Меркаванні3434

Чаму Лукашэнка гэтыя дні злы як чорт?

Мір на такіх умовах, якія вымалёўваюцца, будзе азначаць перамогу Украіны. У праекты, якія мы бачылі, уключаны шэраг пунктаў, якія дазваляюць Маскве захаваць твар. Але якія нічога не азначаюць у сутнасці, піша Мікола Бугай.

Аляксандр Лукашэнка і Коля, 2025 год. Фота Alexander Kazakov Sputnik Kremlin Pool Photo via AP

Лукашэнка, верны сабака Масквы, ні разу за гэтыя чатыры гады не адыходзіў ад маскоўскай метадычкі. На гэтым тыдні ён назваў вайну «цягамоцінай». Ну, паказальна.

Канчатковы тэкст патэнцыйнай мірнай дамовы пакуль невядомы, але з тых зліваў, якія былі, калі адкінуць інфашум, вынікае, што мір можа быць заключаны на ўмовах, якія прымальныя для Украіны.

Згода Расіі на замірэнне будзе азначаць, што Масква вычарпала свае рэсурсы і не мае сілаў, каб працягваць. Зрэшты, год бадання маскоўскай арды за тры райцэнтры сам сабою паказваў, што гэты пункт блізкі — калі Украіна і яе еўрапейскія саюзнікі не дрогнуць. Яны не дрогнулі.

У праект уключаны шэраг пунктаў, якія дазваляюць Маскве захаваць твар. Але якія нічога не азначаюць у сутнасці.

Абмежаванні на армію 800 ці 600 тысяч? На словах прыніжальна, але ў рэальнасці да вайны ўкраінцы мелі армію 200 тысяч. Польшча і Германія толькі мараць давесці свае да 270‑300 тысяч. І окей: армія 600 тысяч, а хто перашкодзіць дзейнасці народных дружын дранаводаў? Ужо не кажучы пра тое, што ў цяперашняй вайне не жывая сіла вырашае.

Вырашэнне пытанняў мовы і адукацыі на аснове нормаў ЕС? Дык яно ва Украіне і так адпавядае фактычна нормам ЕС.

Дазвол на існаванне УПЦ Маскоўскага патрыярхата? Дык яна і так дэ-факта існуе, не разганяць жа тых бабулек. Але яе ўплыў цяпер мізэрны.

І нават прапісванне «непашырэння НАТА». А яно ж і так не пашыралася: Украіна білася, білася ў дзверы, ды так і не дабілася. Так, гэтая ўмова — гэта кепска закамуфляванае прызнанне краін былога СССР сферай уплыву Крамля. Але гаворка толькі пра некалькі дзяржаў, якія і без таго былі сферай уплыву — тыя, кіраўніцтва якіх, як Лукашэнка, прадалося. Гэта не тое, пра што марылася крамлёўскім стратэгам.

Стыль Трампа дазваляе Маскве прадаць свайму абалваненаму мясу такую дамову як дасягненне. Ну так, гэта сапраўды не «стратэгічная параза Масквы» і не «распад Расіі», якога ўсе (прызнайцеся, і вы таксама) так хацелі б. Але гэта і зусім не тое, на што Пуцін з Лукашэнкам спадзяваліся і што сам, напачатку ашаломлены, Захад прагназаваў чатыры гады назад.

Расія прабіла сабе сухаземны калідор у Крым, але больш ніводнай мэты не дасягнула.

Пачынаючы вайну, расіяне разлічвалі захапіць Кіеў і дабіцца капітуляцыі Украіны. Пасля чаго, на хвалі эйфарыі, адбылася б, магчыма, спроба бліцкрыгу ў іншых усходнееўрапейскіх краінах і «ўз'яднання трох славянскіх народаў у адну імперыю». 

Нават пасля правалу бліцкрыгу ўвесну 2022 Расія ўсё яшчэ патрабавала ад Украіны дэ-факта капітуляцыі.

І нават патрабаванні Масквы напачатку 2025 года ўключалі адвод украінскіх войскаў на межы Запарожскай і Херсонскай і рускую як другую дзяржаўную мову. Нічога з гэтага ў даступных нам праектах не засталося. Расіяне так і не здолелі захапіць ніводнага ўкраінскага абласнога цэнтра.

Так, амерыканцы не далі Украіне суперсучаснай зброі. Фактычна гэта здрада, але гэтая здрада ад часоў Абамы працягваецца, калі Вашынгтон зрабіў выгляд, што Будапешцкі мемарандум — гэта пустая паперка. Гэта вынік нежадання Вашынгтона ўздымаць планку канфлікту. Амерыканцы пагаджаюцца прымаць Расію такой, якая яна ёсць, не бачаць гэтаму альтэрнатывы. На маю думку, гэта памылка, але ім відней і што мы зробім: свая рука ўладыка.

Галоўнае — Украіна з немалой дапамогай Захаду, перадусім краін Скандынавіі, Германіі, Брытаніі, Польшчы, выстаяла і захавала поўную незалежнасць, і нават не ўпусціла расіян на правы бераг.

Вайна мела вялізныя наступствы і для ўсёй Еўропы, для ўсяго свету. Ні Украіна, ні Еўропа ў 2022‑м не былі гатовыя да вайны, але за гэтыя чатыры гады Расія вычарпала рэсурсы, а краіны Еўропы, наадварот, умацоўваліся і рыхтаваліся. І Украіна-2026, хоць і страціла ўцекачоў, кансалідаваная і ўзброеная лепш за Украіну-2022.

Насуперак таму, што гаворыць прапаганда, Еўропа разам з Украінай будзе зусім не слабая, нават і ў ваенным плане. І гэта яшчэ не ўсе новыя заводы ўзбраенняў запрацавалі. 

Таму мяне не здзіўляе, што Аляксандр Лукашэнка гэтыя дні злы як чорт. І аддаў Буданаву ўкраінскіх закладнікаў раней за Расію.

Вядома, трэба дачакаць канчатковага варыянта: пытанне Славянска, Краматорска і гары Карачун няяснае, а яно істотнае, як і пытанне замарожаных расійскіх актываў і крыніц фінансавання адбудовы Украіны. Але пакуль выглядае, што канец вайны ўпершыню паказаўся на даляглядзе. 

Каментары34

  • 44
    25.11.2025
    Аннушка пролила масло: московитской орде конец!
  • Gorliwy Litwin
    25.11.2025
    лукашэначка злы як чорт, таму што баіцца сканчэння вайны к гэткага. Ён не хацеў перамогі ніводнаму з бакоў, а менавіта каб яна доўжылася як мага больш. Гэта дазваляе яму прадаваць шчыраму люду вобраз Астраўка Міру і Стабільнасці, зарабляць на ваенных замовах, дарагім харчаванні і мутных пасярэдніцкіх схемах. Цяпер ён найбольш баіцца што вайна скончыцца хоць як, (а напрыклад санкцыі не здымуць) і ён апынецца сам насам з эканамічнымі праблемамі, з Пуціным - і з пабляклым іміджам Цара-ратавальніка.
  • Не тое слова ужыта!
    25.11.2025
    ён не пёс - ён певень

Цяпер чытаюць

Затрыманы член камісіі па вяртанні5

Затрыманы член камісіі па вяртанні

Усе навіны →
Усе навіны

Прыйшоў адказ з МУС наконт месца знаходжання Мікалая Статкевіча12

«Засталося толькі некалькі пунктаў». У Белым доме сказалі, што большасць пунктаў мірнага плана па Украіне ўзгодненыя2

Латушка: Пра месцазнаходжанне Анжалікі Мельнікавай нічога не вядома14

Дар’я Шманай двойчы трапляла ў аварыі ў Маскве на чужым «Мерсэдэсе»28

Прадстаўнікі ЗША і Расіі праводзяць перамовы ў Абу-Дабі 

Сі Цзіньпін сказаў Трампу пра жаданне вяртання Тайваня7

Пазняк пра мірны план Трампа: Гэта не справядліва, але рацыянальна для ЗША100

Амаль 250 украінскіх дронаў атакавалі поўдзень Расіі і анексаваны Крым

Скандал у Брытаніі: кампанія звальняе брытанскіх супрацоўнікаў, але наймае беларусаў9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрыманы член камісіі па вяртанні5

Затрыманы член камісіі па вяртанні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць