Лідар гурта «Дразды» Віталь Карпанаў, які летась абвясціў пра сыход калектыву са сцэны і планы заняцца беларускамоўным стэндапам, падзяліўся нечаканымі кадрамі. Музыка апублікаваў фота ў царкоўным аблачэнні з царквы Святой Ефрасінні ў Івянцы.

«З нараджэннем Хрыста! Зноў давялося папанамарыць, памаліцца ў алтары свайго храма ў Івянцы праз 25 гадоў! Парадавала пытанне самага маленькага панамара, хлопчык 9 гадоў, які падышоў і спытаў: «А ты служыў?»», — напісаў музыка ў Threads.

Панамар (або алтарнік) — гэта не святар, а свецкі служыцель, які дапамагае пры богаслужэнні. Яго галоўная задача — сачыць за парадкам у алтары і своечасова дапамагаць святару.
Менавіта панамары распальваюць кадзіла, выносяць свечкі, рыхтуюць аблачэнне для святароў, звоняць у званы і прыбіраюць у алтары. Гэта ніжэйшая ступень царкоўнага служкі, да якой часта далучаюцца хлопчыкі ці мужчыны з ліку вернікаў.
Для Карпанава візіт у івянецкі храм — гэта сапраўднае вяртанне дамоў. Хаця музыка нарадзіўся ў Дубровенскім раёне, яго дзяцінства прайшло побач з Івянцом, у вёсцы Сівіца.
У школьныя гады (з 5‑га да 11‑га класа) Віталь разам з маці наведваў царкву Святой Ефрасінні Полацкай, якая тады толькі будавалася — у тым ліку з яго ўдзелам. Карпанаў спяваў у царкоўным хоры, наведваў нядзельную школу і быў служкам у алтары.
Сама служба, пра якую напісаў спявак, праходзіла ў ніжняй царкве гэтага храма, пабудаванага ў 1998 годзе на месцы былога касцёла ў стылізаваных формах старажытнарускага дойлідства.

Віталь Карпанаў у алтары царквы. Фота: Threads
Цяжкі год для «Драздоў»
Апошні год для Карпанава і яго гурта быў няпростым. «Дразды», вядомыя сваімі беларускамоўнымі хітамі і лаяльнай да ўлады рыторыкай, раптоўна сутыкнуліся з праблемамі. Нягледзячы на падкрэсленую падтрымку афіцыйнага курсу і нават своеасаблівае «пакаянне» за 2020 год (тады Карпанаў параўнаў пратэстоўцаў з тымі, хто «прыставіў нож да горла кіроўцы», а сябе і іншых спалоханых — з тымі, хто «пукнуў ад страху»), гурт трапіў пад прэсінг.
Прычынай сталі скаргі прарасійскіх актывістаў, сярод іх, Вольгі Бондаравай, якую раздражняла беларуская мова ў творчасці музыкаў. Увесну Карпанаў нават заяўляў пра спыненне дзейнасці гурта, бо ім фактычна забаранілі выступаць у буйных гарадах.
Пазней сітуацыя крыху палепшылася: пасля рэзанансу ў СМІ чыноўнікі нібыта далі дабро на канцэрты ў абласных цэнтрах. Аднак сталіца для «Драздоў» засталася закрытай — у правядзенні канцэрта ў мінскім Палацы спорту ім адмовілі.
На гэтым фоне Карпанаў пачаў шукаць сябе ў іншых жанрах, анансаваўшы сольныя выступы ў фармаце беларускамоўнага стэндапа, бо, паводле яго назіранняў, «сяло здаганяе» нават тых, хто з'ехаў у вялікі горад і адмаўляецца ад роднай мовы.
Каментары