Грамадства11

Журналіст Ігар Карней расказаў пра здымкі для прапагандысцкага фільма і нечаканую сустрэчу з Дзярждэпам падчас зняволення

21 чэрвеня Ігара Карнея, як і 13 іншых вязняў, вызвалілі і вывезлі на тэрыторыю Літвы. Былы журналіст «Радыё Свабода» расказаў «Нашай Ніве» пра два гады за кратамі, куды ўмясціліся і здымкі ў відэа для АНТ, і месяцы ў штрафных ізалятарах, дзе Ігар даведаўся пра цяжкую хваробу жонкі.

Ігар Карней пасля вызвалення. Фота: «Наша Ніва»

За кратамі страціў 18 кілаграмаў

Карней на волі трохі больш за тыдзень. З першых хвілін гутаркі ён дзякуе літоўскім і амерыканскім дыпламатам, без якіх яго вызвалення не адбылося б. 

А вось пазіцыя беларускіх уладаў журналісту незразумелая:

«Без усякага шкадавання і нават з нейкай такой радасцю каментуюць, што яны пазбавіліся ад смецця. Маўляў, нічога трагічнага не здарылася, падумаеш, нейкіх нелаяльных проста выкінулі без ніякіх паперак, даведак, без нічога. 

А тое, што людзі пражылі ў Беларусі шмат гадоў, гэта іх Радзіма, там іх сваякі — гэта, на жаль, нікога не цікавіць».

Ігар падкрэслівае: як бы ён ні быў шчаслівы быць на волі, не можа радаваць тое, што ён не дома.

Цяпер у яго на руках толькі пашпарт — няма ні дакументаў пра пераслед, ні папер, якія паказвалі б, на якой падставе Ігара вызвалілі. Ён падкрэслівае, што не пісаў прашэння аб памілаванні. У Карнея былі дакументы, звязаныя з судом і яго тэрмінам, але іх канфіскавалі ў КДБ незадоўга да вызвалення.

Пакуль былы палітвязень радуецца простым рэчам:

«Паспеў пацешыцца відамі неба, сонца, хаця яго мала. Важна, што ёсць магчымасць бачыць далёкія краявіды, ёсць гарызонт. За гэтыя два гады я пражыў большасць часу ва ўмовах турэмных. Гэта пад дахам, так умоўна кажучы, калі нічога не бачыш і толькі ўяўляеш, што адбываецца за сценамі».

Цяпер Карней важыць 79 кілаграмаў. Да зняволення на максімуме было 97, то-бок за кратамі ён страціў 18 кілаграмаў.

Такая вага, кажа журналіст, яму падабаецца нават больш за мінулую — маўляў, лепш адпавядае патрэбам яго цела, хаця ён страціў яе відавочна не здаровым чынам. Шмат у чым, тлумачыць Ігар, на страту вагі паўплывалі стрэсы і трывогі за кратамі.

Ігара Карнея затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Ён адзначае, што тады быў звязаны з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, і судовы працэс быў пасля прызнання яе экстрэмісцкім фармаваннем. З іншага боку, кажа Ігар, яго ведалі як журналіста «Радыё Свабода», і таму, напэўна, сілавікі даўно збіраліся звярнуць на яго ўвагу.

Ігар Карней да зняволення

У выніку журналіста асудзілі па артыкуле 361-1 Крымінальнага кодэкса — за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Карнею далі тры гады зняволення — адбываць тэрмін накіравалі ў шклоўскую калонію №17.

«Было ў мяне больш за 20 сведкаў, усе — супрацоўнікі калоніі. Казалі, што я ніяк не станаўлюся на шлях выпраўлення»

Ледзь не кожны палітвязень сутыкаецца з тым, што за кратамі яго абвінавачваюць у неіснуючых парушэннях. Для Карнея гэта пачалося ў першыя ж дні ў калоніі:

«Фіксавалі прымітыўныя парушэнні — быццам я дзесьці з кімсьці не павітаўся, ужыў жаргоннае слова і іншыя дробязі. На гэтай падставе выносілі розныя санкцыі. Калі скончыўся каранцін, мяне адвялі ў атрад і сказалі, што маю адно непагашанае парушэнне, праз якое мушу мець пазачарговае дзяжурства».

Гаворка была пра вынас смецця і прыборку туалета — за такое за кратамі можна аказацца ў «нізкім статусе». Ігар адмовіўся і праз гэта зарабіў першыя пяць сутак у ШІЗА. Пасля гэтага ён некалькі дзён усё ж паспеў пабыць у атрадзе, але потым на яго зноў спрабавалі павесіць «пазачарговае дзяжурства». Яшчэ адна адмова — і зноў некалькі дзён ШІЗА. Далей зноў накіравалі на «дзяжурства». Пасля трэцяй адмовы Ігар аказаўся ў памяшканні камернага тыпу.

Але і на гэтым правакацыі не скончыліяся. Аднойчы Ігара вывелі на шпацыр у дворык ПКТ:

«Зайшоў туды і ўбачыў, што вакол сметніцы валяюцца недапаленыя бычкі і нейкія паперкі. А немагчыма ж, каб ты выйшаў і пасля цябе гэта засталося. Супрацоўнікі загадалі гэта прыбіраць — адказаў ім, што я не палю, таму паперкі не мае».

Пазней Ігару дадалі яшчэ 5 месяцаў ПКТ. У снежні 2024-га праз усе гэтыя «парушэнні» яму павялічылі тэрмін на 10 месяцаў — па артыкуле 411, то-бок «злоснае непадпарадкаванне» адміністрацыі калоніі.

Вось як гэта выглядала:

«Суд быў выязны, ім не давялося мяне нікуды вывозіць. Я сядзеў у сваёй «шызоіднай» форме, дзе на спіне і на грудзях было налеплена «ШИЗО», вісела жоўтая бірка з тэрмінам.

Фота: Lookbymedia

Проста ў штабе [калоніі] мяне судзіў выязны суд. Суддзя, прадстаўнік пракуратуры, сакратар, усе з Шклоўскага раёна. Было ў мяне больш за 20 сведкаў, усе — супрацоўнікі калоніі. Казалі, што я ніяк не станаўлюся на шлях выпраўлення, што нічога з мяне не будзе».

Ігар тлумачыць, што праз яго супрацу з «Радыё Свабода» кіраўніцтва калоніі ставілася да яго як да супрацоўніка варожага рэсурса. 

«Лічаць, што ўсё [у 2020-м] рабілася праз Амерыку і гібрыдныя войны. Калі ёсць войны, ёсць і байцы, а байцы — гэта быццам свабодаўцы. Выбудаваўся такі абсурдны і смешны лагічны ланцужок, і мне не падфарціла трапіць пад гэтую раздачу», — кажа былы вязень.

«Жонка напісала, што ў яе рак крыві»

Ігар знаходзіўся ў ПКТ, калі атрымаў ад жонкі трывожны ліст. Рэч у тым, што восенню 2024-га ў Іны Карней знайшлі анкалагічную хваробу.

Ігар успамінае:

«Атрымліваю адзін ліст — усё нармальна, нічога не прадказвае, што здарыцца нешта дрэннае. А літаральна ў наступным лісце яна піша, што мае кепскі аналіз крыві. У далейшых лістах напісала, што ў яе рак крыві.

На той момант я ўжо чатыры месяцы сядзеў у адзіночцы. І без таго на душы было кепска, а гэтая навіна была проста забойчая. Пасля гэтага стала яшчэ горш: ты не можаш нічым дапамагчы, ды яшчэ і пачынаеш прагназаваць нешта дрэннае, разгублены, бо ад цябе нічога не залежыць».

Той эпізод, кажа Ігар, быў ледзь не самым цяжкім за ўсе два гады за кратамі:

«Адчуваеш бяссілле, калі нічога не можаш зрабіць, не можаш вырвацца з гэтага палону. Такое бяссілле дзейнічае на мазгі, сэрца, на ўсе астатнія органы, і пачынаеш іх адчуваць. Здавалася, што з арганізмам усё добра, а тут ён дае збой».

Як здымалася відэа для прапаганды

Пасля таго, як Ігару дадалі тэрмін, ён на некалькі месяцаў апынуўся ў магілёўскай турме — чакаў апеляцыі. Аднойчы супрацоўнікі загадалі яму пакінуць камеру з рэчамі і вывелі на вуліцу. Кайданкі на руках, мех на галаве — вось так Карнея адвезлі ў мінскае СІЗА КДБ.

Там да журналіста прыйшоў следчы:

«Ён пачаў крыху з шантажу — маўляў, мяне яшчэ пашкадавалі, можна было накідаць яшчэ большы тэрмін. Казаў, што тут быў бы да месца артыкул пра «распальванне варажнечы» і што па «Радыё Свабода» можна было засудзіць, і што артыкул 411 ніхто не адмяняе. Але, кажа, можна не даводзіць да такога, бо некаторых калег ужо запісалі для тэлебачання, а я яшчэ застаўся.

Пасля таго, як я даведаўся пра дыягназ жонкі, мяне гэтыя пагрозы ўжо не надта хвалявалі. Тым не менш, гэта КДБ, над імі зверху нікога няма, і яны могуць элементарна зрабіць тое, чым пагражаюць. Таму абраў стратэгію нешта казаць [на відэа], але па магчымасці супрацьстаяць іх пажаданням атрымаць нейкія адрасы, паролі і яўкі».

Фота: Lookbymedia

Ігар падкрэслівае, што ў КДБ тады была ўся ўлада над ім, а ён быў проста закладнікам, і праігнараваць іх было немагчыма. Увечары таго ж дня, 4 студзеня 2025-га, з ім знялі сюжэт для прапаганды:

«Спачатку іх цікавіла пяць пунктаў, нешта пра ўдзел «Радыё Свабода» ў 2020-м. Потым, калі журналіст прыехаў, гэтых пунктаў стала ўжо 20. Не бачыў гэты сюжэт і не маю ніякага жадання. Думаю, яны нарэзалі відэа так, як ім было патрэбна, бо здымкі цягнуліся доўга — напэўна, кіно было ў фрагментарным варыянце».

Карней заўважае, што прапагандысты шчыльна супрацоўнічаюць з КДБ, у тым ліку і не маюць ніякага абмежавання ў доступе для матэрыялаў, сакрэтных для іншых людзей.

«Амерыканцы казалі, што прадстаўляюць новую адміністрацыю»

Пасля здымкаў палітвязня адвялі ў камеру. На наступны дзень яму загадалі прывесці сябе ў парадак, пагаліцца і памыцца. Раніцай Ігара зноў чакалі кайданкі і мех на галаву — яго некуды павезлі:

«Дагэтуль не магу ўявіць, куды мы прыехалі, але гэта быў непублічны будынак, я яго не пазнаў. Мне сказалі, што там будзе сустрэча з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША. Яна сапраўды адбылася, былі і прадстаўнікі беларускага боку. 

Амерыканцы казалі, што прадстаўляюць новую [прэзідэнцкую] адміністрацыю, хаця яшчэ не прайшла інаўгурацыя Дональда Трампа. Мяне вельмі здзівіла, што ёсць нейкія перамовы. Яны цікавіліся маім станам, спыталіся, ці гатовы я, калі перамовы да гэтага дойдуць, выехаць за межы Беларусі. Асаблівага інтарэсу я не выказаў, але, падумаўшы, пагадзіўся — дзеля ўз’яднання сям’і».

Ігара вярнулі ў СІЗА КДБ, а потым і ў магілёўскі СІЗА. Праз некалькі месяцаў ён апынуўся ў мазырскай калоніі №20 з рэцыдывістамі. Там Карнея яшчэ ў першыя дні адправілі ў ШІЗА на 30 сутак, а потым перавялі ў атрад — і тут здарылася тое нечаканае вызваленне:

«Калі 20 чэрвеня сказалі ісці з сумкамі на КПП, я расцаніў гэта так, што я ўжо засядзеўся ў атрадзе і час вяртацца ў звыклыя ўмовы ШІЗА. Таму што вязняў з прафулікам №10, то-бок «схільных да экстрэмізму», часта пасылаюць у ШІЗА, каб не расслабляліся».

Пасля двух вобшукаў і чакання палітвязня пагрузілі ў машыну, надзелі мех на галаву і павезлі ў Мінск. На наступны дзень ён аказаўся ў Вільні.

Ігар Карней пасля вызвалення ў Вільні. Фота: «Радыё Свабода»

Ігар кажа пра тое, як моцна хацеў бы бачыць іншых палітвязняў на волі — няхай і такім чынам, якім на волю выйшаў ён:

«Беларуская пенітэнцыярная сістэма жорсткая і антыгуманная, яна не выпраўляе, а толькі азлабляе, тым больш людзей, якіх увогуле не мусілі саджаць за краты праз тое, што яны выказвалі іншае меркаванне. Пераследаваць людзей за крытыку — гэта не прыкмета цывілізаванай дзяржавы.

Таму любыя высілкі, публічныя і закулісныя, вельмі дапамогуць людзям вярнуцца да нармальнага чалавечага існавання, пакуль яны яшчэ не дабітыя гэтай жорсткай сістэмай. Калі палітыкі ці грамадскія дзеячы пачынаюць гаварыць пра Беларусь, трэба гэта падтрымліваць, бо канфлікты ў іншых частках свету адцягваюць увагу ад тэмы Беларусі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Ашхен
    29.06.2025
    Тезисы для спора с путинистами и ябатьками.
    1.Демократия вс диктатура.При диктатуре со смертью лидера,кланы начинают войну,причем часто вооруженную за власть,при демократии же власть меняется регулярно и по прописанным
    правилам.Пример США начала как демократическая страна еще при ВКЛ и Речи паспалитой и до сих пор существует,а россия 2 раза успела развалится.
    2.Капитализм вс коммунизм . Нигде нету ни одного успешного проекта построения коммунизма на практике.Сейчас три каммунистических страны КНДР,Куба и Венесуэла.
    В КНДР постоянно голод в 90-х там 10% населения(более 2 млн человек) погибло от голода,в Венесуэле недавно подняли минимальную зарплату в 3 раза с доллара до 3,а на Кубе постоянный дефицит товаров и карточная система,
    а большинство кубинок торгуют своим телом за доллары которые привозят туристы.Если не верите,подумайте почему путин не востановит советский строй в границах РФ,он что не хочет народу бесплатно квартиры раздавать?Да потому,что он нежизнеспособен.
    3.Гарбачев агент ЦРУ развалил СССР,развалил СССР Ельцин(подписывали беловежские соглашения Ельцин,Шушкевич и Кравчук) и у него была рациональная причина.Русских из 300 млн(населения СССР) было меньше 100 млн.Страна переходила к демократической форме правления и есть
    такое явление как протестное голосование(как было в Беларуси в 2020),любой кроме русского.Представьте президент СССр Кадыров. Смешно но могло бы быть,если бы Ельцин не развалил СССР.Поэтому сами русские его развалили.
    4.Путин дорвался до власти и безбожно грабит страну,есть люди которые хотят лучшего для своей страны страны и они за сменяемость власти,но а что бы продолжать грабить страну нужна диктатура или альтернатива тюрьма.Отсюда и про бездуховность запада и выражение дерьмократия и про особый путь разговоры и все остальное.

Цяпер чытаюць

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах2

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей Ціханоўскі атрымаў пашпарт Новай Беларусі ФОТАФАКТ15

У Польшчы збіраюць грошы на лячэнне хворага беларускага хлопчыка6

Звычайны пачак беларускага масла пад ультрафіялетам паказаў схаваныя таямніцы11

Хто той беларус, які загаласіў на мітынгу, што Сяргей і Святлана Ціханоўскія — «ганьба і пагроза нацыянальнай бяспекі Літвы»30

Дэмакратычная Рэспубліка Конга і Руанда падпісалі ў кабінеце Трампа мірнае пагадненне5

«Радзівілава» мяжа ВКЛ з Лівоніяй значна супадае з сучаснай мяжой Беларусі9

Знікла жанчына, якая ехала з Беларусі ў Германію праз Варшаву

«Ускладняюць працэс рэгістрацыі». Для запісу на польскія візы з'явіліся новыя патрабаванні4

«Вельмі падобна на Беларусь». Як жывуць рэлаканты ў Балгарыі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах2

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць