Літоўскія перавозчыкі рыхтуюць калектыўны пазоў супраць свайго ўрада з-за захраслых у Беларусі грузавікоў
Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў Linava рыхтуе калектыўны пазоў супраць свайго ўрада з-за грузавікоў, якія захраслі на беларускай мяжы з мінулага года. Па словах прэзідэнта асацыяцыі Эрландаса Мікенаса, да пазову далучыліся больш за 100 кампаній, піша Delfi.lt.

Як паведамляецца, сітуацыя застаецца нязменнай: грузавікі ў Літву ўсё яшчэ не вярнуліся, а ад літоўскага ўрада ці ад Беларусі ніякай інфармацыі адносна іх лёсу няма. Асацыяцыя дапамагае перавозчыкам знайсці юрыдычную падтрымку і вызначыць, з якой фірмай будуць супрацоўнічаць для падрыхтоўкі пазову.
На пачатковым этапе Linava плануе шукаць мірныя рашэнні праз юрыстаў, а ў выпадку няўдачы будуць выкарыстоўвацца іншыя метады. На сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту было вырашана, што галоўнае — дапамагчы грузавікам вярнуцца, а не лічыць іх дакладную колькасць.
Перавозчыкі адзначаюць, што хоць МЗС нібыта працуе над праблемай, яны пакуль не атрымліваюць ніякай канкрэтнай інфармацыі.
Паводле Linava, у Беларусі могуць знаходзіцца каля 4000 зарэгістраваных у Літве транспартных сродкаў. Літоўская мытня давала зусім іншыя лічбы: 185 транспартных сродкаў з літоўскімі нумарамі на мяжы.
Каментары