Беларускаму футбольнаму трэнеру, які прайграў 8 з 9 апошніх матчаў, плацяць у Расіі па 60 тысяч еўра на месяц
Але і выгнаць не могуць, бо тады давядзецца заплаціць Аляксею Шпілеўскаму 800 тысяч еўра няўстойкі.

37‑гадовы беларускі галоўны трэнер клуба «Пары НН» з расійскага Ніжняга Ноўгарада Аляксей Шпілеўскі зарабляе 60 тысяч еўра на месяц.
Як сцвярджае інсайдар Іван Карпаў, непасрэдна заробак у беларуса — 57 800 еўра, але яшчэ 2200 еўра яму плацяць на арэнду кватэры.
Пад кіраўніцтвам Шпілеўскага «Пары НН» ідзе на апошнім месцы ў чэмпіянаце Расіі. Каманда прайграла 8 з 9 апошніх матчаў, аднак выгнаць трэнера не так і проста.
У кантракце прапісана, што калі пры цяперашніх выніках трэнера звальняюць да Новага года, то яму павінны будуць заплаціць 800 тысяч еўра няўстойкі. Калі пасля Новага года — прыкладна 240 тысяч еўра.
Аляксей Шпілеўскі ўзначаліў «Пары НН» у чэрвені 2025 года пасля таго, як адтуль быў звольнены іншы беларускі трэнер — Віктар Ганчарэнка. Перад гэтым Шпілеўскі тры гады ўзначальваў кіпрскі клуб «Арыс» з Лімасола, з якім дабіўся немалых поспехаў. Пад яго кіраўніцтвам «Арыс» у 2023 годзе ўпершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам Кіпра, а пасля прабіўся ў групавы раўнд Лігі Еўропы. У тым жа 2023 годзе Шпілеўскі быў прызнаны найлепшым трэнерам чэмпіянату Кіпра.
Каментары
И как мне прикажете работать?