка па пастаўцы тэхналогій — усяго таго, што патрэбна, каб рабіць зброю, каб забіваць нашых братоў і сясцёр?»
Паводле слоў кіраўніка НАУ, ён таксама не разумее «логікі, калі хтосьці кажа, што санкцыі — гэта дрэнна», але калі пры гэтым у пытанні вызвалення палітвязняў «ёсць толькі адзін аргумент, якім трэба скарыстацца, — гэта санкцыі».
«Так вось менавіта дзеля гэтага мы і працавалі на санкцыі, шаноўныя, каб сёння сказаць, што вось ёсць моцныя санкцыі, не хапае — давайце дадамо. І вызваляй не 42 асобы, як мінулы раз, а вызваляй тысячу, вызваляй усіх палітзняволеных. Бо [Лукашэнка] вызваляе [палітвязняў] толькі таму, што хоча знесці санкцыі. І менавіта гэта ён прапанаваў амерыканцам», — дадаў Латушка.
Латушка таксама выказаўся за ўвядзенне ЕС гандлёвага эмбарга з Мінскам.
Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», на 18 траўня ў Беларусі палітычнымі зняволенымі прызнаны 1173 чалавекі.
Каментары
Якія ж крывадушнікі... Вялізарная дзірка? А што там Кітай робіць? Хіба не тэхналогіі пастаўляе? А сваіх тэхналогій Рашы не хапае? Перш чым ізаляваць Беларусь за «саўдзел у вайне», хай Еўропа перастане купляць расейскі газ.