У Беларусі забаранілі ўвоз і продаж некалькіх відаў расійскіх незамярзаючых вадкасцяў для абмывання шыбаў аўтамабіля. Паводле паведамлення Міністэрства аховы здароўя, гэтыя прадукты могуць быць небяспечнымі для жыцця і здароўя.

Пад забарону трапілі тры прадукты кампаніі «Хімпартнёр»: «Снежная дарога» (-30°C), «Зімовая вішня» (-30°C) і «Снежная каралева Дар’я» (-30°C). Акрамя таго, забаранілі таксама «незамярзайкі» Gleid Clean Effect (выраб ТАА «Грыф»), FREEDOM (выраб ТАА «Мегаполіс») і «Ледаруб» (выраб ТАА «Вай Аўта Хім»).
Міністэрства раіць не купляць шклоамывальныя вадкасці ў невядомых месцах продажу і ўважліва чытаць інфармацыю на этыкетцы: на ёй павінны быць пазначаныя вытворца, яго адрас, тэрмін прыдатнасці і прызначэнне — толькі для транспартных сродкаў, згодна з тэхнічнымі ўмовамі. Таксама ў вадкасці павінна быць не больш за 0,05% метанолу па аб’ёме.
У Мінздароўя таксама адзначылі, што ў сетках крамаў можна сустрэць іншыя антыабледзяняльныя і супрацьгалалёдныя вадкасці. Іх нельга выкарыстоўваць як шклоамывальныя, бо яны змяшчаюць метылавы спірт, а ўпакоўка можа выглядаць падобна да звычайных «незамярзаек».
Каментары