За мільённыя махінацыі на Гомельшчыне затрымалі гендырэктара дзяржпрадпрыемства лёгкай прамысловасці
МУС з дзяржкантролем справаздачыліся, што раскрылі маштабную схему крадзяжу грошай на адным з дзяржаўных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Гомельскай вобласці.

Паводле следства, 51‑гадовы генеральны дырэктар дзяржпрадпрыемства разам з 46‑гадовым кіраўніком прыватнай фірмы арганізавалі фіктыўныя пастаўкі сыравіны. Гэтыя прадпрыемствы не называюцца.
Дырэктар прымушаў падначаленых рабіць падробленыя дакументы: нібыта праводзіліся тэндары, тавар прымаўся на склад і нават выкарыстоўваўся ў вытворчасці. Насамрэч ніякай сыравіны прадпрыемства не атрымлівала.
Менш чым за тры гады саўдзельнікі прысвоілі каля 1,4 мільёна рублёў. Гэтыя грошы яны выкарыстоўвалі для асабістага жыцця: куплялі дарагія аўтамабілі, будавалі і добраўпарадкоўвалі прыватныя дамы.
Заведзена крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Абодва падазраваныя арыштаваныя. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Каментары