Свет3737

«Паўночны чалавек» — у Расіі шырыцца новы нацыяналістычны рух

«Паўночны чалавек» прываблівае моладзь, якая цэніць «правільнае адзенне», добрую фізічную форму і гатоўнасць да вулічных боек. Але абавязковыя элементы руху — не толькі спорт, але і «культурная работа». А ад праваслаўя рух трымаецца ўбаку. На чым грунтуецца ідэалогія «Паўночнага чалавека» і ці інспіраваны ён спецслужбамі?

Застаўка з роліка «Паўночнага чалавека» ў Рутубе. Скрыншот з відэа

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нацыяналістычныя рухі ў Расіі сталі хутка набіраць папулярнасць.

Самым вядомым лічыцца рух «Руская абшчына», створаны ў 2020 годзе. Ён мае выразны праваслаўны характар, а Маскоўская патрыярхія нават рэкамендавала святарам наладжваць кантакты з яго ўдзельнікамі. 

Яшчэ адно аб’яднанне, «Грамадства будучыня» («Общество будущее»), таксама з’явілася ў 2020-м. Яно дэкларуе апазіцыю ўладам, але падтрымлівае вайну.

Побач з імі, як піша «Медуза», асаблівай папулярнасцю вылучаецца рух «Паўночны чалавек» («Северный человек»). Яго ў 2022 годзе стварыў спявак Міша Мавашы (сапраўднае імя — Міхаіл Ніц).

Да вайны яго ведалі як рэпера, які прапагандаваў здаровы лад жыцця. Пасля асабістых крызісаў і пераходу ў рок ён заснаваў гурт «Мавашы Group». А з пачаткам вайны ператварыўся ў лідара новага нацыяналістычнага руху.

Мавашы адкрыта заяўляў, што не бачыць сэнсу ісці супраць дзяржаўнай машыны, бо апанентаў «саджаюць». У той жа час ён сцвярджаў, што рух не павінен рабіцца «палітпраектам» і не будзе сябраваць з уладамі.

Заснавальнік руху «Паўночны чалавек» спявак Міша Мавашы. Скрыншот з відэа

Ідэалогія і структура руху «Паўночны чалавек»

У якасці асноўнай мэты «Паўночнага чалавека» на сайце руху пазначана «адраджэнне і папулярызацыя каштоўнасцяў, традыцый і культуры расейцаў ды іншых славянскіх народаў; кансалідацыя грамадзян на аснове славянскага этнасу».

Аўтары і падпісчыкі рэгіянальных тэлеграм-каналаў руху крытыкуюць замежных рабочых, якія прыехалі ў Расію на заробкі, за тое, што тыя нібыта «сядзяць на расійскай сацыялцы і падатках».

Лагатып «Паўночнага чалавека» — шчыт з выявай барадатага ваяра ў багатырскім шлеме. Сам Мавашы ў сваіх першых відэароліках называў рух «этнічным» і настойваў: спорт — яго аснова.

Трэніроўкі павінны быць штотыднёвымі, а ўдзельнічаць у іх павінны цэлыя сем’і. Пры гэтым хлопчыкі займаюцца разам з дарослымі мужчынамі, каб фарміравалася «мужчынская супольнасць». Жанчыны — у асобнай групе.

Каб забяспечыць сілу і форму, мужчыны павінны выбіраць кантактныя віды спорту — адзінаборствы, барацьбу, кікбоксінг. Жанчынам рэкамендуецца фітнэс і «жаночы кікбоксінг».

У якасці дадатку да асноўных заняткаў можна пагуляць у актыўныя гульні і футбол.

Міша Мавашы Миша Маваши Misha Mavashi
Заснавальнік руху Міша Мавашы. Фота: ВКонтакте

Другі абавязковы элемент — культурная работа. Раз на тыдзень у кожным горадзе, дзе ёсць прадстаўніцтва «Паўночнага чалавека», павінна адбывацца сустрэча «літаратурнага клуба». Мавашы рэкамендуе абмяркоўваць кнігі, займацца музыкай і ладзіць лекцыі «прафесараў» з падобнымі поглядамі. Акрамя гэтага, раз у квартал трэба зладзіць афіцыйнае мерапрыемства, дазволенае мясцовай адміністрацыяй.

Акрамя «літаратурнага клуба», ячэйкі «Паўночнага чалавека» праводзяць трэніроўкі па «пачатковай вайсковай падрыхтоўцы», дзе асноўная ўвага нададзена стральбе і тактычнай медыцыне, а ў 2024 годзе падмаскоўныя ўдзельнікі нават бралі ўдзел у «рэйдзе» супраць мігрантаў разам з сілавікамі.

У руху ўжо былі скандалы. Вясной 2023 года падлеткі ў Пермі спалілі ікону. Мавашыўцы іх знайшлі, аднаго публічна высеклі і прымусілі папрасіць прабачэння перад праваслаўнымі на камеру.

Што тычыцца фінансавання дзейнасці, то, баючыся атрымаць статус «замежнага агента», Мавашы даводзіць, што мясцовыя ячэйкі павінны знаходзіцца на «самаўтрыманні», катэгарычна забараняе ахвяраванні ад незнаёмых людзей, але дапускае ўзносы ад мясцовых прадпрымальнікаў, якія сімпатызуюць руху.

Абавязковыя элементы руху «Паўночны чалавек» — спорт і «культурная работа». Фота 24smi.org

Імклівы рост і склад удзельнікаў руху «Паўночны чалавек»

Міша Мавашы публічна заяўляў, што рух не будзе знаходзіцца ў апазіцыі: «перці супраць [дзяржаўнай] машыны няма ніякага сэнсу», таму што праціўнікаў дзяржпалітыкі «ў асноўным садзяць».

Пры гэтым ён крытыкуе кіраўніцу Лігі бяспечнага інтэрнэту Кацярыну Мізуліну і спевака Шамана за дарагі піяр і крывадушнасць, падтрымлівае Пуціна і вайну з Украінай, хваліць за патрыятызм кіраўніка Валагодскай вобласці Георгія Філімонава, які спрабуе забараніць алкаголь і аборты ў сваім рэгіёне, і прызнаецца, што «заўсёды глядзіць» перадачу Мікіты Міхалкова «Бесагон».

"Паўночны чалавек" "Северны человек" "Northern man"
Удзельнікі руху з Краснадара. Фота: ВКонтакте

Да 2025 года рух прыцягнуў больш прыхільнікаў, чым чакаў яго арганізатар. Напрыклад, на самарскі тэлеграм-канал «Паўночнага чалавека» падпісаныя 7,2 тысячы чалавек, на новасібірскі — 8,2 тысячы, на пецярбургскі — 19 тысяч, а на маскоўскі — 41,5 тысячы.

Склад удзельнікаў руху Мішы Мавашы паказвае, што «Паўночны чалавек» стаў своеасаблівым «сярэднім варыянтам» сярод розных плыняў расійскага нацыяналізму. Тыя, каму «Грамадства будучыні» здаецца занадта інтэлектуальным, а «Руская абшчына» — архаічнай і занадта прывязанай да РПЦ, ідуць у рух Мавашы.

Многія ўдзельнікі — гэта маладыя людзі, часта з футбольнага фанацкага руху. Унутры гэтай культуры высока цэняцца «правільнае адзенне», спартыўная форма і гатоўнасць да вулічных сутычак. Для іх «Паўночны чалавек» стаў прывабным, бо тут шмат спорту, дысцыпліны і магчымасці адчуць сябе часткай «мужчынскай супольнасці».

Да яго таксама далучаюцца ветэраны вайны і дробныя прадпрымальнікі, якія хочуць арганізоўваць спортпляцоўкі, культурныя вечары, падтрымліваць сваіх на фронце.

Асобная частка ўдзельнікаў — гэта людзі, якія цікавяцца неаязычніцтвам, роднавер’ем або «традыцыйнымі славянскімі культамі», якіх адштурхоўвае праваслаўны крэн «Рускай абшчыны».

"Паўночны чалавек" "Северны человек" "Northern man"
Удзельнікі аддзялення руху «Паўночны чалавек» у Цвяры. Фота: старонка аддзялення ВКонтакте 

Як улады ставяцца да руху «Паўночны чалавек» 

Афіцыйнага «сігналу» з Крамля пра тое, што «Паўночнага чалавека» трэба падтрымліваць ці, наадварот, душыць, пакуль няма. Але на рэгіянальным узроўні рух ужо стаў зручным партнёрам для губернатараў і мэраў.

Паліттэхнолаг, блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта, называе рух «траваедным варыянтам» для патрыётаў.

Ён тлумачыць: «Па «Рускай абшчыне» пайшлі пытанні, з’явіліся праблемы з уладамі. Там занадта шмат праваслаўнага радыкалізму, жорсткіх акцый, самасудаў. Гэта можа стаць рызыкай для мясцовых чыноўнікаў.

А «Паўночны чалавек» больш кан’юнктурны: спорт, цвярозасць, сямейныя каштоўнасці. Таму губернатар ці мэр можа ўзяць аддзяленне пад крыло, паказаць сваю «патрыятычную працу з моладдзю» — і пытанняў ні ў каго не ўзнікне. Пакуль».

На сёння афіцыйную рэгістрацыю маюць 26 прадстаўніцтваў руху ў розных рэгіёнах. Іх афармляюць як некамерцыйныя арганізацыі. Галаўной структурай стала варонежская, якой належыць і гандлёвая марка руху.

"Паўночны чалавек" "Северны человек" "Northern man"
Фота: mikhailmavashi / Telegram

Некаторыя ячэйкі ўжо атрымалі дзяржаўную падтрымку. У Варонежы — амаль мільён расійскіх рублёў на «паэтычны батл», у Краснадары — памяшканне ад мэрыі.

Знаёмы Мішы Мавашы, удзельнік вайны з Украінай, не выключае, што рух можа паспрабаваць «вылучыць кагосьці ў Дзяржаўную думу» на выбарах 2026 года. Але мяркуе, што з большай імавернасцю «Паўночны чалавек» падтрымае асобных кандыдатаў, не звязаных з рухам, — «перш за ўсё СВАшнікаў». Так у Расіі называюць удзельнікаў вайны з мэтай захопу Украіны.

Каментары37

  • Лол
    12.09.2025
    Расійская КДБ-ФСБ заўсёды славілася рознымі кірункамі дзейнасці і прасоўвання сваіх поглядаў. Выбірай каго хочаш, ад скрайніх фашыстаў, да Панасенкава і Сабчак, ад дырэктароў Газпрома і Белгазпромбанка, да патрыярха Кірыла. Вынік будзе адзін ва ўсіх выпадках. Таму так, гэтая субкультурка, чыста гэбоўскі варыянцік адцягнуць частку моладзі.
  • Спадар
    12.09.2025
    У сябе на рабсіі хоць пазабівайцеся,абы у цывільны свет не суваліся ўсе "рускі мір"!!!
  • Жырны чалавек
    12.09.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі28

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Мікола знік, а змагары яго нават не шукаюць». У інфармацыйнай спецаперацыі беларускіх службаў змяніліся акцэнты10

Літва дазволіла машынам з беларускімі нумарамі, якія вяртаюцца ў Беларусь, перасякаць сваю мяжу2

Кіраўнік МУС Літвы расказаў, у якім выпадку закрыюць мяжу з Беларуссю8

Лукашэнка: Амерыканская дэлегацыя ў нас рэгулярна тут бывае. Мы з імі вядзем пэўныя перамовы10

Офіс Ціханоўскай пракаментаваў дэпартацыю часткі палітвязняў без пашпартоў6

Літоўская армія: Рызыка нападу падчас вучэнняў «Захад» нізкая, але верагоднасць правакацый узрасла

«Асаблівы падарунак» Трампа Лукашэнку аказаўся мерчам з крамы Белага дома20

Літва санкцый з Беларусі не здыме, пакуль не будуць ліквідаваныя прычыны6

ФБР апублікавала відэазапіс уцёкаў меркаванага забойцы Чарлі Кірка8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі28

Фіналістак конкурсу «Міс Беларусь — 2025» вывелі на сцэну ў касцюмах з цытатамі Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць