Свет33

Як венесуэльскія банды і афрыканскія джыхадзісты завальваюць Еўропу какаінам

Венесуэла стала ключавым транзітным хабам для калумбійскага какаіну, які масава ідзе ў Еўропу праз краіны Сахелю. Аб’ёмы канфіскацый какаіну ў Еўропе цяпер перавышаюць паўночнаамерыканскія. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.

Партыя какаіну, канфіскаваная Берагавой аховай ЗША. 19 лістапада 2025 года. Фота: AP Photo / Rebecca Blackwell

За апошнія гады Калумбія рэзка нарасціла вытворчасць какаіну, і традыцыйныя шляхі кантрабанды аказаліся перагружанымі. Як кажуць прадстаўнікі праваахоўных органаў, гэта прымусіла сеткі шукаць новыя «вокны» — і Венесуэла аказалася найбольш зручнай.

Кантрабандысты карыстаюцца стратэгічным становішчам краіны, яе працяглай берагавой лініяй і неэфектыўнасцю органаў бяспекі. У Венесуэле фактычна няма ні плантацый кокі, ні буйных лабараторый фінальнай апрацоўкі.

Калумбійскія кантрабандысты завозяць какаін у краіну па сушы, і далей ён перавозіцца ў Афрыку лёгкімі самалётамі, рыбацкімі лодкамі, паўпадводнымі суднамі і грузавымі караблямі. У схемах, паводле следчых, удзельнічаюць і карумпаваныя вайскоўцы.

Афрыканскі этап

Калі груз прыбывае ў Заходнюю Афрыку, ён трапляе ў зону ўплыву сетак, звязаных з узброенымі ісламісцкімі групоўкамі. У паўночным Малі, паводле былых і цяперашніх паўстанцкіх лідараў, кантрабандысты супрацоўнічаюць з групамі, афіляванымі з «Аль-Каідай»: тыя суправаджаюць калоны, бяруць «плату за праезд» і фактычна ахоўваюць маршрут праз Сахель.

Былы афіцэр амерыканскай ваеннай разведкі Хесус Рамэра тлумачыць:

«Какаін 1980‑х — не тое самае, што мы бачым сёння. Ёсць прамыя сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі, каб падтрымліваць іх дзейнасць».

Далей шлях ідзе праз Сахару ў Алжыр, Марока, Лівію. Паводле дакладу ААН за 2024 год, у Лівіі прарасійская групоўка бярэ плату за транзіт какаіну з Нігера ў Егіпет. Далей грузы праз Міжземнае мора трапляюць у Паўднёвую Еўропу.

Еўропа — галоўны рынак

Паводле Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, аб’ёмы канфіскацый какаіну ў Еўропе цяпер перавышаюць паўночнаамерыканскія. Гэта вынік і росту паставак, і высокага попыту.

Эксперт InSight Crime Джэрэмі Макдэрмат адзначае:

«Колькасці настолькі выраслі, што галоўная праблема для традыцыйных сетак — як іх увогуле перамясціць».

Іншыя эксперты адзначаюць, што акрамя Венесуэлы вялікія партыі какаіну ідуць таксама з Бразіліі, Гаяны і іншых краін.

Маршрут праз Венесуэлу ўжо даў серыю рэкордных канфіскацый. У верасні мінулага года два прыватныя самалёты Gulfstream з какаінам узляцелі з імправізаванай узлётнай паласы ў штаце Апурэ на мяжы з Калумбіяй. Адзін з іх затрымалі ў Гвінеі-Бісаў з 2,6 тоны какаіну — гэта рэкорд для краіны, вядомай як наркахаб. Другі дабраўся да Буркіна-Фасо, дзе дзейнічаюць ісламісцкія баевікі.

Заходнія чыноўнікі кажуць: з Венесуэлы ў Заходнюю Афрыку лятае як мінімум адзін наркарэйс на тыдзень. Каб схаваць маршруты, пілоты выключаюць транспондары, а дыспетчараў падкупляюць, каб тыя выключалі сістэмы адсочвання.

Акрамя авіяканалаў, працуюць і марскія маршруты. Дзякуючы карупцыі ў партах і на ўзбярэжжы з Венесуэлы рэгулярна выходзяць судны, што накіроўваюцца ў Партугалію, Іспанію ды далей па Еўропе.

У снежні 2024‑га Іспанія канфіскавала 3,3 тоны какаіну на венесуэльскім рыбацкім судне каля Канарскіх астравоў. Раней улады Ірландыі перахапілі судна MV Matthew з 2,2 тоны какаіну на борце. Гэта была найбуйнейшая партыя наркотыку ў гісторыі краіны. Следства лічыць, што груз быў загружаны ў водах паблізу Венесуэлы.

Калумбійскія дылеры карыстаюцца і паўпадводнымі суднамі, якія выходзяць з Венесуэлы ў бок Іспаніі. У лістападзе партугальская паліцыя затрымала адно з такіх суднаў з 1,7 тоны какаіну. На борце быў венесуэльскі экіпаж.

Супрацоўнікі антынаркатычных службаў заяўляюць пра ўсё большую колькасць прыкмет удзелу Венесуэлы ў еўрапейскім наркагандлі. Іспанская паліцыя нядаўна затрымала 13 членаў венесуэльскай банды Tren de Aragua, што стала першым выпадкам у Еўропе.

Барацьба з трафікам

Адміністрацыя ЗША ўзмацніла ціск на ўлады Венесуэлы, абвінавачваючы рэжым Нікаласа Мадура ў датычнасці да наркатрафіку — Мадура гэта адмаўляе. У Вашынгтоне заяўляюць, што наносяць удары па суднах, якія нібыта вязуць наркотыкі, у тым ліку з Венесуэлы. Дзяржсакратар Марка Рубіа абгрунтоўвае аперацыі тым, што Венесуэла — транзітны вузел, і заяўляе, што еўрапейцам варта не крытыкаваць гэтыя дзеянні, а быць за іх удзячнымі.

Еўрапейскія сілавыя структуры ўзмацнілі супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі, але аб’ёмы паставак растуць хутчэй. У Сахелі сітуацыю ўскладніла серыя вайсковых пераваротаў, пасля якіх супрацоўніцтва з Захадам часткова развалілася.

На гэтым фоне патокі какаіну праз Венесуэлу і Заходнюю Афрыку працягваюць расці. Як адзначаюць даследчыкі ААН па наркотыках, разам з пастаўкамі расце і спажыванне: какаін усё часцей становіцца масавым не толькі ў Амерыцы і Заходняй Еўропе, але і ў рэгіёнах, дзе раней ён быў маргінальным — ад Аўстраліі да Усходняй Еўропы.

Каментары3

  • Serge
    03.12.2025
    Расце попыт на наркату ... Вось такая эвалюцыя Хомо сапіенс!
  • George
    03.12.2025
    Европа должна смириться и легализовать наркоту. Другого выбора нет, это судьба.
  • воля
    03.12.2025
    George, адказаў чувак, патроны якога ганяюць чамаданамі па дыпламатычных каналах

Цяпер чытаюць

Топ самых модных беларускіх мужчын — выбар стылісткі8

Топ самых модных беларускіх мужчын — выбар стылісткі

Усе навіны →
Усе навіны

У нараўлянскім палацы Горватаў цалкам гатовы новы дах. Цяпер будынак уратаваны3

Расійскі генерал: Ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас35

У Расіі «юрыстам года» прызналі Дзмітрыя Мядзведзева9

У Карме пажарнік заахвочвае падпісвацца на раённую газету праз публічнае яе спаленне ВІДЭА4

Віленскі аэрапорт зноў закрылі4

Сямейныя інтарэсы перасталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна. Што хаваецца за паўднёвым ваяжам Лукашэнкі8

Zubr-мабіля ў Беларусі не будзе? Міністэрства прамысловасці выступіла з абвяржэннем9

Урад падкарэктаваў сістэму цэнавага рэгулявання. Асаблівая ўвага — на агуркі і памідоры1

На ютуб-шоу «О(б)суждаем» абмеркавалі фільм «Класная». «Беларусьфільм» паскардзіўся ютубу9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топ самых модных беларускіх мужчын — выбар стылісткі8

Топ самых модных беларускіх мужчын — выбар стылісткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць