Наяўнасць такіх лідараў крытычна важная тады, калі адчыняецца акно магчымасцяў і важна з яго скарыстацца. Але ці ёсць для іх ніша цяпер, разважае гісторык Алесь Пашкевіч.

Гісторык Алесь Пашкевіч піша ў фэйсбуку, што ўсцешаны вызваленнем блогера і палітвязня Сяргея Ціханоўскага. Але задаецца пытаннем: ці ёсць цяпер ніша для дзеячоў кшталту Ціханоўскага?
«У чацвярговым выступленні ў Варшаве ў прамовах Ціханоўскага выразна гучалі мабілізацыйныя ноткі — маўляў, я буду змагацца, я звалю рэжым, нічога не баюся і вы не бойцеся, мне патрэбна падтрымка — ідзіце за мной. Нямала, дарэчы, апазіцыянераў у дэмакратычным асяродку і раней наракалі, што трэба дзейнічаць больш рашуча, усім аб'ядноўвацца і пачынаць нешта рабіць — маючы на ўвазе, што той жа Офіс Ціханоўскай нічога не робіць з таго, што трэба рабіць. І вось тут Сяргей Ціханоўскі як бы рашуча настроены ўсіх, хто прагне «сапраўднай дзейнасці», пастроіць у калоны і кудысьці павесці.
Пытанне толькі — куды? Я асабіста не ўпэўнены ў тым, што беларуская дэмакратычная супольнасць у цяперашніх умовах патрабуе менавіта мабілізацыі, менавіта дзеячаў напорыстага, тараннага тыпу. Так, гэта вельмі пажадана пад нейкую канкрэтную кампанію — ці то выбары, ці то штурм рэйхстага, ці то нешта яшчэ, зразумелае і бачнае на гарызонце.
Іншымі словамі — наяўнасць такіх лідараў крытычна важная тады, калі на нейкі, часцей за ўсё непрацяглы час адчыняецца акно магчымасцяў і важна з яго скарыстацца.
Але пры цяперашнім нашым марафоне гэтае акно недзе ў далёкім тумане, а таму і любая мабілізацыя супольнасці нічога па сутнасці не дае».
На думку гісторыка, цяпер на эміграцыі цэніцца перадусім мазольная і сістэмная, інстытуцыйная праца. «А спрабаваць падымаць некага ў Беларусі пры цяперашнім забетанаванні ўсёй прасторы не толькі бесперспектыўна, але і ўвогуле шкодна», — лічыць ён.
«Неадназначныя перспектывы і запланаванай медыяактыўнасці Ціханоўскага. У ранейшым фармаце яна цяпер цалкам нерэалістычная, бо няма магчымасці не толькі самому ездзіць па краіне і камунікаваць з людзьмі, але і атрымліваць рэгулярную інфармацыю адтуль, а галоўнае — паўнавартасна яе выкарыстоўваць, каб нікога не падстаўляць. Нейкія ж проста баявыя лісткі без эксклюзіваў наўрад ці будуць доўга ў топах, тым больш што такога дабра і так у нас хапае.
Кіраваць жа актыўнасць у гэтым кірунку на эміграцыйныя разборкі — таксама шлях у нікуды, прыклад Сяргея Пятрухіна таму сведчанне».
Сітуацыю Ціханоўскага Пашкевіч параўноўвае з сітуацыяй Міколы Статкевіча, калі таго выпусцілі з турмы ў 2015 годзе.
«Які ён сам тады быў энергічны і ўзнёслы, якія на яго былі спадзяванні, што вось вярнуўся ў супольнасць чалавек з вялікім маральным аўтарытэтам, яму і карты ў рукі. І сам ён запэўніваў, што мае планы і ведае, што рабіць.
Але ж урэшце нічога не рэалізавалася, узначаліў Статкевіч дробную радыкальную групу, якая рэгулярна ладзіла нейкія дробныя вулічныя выступленні, хутчэй падобныя да акцый адчаю — ды і ўсё на гэтым. Праз паўгода ніхто ўжо са Статкевічам ніякіх спадзеваў не звязваў, ставіліся як і да іншых апазіцыйных лідараў.
І справа не ў ім як такім па сутнасці была, а проста ў агульнай адсутнасці рэвалюцыйнай сітуацыі, таго самага акна магчымасцяў. Смеласць, самаахвярнасць і напорыстасць — важныя рысы, але але не ў кожных абставінах, а толькі ў бурапенных. У часы ж застою і нявызначанасці цэняцца іншыя якасці».
«Паглядзім, што будзе, калі пройдзе нейкі час і эйфарыя спадзе. Прыклад Ціханоўскай сведчыць пра тое, што часам чалавек можа зусім неспадзявана раскрыцца з таго боку, якога ад яго ніяк не чакаеш. Яна якраз даказала, што цуды часам здараюцца. То хто ведае, можа ў іх у сям'і не адна яна такая».
Каментары