Патэнцыйны кашмар эпохі штучнага інтэлекту — біялагічная зброя. Увесь свет думае, як падрыхтавацца да яе выкарыстання
Штучны інтэлект імкліва змяняе правілы гульні ў біялогіі, ператвараючы навуковую фантастыку ў штодзённасць. Навукоўцы выкарыстоўваюць нейрасеткі для распрацоўкі лекаў, але эксперты папярэджваюць пра адваротны бок медаля: доступ да тэхналогій стварэння смяротных вірусаў крытычна спрашчаецца.

У снежні 2025 года невядомы вірус з Азіі пачынае распаўсюджвацца з маланкавай хуткасцю. Ён муціруе па зусім нечаканай схеме, выклікае цяжкія запаленні галаўнога мозга і забівае кожнага пятага інфікаванага. На працягу некалькіх тыдняў выпадкі захворвання фіксуюцца ў Еўропе і Афрыцы, бальніцы не спраўляюцца з нагрузкай, узнікае крытычны дэфіцыт ахоўных масак і медыцынскіх матэрыялаў.
Гэты сцэнар гучыць як сюжэт фільма-катастрофы, але ў лютым 2024 года ён стаў асновай для маштабных гульняў па планаванні падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, піша Tagesspiegel.
Амерыканскі аналітычны цэнтр разам з міжнародным альянсам па вакцынах прапанавалі 24 высокапастаўленым кіраўнікам са сфер бяспекі, аховы здароўя і тэхналогій распрацаваць рашэнні для пераадолення выдуманага глабальнага крызісу, які эксперты ўжо сёння разглядаюць як цалкам рэальную пагрозу.
Цёмны бок лічбавай біялогіі
Асаблівую трывогу выклікаў не толькі маштаб гіпатэтычнай эпідэміі, але і яе паходжанне. Паводле сцэнару, вірус быў створаны анархісцкай тэрарыстычнай групай. Яна завербавала незадаволеных навукоўцаў, скрала абсталяванне з лабараторый высокага ўзроўню бяспекі. Аднак ключавы генетычны код для смяротнага ўзбуджальніка яны не атрымалі не шляхам шматгадовых карпатлівых даследаванняў, а згенeравалі з дапамогай штучнага інтэлекту.
Распрацоўкай гэтага сцэнара і аналізам рызыкі займаліся FP Analytics — аналітычнае падраздзяленне амерыканскага часопіса Foreign Policy, які лічыцца адным з галоўных сусветных выданняў пра глабальную палітыку, сумесна з Кааліцыяй па інавацыях у галіне гатоўнасці да эпідэмій (CEPI). Гэта маштабнае міжнароднае партнёрства, створанае дзяржавамі і прыватнымі фондамі, галоўная мэта якога — радыкальна паскорыць стварэнне вакцын, каб чалавецтва магло спыняць будучыя эпідэміі яшчэ на старце.
Падобную заклапочанасць выказвае і Еўрапейская камісія. Яе Упраўленне па гатоўнасці і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі ў галіне аховы здароўя (HERA) адзначае, што непасрэднае стварэнне штучных патагенаў пакуль выглядае малаімаверным, бо на такое зламыснікам трэба было шмат рэсурсаў.
Аднак імклівы прагрэс у галіне штучнага інтэлекту робіць такія сцэнары ўсё больш праўдападобнымі. У апошнія гады даследчыкі здолелі з дапамогай ШІ распрацоўваць новыя вірусы, што сведчыць пра магчымасць выкарыстання падобных падыходаў і для стварэння патагенаў, здольных заражаць чалавека.
Вірус за 100 000 даляраў
Што тэхнічна гэта магчыма, паказалі яшчэ ў 2016 годзе навукоўцы з Універсітэта Альберты (Канада). Замовіўшы па пошце фрагменты ДНК, яны за паўгода і з бюджэтам каля 100 тысяч даляраў здолелі сінтэзаваць у лабараторыі вірус конскай воспы.
Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, для гэтага не спатрэбіліся выключныя веды. Тыя ж метады, тэарэтычна, можна было б ужыць і для ўзнаўлення чалавечай воспы, якая лічыцца знішчанай з 1980 года.
Тое, што гэтыя сцэнары больш не навуковая фантастыка, падкрэслівае і даследаванне Стэнфардскага ўніверсітэта, апублікаванае ў верасні 2025 года. Навукоўцам упершыню ўдалося з дапамогай спецыялізаваных мадэляў ШІ камп'ютарна спраектаваць поўныя, функцыянальныя геномы бактэрыяфагаў — вірусаў, якія інфікуюць бактэрыі.
У той час як традыцыйная сінтэтычная біялогія часта грунтуецца на карпатлівай мадыфікацыі існуючых арганізмаў, ШІ згенераваў тут цалкам новыя генетычныя коды, якія не сустракаюцца ў прыродзе ў такім выглядзе. З іх 16 фагаў аказаліся жыццяздольнымі і высокаэфектыўнымі ў лабараторных умовах. Некаторыя з іх размнажаліся хутчэй за натуральныя аналагі і лёгка абыходзілі бактэрыяльныя механізмы абароны.
Даследчыкі свядома не выкарыстоўвалі ў навучанні мадэляў даныя пра вірусы, што заражаюць чалавека, каб мінімізаваць рызыку злоўжыванняў. Аднак сам факт, што «моўныя мадэлі жыцця» могуць так хутка генераваць складаныя біялагічныя сістэмы, сведчыць пра рэзкае зніжэнне бар’ера ўваходу ў гэтую сферу.
Што будуць рабіць, каб злачынцы не вырабілі бактэрыялагічнай зброі?
У адказ на новыя рызыкі эксперты прапануюць узмацніць кантроль за сінтэзам нуклеінавых кіслот. Кампаніі, якія вырабляюць ДНК-фрагменты на заказ, могуць стаць важным элементам ранняга папярэджання, калі будуць правяраць замовы на наяўнасць патэнцыйна небяспечных генетычных паслядоўнасцей.
HERA і CEPI сыходзяцца ў меркаванні, што неабходна шырокае кіраванне рызыкамі, а не агульныя абмежаванні, якія маглі б затармазіць інавацыі ў галіне вакцын, тэрапеўтычных сродкаў і дыягностыкі.
Пакуль невядома, ці будуць патагены, створаныя з дапамогай ШІ, больш небяспечнымі за тыя, што ўзнікаюць натуральным шляхам. Аднак сістэмы рэагавання павінны быць гатовыя да абодвух сцэнароў.
CEPI настойвае на значным узмацненні глабальнай падрыхтоўкі да пандэмій і прасоўвае так званую місію 100 дзён. Яе мэта — забяспечыць стварэнне бяспечных і эфектыўных вакцын дзякуючы паскарэнню ўсіх этапаў распрацоўкі. Асновай гэтага з'яўляецца сістэма ШІ на базе агентаў, якая аналізуе вялікія аб'ёмы даных.
Тэма ўжо заняла месца і ў парадку дня НАТА. У лютым 2024 года альянс прыняў першую стратэгію, якая рэгулюе адказнае выкарыстанне біятэхналогій і імкнецца задзейнічаць навуковы прагрэс у інтарэсах бяспекі. Ключавую ролю ў гэтым адыгрывае Акселератар інавацый у сферы абароны НАТА (Defence Innovation Accelerator for the North Atlantic — DIANA), які шукае тэхналогіі двайнога прызначэння — карысныя і для грамадзянскай сферы, і для абароны.
Прыборы будуць выяўляць мікробы і таксіны аўтаматычна
Сярод такіх распрацовак — сістэмы, што спалучаюць штучны інтэлект і біялогію. Амерыканская кампанія Realnose.ai выкарыстоўвае ШІ для аналізу пахаў. Першапачаткова распрацаваныя для медыцынскай дыягностыкі, гэтыя сэнсары сёння могуць «унюхаць» небяспечныя хімічныя або біялагічныя рэчывы ў паветры яшчэ да таго, як іх заўважаць людзі.
Французская фірма Biocellis працуе над партатыўнай прыладай счытвання, якая выкарыстоўвае біялагічнае святло (біялюмінесцэнцыю). Гэта дазваляе выяўляць таксічныя рэчывы або біялагічную зброю непасрэдна на месцы за лічаныя секунды — з высокай адчувальнасцю і без страты часу на транспартаванне ў лабараторыю.
Фінская кампанія Aboa Space Research Oy аб’яднала кампактны мікраскоп са штучным інтэлектам. Прылада стварае высокадакладныя выявы лабараторнай якасці, якія імгненна аналізуюцца ШІ. Такім чынам салдаты або ратавальнікі без спецыяльнай падрыхтоўкі могуць у рэжыме рэальнага часу вызначыць, ці маюць яны дачыненне з устойлівымі да антыбіётыкаў мікробамі, таксінамі навакольнага асяроддзя або апрамененымі клеткамі.
Усё гэта сведчыць пра адно: тэхналагічная гонка распачалася, і яна ідзе не толькі ў лабараторыях, але і ў сферы бяспекі. Штучны інтэлект можа стаць як каталізатарам новых пагроз, так і асновай для больш хуткай і дакладнай абароны. Таму галоўная задача цяпер — не тармазіць развіццё навукі, а навучыцца кіраваць рызыкамі, інвеставаць у прафілактыку і дзейнічаць на апярэджанне.
Каментары