Нерухомасць99

Беларуска набыла сталінку ў дачкі Янкі Брыля і паказала, як яе перарабіла ФОТЫ

Знаходзіцца кватэра ў самым сэрцы Мінска — яе вокны выходзяць на Купалаўскі тэатр.

Вікторыя Кляўко. Фота тут і далей: Threads Вікторыі

Вуліца Карла Маркса, 36 — самы літаратурны дом краіны. Сам будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Домам у стылі сталінскага ампіру займаўся архітэктар Аркадзь Брэгман.

У эксплуатацыю будынак здалі ў 1953 годзе. Адным з першых у дом засяліўся Янка Маўр (менавіта ён і ініцыяваў будаўніцтва жылога дома Саюза пісьменнікаў БССР). У розныя часы тут жылі Максім Лужанін, Васіль Вітка, Пятро Глебка, Іван Мележ, Іван Шамякін, Янка Скрыган, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч і многія іншыя.

У 1971 годзе сюды пераехаў Уладзімір Караткевіч. Мемарыяльныя таблічкі на гэтым доме можна чытаць бясконца.

Кватэра пасля рамонту

Янка Брыль, дарэчы, жыў на пятым паверсе ў 23‑й кватэры. Менавіта яе набыла беларуская пісьменніца Вікторыя Кляўко. Яна паказала ў Threads, як змяніла кватэру:

«Гэта мы набылі «бабуліну сталінку» (апусцім, што тая бабуля — Наталля Іванаўна, дачка Янкі Брыля) і зрабілі з яе сучасную літаратурную гасцёўню, дзе ўжо трэці год праходзяць сустрэчы літаратурнага кніжнага клуба і кватэрнікі з культурнымі дзеячамі».

Такой кватэра Янкі Брыля была да рамонту

Раней Вікторыя распавядала ў сацсетках, што стаць уладальніцай унікальнай нерухомасці ёй дапамог шчаслівы выпадак. У той час (а гэта быў кастрычнік 2021 года) яна якраз толькі завяршыла сваё першае апавяданне «Салёная вада», дзе галоўная гераіня блукала па свеце ў пошуках страчанай музы.

«Мая падпісчыца адправіла мне ў вайбер спасылку на сторыс аб закрытым продажы сталінкі на Маркса. Я цудам убачыла гэта паведамленне. І хаця не было ніякіх планаў на куплю кватэры, я паехала з мужам, каб паглядзець гэтую сталінку ды ўдыхнуць дух даўніны. Мы стаялі на сонечнай кухні на пятым паверсе і даведаліся, што кватэру прадае дачка Янкі Брыля, што гэта пісьменніцкі дом і тут жылі нашчадкі беларускіх літаратараў. А на гэтай самай кухні таксама, як і мы, стаялі некалі Танк, Крапіва, Караткевіч».

Вікторыя кажа, што закахалася ў кватэру з першага скрыпу паркету і сама не зразумела, як стала яе шчаслівай уладальніцай: «Са з’яўленнем кватэры ўнутры быццам запалілі святло, і стала зразумела, куды ісці далей».

Яна добра разумела, які дыямент атрымала, і не збіралася рабіць проста стылёвую кватэру для жыцця ці здачы ў арэнду. Хацелася, каб пра гэта месцы зноў пачалі гаварыць як пра месца, дзе жылі думкі і мары беларускіх пісьменнікаў.

З рамонту кватэры Вікторыя зрабіла перформанс. У 2021 годзе яна запрасіла ахвотных на талаку, каб разам абдзерці шпалеры, вызваліць родны паркет з-пад ламінату, паслухаць «Песняроў» ды пачаставацца хатнімі катлеткамі.

Праз год пісьменніца зноў збірала талаку — гэтым разам для таго, каб пафарбаваць сцены ды распісаць іх цытатамі беларускіх класікаў: «Так мы пакінем калектыўнае пасланне для нашчадкаў, будучых уладальнікаў кватэры. Калі тыя вырашаць зрабіць рамонт, іх будуць чакаць шмат прыемных пажаданняў — жыццёвай мудрасці, выказанай пісьменнікамі ды паэтамі і запісанай намі на сценах кватэры». Завіталі тады і былыя гаспадары кватэры.

Цяпер у кватэры адбываюцца сустрэчы кніжнага клуба «МоноЛит36» ды кватэрнікі з культурнымі дзеячамі.

У 2024 годзе Вікторыя Кляўко трапіла ў непрыемную гісторыю. У яе рамане «Вырай» уважлівыя чытачы заўважылі шмат падобнага да знакамітай кнігі «Па што ідзеш, воўча?» пісьменніцы Святланы Курс (яна ж Ева Вежнавец).

Вікторыя Кляўко

Тады ж Вікторыя напісала ў сваім тэлеграм-канале, што яна не чытала «Па што ідзеш, воўча?», не мела намеру капіяваць сюжэт і мяркуе, што яна і Курс проста звярнуліся да адной і той жа тэмы, бо яна актуальная і лунае ў паветры.

Цяпер на камернай сцэне Купалаўскага тэатра «Вырай» можна пабачыць у фармаце тэатралізаванага чытання.

Каментары9

  • откуда бабки, Зин?
    24.01.2026
    не думал, что малоизвестная белорусская писательница так хорошо зарабатывает, чтобы купить квартиру в элитном доме самом сердце Минска. Думал, литературой в Беларуси вообще прожить нельзя...
  • Прошьян
    24.01.2026
    Если не ошибаюсь, то Брыль последние лет 10 жизни проживал на Кульман.
  • Ns
    24.01.2026
    Круто! Молодец

Цяпер чытаюць

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?1

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Усе навіны →
Усе навіны

Як сябе паводзяць электрамабілі ў люты мароз? Спыталі ва ўласнікаў10

«Агляд на мяжы, праверка тэлефона і канвой у кайданках». Беларуска распавяла, як з’ездзіла дадому4

Раніцай у Мінску — мінус 23°С

Біл і Хілары Клінтан пагадзіліся даць паказанні Кангрэсу аб сувязях з Эпштэйнам. Адмова пагражала ім крымінальнай справай1

У Мінску пасля рэканструкцыі адкрылі Гістарычную майстэрню са схованкай, у якой спрабавалі выратавацца вязні гета4

Расія зноў ударыла па энергетыцы Украіны: у Харкаве і Кіеве адключаюць ацяпленне ў 20‑градусны мароз5

У Еўропе расце разрыў у працягласці жыцця паміж рэгіёнамі. У чым прычыны?

Некалькі былых палітвязняў прыйшлі на акцыю памяці загінулых добраахвотнікаў з плакатамі супраць Ціханоўскай47

Цэлая група індыйцаў просіць улады Індыі ўратаваць іх з Беларусі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?1

Палітвязняў па ўсёй краіне апытваюць: пасля памілавання вы хочаце застацца ў Беларусі ці з'язджаць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць