У Крамлі заявілі, што мірны план ЗША надалей будзе правіць Джарэд Кушнер
У Крамлі заявілі, што галоўным аўтарам магчымых далейшых карэкціровак у прапанаваным амерыканцамі мірным плане па заканчэнні вайны ва Украіне будзе Джарэд Кушнер — зяць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і заснавальнік кампаніі Affinity Partners. Пра гэта паведаміў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў у інтэрв’ю прапагандысту Паўлу Зарубіну.

«Шмат у чым, калі будзе вярстацца і далей на паперы нейкі план, які вядзе да ўрэгулявання, то ручкай вадзіць шмат у чым будзе менавіта спадар Кушнер», — сказаў Юрый Ушакоў.
Ён адзначыў, што прысутнасць Кушнера на нядаўняй сустрэчы ў Крамлі вельмі спрыяла перамовам, бо надала размове «больш сістэмнасці» і стала добрым дадаткам да «абаяння і прыязнасці» спецпасланіка ЗША Стыва Уіткафа. Ён таксама падкрэсліў, што Пуцін і Уіткаф размаўлялі вельмі па-сяброўску і хутка знаходзілі агульную мову.
Перамовы Пуціна з Уіткафам і Кушнерам адбыліся 2 снежня. Амерыканскія прадстаўнікі прывезлі ў Маскву прапанаваны і ўзгоднены з Кіевам і Еўрасаюзам праект мірнага плана. Аднак, паводле крыніц NBC News, Пуцін адмовіўся ісці на кампраміс па некалькіх ключавых пытаннях: статусе тэрыторый Данбаса, абмежаванні колькасці ўкраінскага войска і міжнародным прызнанні захопленых Расіяй тэрыторый. Перад сустрэчай амерыканцаў трымалі ў чаканні каля трох гадзін, пакуль Пуцін выступаў на форуме «Расія кліча».
Пасля пяцігадзіннай размовы Ушакоў паведаміў, што пакуль ніводнага кампраміснага варыянта дакумента няма: частка прапаноў ЗША Маскву задавальняе, частка — не. Пры гэтым бакі дамовіліся не раскрываць падрабязнасцяў перамоў.
Пасля размовы ў Крамлі Уіткаф і Кушнер адмовіліся ад запланаванай сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім і адразу вярнуліся ў Вашынгтон, хоць першапачаткова збіраліся наведаць таксама Брусель.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пазней адзначыў, што перамовы яго прадстаўнікоў з Пуціным прайшлі «вельмі добра». Па яго словах, у перамоўшчыкаў склалася ўражанне, што Пуцін хоча скончыць вайну і вярнуцца да нармальнага жыцця. Трамп таксама заявіў, што сучасныя ўмовы пагаднення сталі для Кіева горшымі, чым падчас яго апошняй сустрэчы з Зяленскім.
«Зарабляйце, а не ваюйце». Трамп і Уіткаф вераць, што Пуцін можа пайсці на мір дзеля прыбыткаў. Або самі мараць аб зыску
«Яны граюцца ў гульні». Мерц ды іншыя еўрапейскія лідары баяцца здрады ЗША
«Не магу сказаць, што атрымаецца». Трамп хваліць перамовы Уіткафа ў Крамлі, але не ўпэўнены ў іх поспеху
Уіткаф і Кушнер далажылі Трампу пра «прадуктыўную» сустрэчу з Пуціным
У Маямі скончылася сустрэча прадстаўнікоў Украіны і ЗША
Каментары