Лукашэнка загадаў выкараняць касякі і свістапляску ў Акадэміі кіравання
Аляксандр Лукашэнка, прымаючы рашэнне аб назначэнні новага рэктара Акадэміі кіравання, паставіў задачу ліквідаваць прабелы ў кадравай рабоце і зрабіць ВНУ найлепшай у краіне, піша БелТА.

Кіраўніком Акадэміі кіравання прызначаны Дзяніс Дук, які да гэтага часу працаваў рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова.
«Свістапляска з кадрамі ў Акадэміі кіравання недапушчальная. Гэта страшны касяк Адміністрацыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка сваёй Адміністрацыі Дзмітрыя Крутога.
Новага рэктара ВНУ Лукашэнка зарыентаваў на эфектыўную працу дзеля таго, каб вывесці акадэмію ў лідары, але і папярэдзіў, што Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт не павінен застацца без увагі — туды неабходна падабраць дастойную кандыдатуру на вызваленую пасаду рэктара.
«Я вельмі-вельмі разлічваю на вашу працу ў Акадэміі кіравання, — сказаў ён. — Але і ўніверсітэт Куляшова не павінен стаць на калені. Падбірайце новага рэктара. Павінны быць моцныя кандыдатуры. Універсітэт невялікі, але няпросты. Таму падключайся да гэтага пытання, дапамагай вырашыць кадравае пытанне там і, памірай, але Акадэмія кіравання павінна быць лепшай у краіне», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Дзяніса Дука.
Каментары