Здароўе

Многія мужчыны з гадамі страчваюць сваю Y-храмасому. Гэта скарачае ім жыццё

З гадамі ў многіх мужчын частка клетак страчвае Y-храмасому — тую самую, якая вызначае мужчынскі пол. Доўгі час лічылася, што гэта не мае вялікага значэння, аднак апошнія даследаванні паказваюць: страта Y-храмасомы павышае рызыку сур’ёзных захворванняў і скарачае жыццё. 

Цифровое изображение мужских и женских хромосом человека Лічбавая выява мужчынскіх і жаночых храмасом чалавека Digitally generated image of human male and female chromosomes
Лічбавая выява Х і Y храмасом чалавека. Фота: Yuichiro Chino / Getty Images

Y-храмасома — гэта адна з дзвюх палавых храмасом чалавека. Менавіта яна вызначае мужчынскі пол: калі ў эмбрыёна ёсць Y-храмасома, запускаецца мужчынскі сцэнар развіцця. У параўнанні з іншымі храмасомамі яна вельмі маленькая і змяшчае ўсяго 51 ген, які кадзіруе бялкі (без уліку паўтораў), тады як астатнія храмасомы нясуць тысячы генаў.

З-за такой сціплай генетычнай начынкі навукоўцы доўгі час лічылі, што Y-храмасома мае абмежаванае значэнне — пераважна для вызначэння полу і выпрацоўвання спермы. Больш за тое, гэта адзіная храмасома, якую клетка можа страціць і пры гэтым выжыць. У лабараторных умовах клеткі нярэдка губляюць Y без фатальных наступстваў.

Эвалюцыйная гісторыя Y таксама выглядала як сведчанне яе другаснасці. На працягу каля 150 мільёнаў гадоў яна паступова скарачалася і губляла гены. У некаторых відаў сумчатых сысуноў Y-храмасома знікае яшчэ на ранніх этапах развіцця, а ў шэрагу грызуноў яна была цалкам страчаная і замененая іншымі генетычнымі механізмамі.

Здавалася б, страта Y-храмасомы ў частцы клетак не павінна мець сур’ёзных наступстваў. Аднак апошнія даследаванні паставілі гэтае меркаванне пад сумнеў, піша The Conversation.

Як і калі мужчыны губляюць Y-храмасому

Сучасныя метады генетычнага аналізу паказалі, што з гадамі ў многіх мужчын частка клетак губляе Y-храмасому. Гэты працэс выразна залежыць ад веку: прыкладна 40% 60‑гадовых мужчын маюць прыкметную долю клетак без Y, а сярод 90‑гадовых гэты паказчык узрастае да 57%.

Страта адбываецца не ва ўсіх клетках адразу, а толькі ў частцы з іх. У выніку ў арганізме ўзнікае «мазаіка» — сумесь клетак з Y-храмасомай і без яе. Клеткі, якія страцілі Y, ужо не аднаўляюць яе ў сваіх «нашчадкаў».

Y-храмасома асабліва ўразлівая падчас дзялення клетак: з-за памылак яна можа не трапіць у адну з даччыных клетак. Таму тканкі з актыўным абнаўленнем клетак могуць часцей губляць Y. На працэс уплываюць і знешнія фактары — курэнне, кантакт з канцэрагенамі і іншыя шкодныя ўздзеянні.

У лабараторных умовах клеткі без Y нават растуць хутчэй за звычайныя. Гэта можа даваць ім перавагу ў размнажэнні, што выглядае асабліва трывожна ў кантэксце пухлін, бо паскораны рост — адна з характэрных прыкмет ракавых клетак.

Сувязь страты Y-храмасомы з хваробамі 

Даследаванні паказваюць, што страта Y-храмасомы звязаная з павышанай рызыкай шэрагу цяжкіх захворванняў.

Напрыклад, частата страты Y у клетках нырак карэлюе з развіццём хвароб нырак. Маштабнае даследаванне выявіла: у старэйшых за 60 гадоў мужчын з высокай доляй клетак без Y-храмасомы рызыка інфаркту міякарда істотна вышэйшая.

Страту Y-храмасомы таксама звязваюць са смерцю ад COVID, што магло б растлумачыць розніцу ў смяротнасці паміж поламі.

У пацыентаў з хваробай Альцгеймера выяўлена ў дзесяць разоў большая частата страты Y-храмасомы.

Некалькі даследаванняў задакументавалі сувязь страты Y-храмасомы з рознымі відамі раку ў мужчын. Яна таксама звязана з горшым прагнозам для тых, хто ўжо мае рак. Страта Y-храмасомы часта сустракаецца ў саміх ракавых клетках нароўні з іншымі храмасомнымі анамаліямі.

Страта Y-храмасомы — гэта прычына ці наступства?

Аднак пытанне застаецца адкрытым: ці выклікае страта Y хваробы, ці яна сама з’яўляецца вынікам іншых паталагічных працэсаў?

Сувязь з захворваннямі нырак ці сэрца можа быць вынікам, напрыклад, хуткага дзялення клетак падчас аднаўлення органаў. Сувязь з ракам можа адлюстроўваць генетычную схільнасць да нестабільнасці генома.

Сапраўды, поўнагеномныя даследаванні паказваюць, што частата страты Y-храмасомы прыкладна на траціну абумоўлена генетыкай і звязана са 150 ідэнтыфікаванымі генамі, якія ўдзельнічаюць пераважна ў рэгуляцыі клетачнага цыклу і ўспрымальнасці да раку.

Тым не менш ёсць і эксперыментальныя доказы прамога ўздзеяння. У адным даследаванні мышам перасадзілі крывятворныя клеткі без Y-храмасомы. У выніку ў жывёл часцей развіваліся ўзроставыя паталогіі, у тым ліку парушэнні функцыі сэрца і сардэчная недастатковасць.

Падобным чынам страта Y-храмасомы ракавымі клеткамі, відаць, наўпрост уплывае на рост клетак і злаякаснасць, магчыма, спрыяючы развіццю меланомы вока, якая часцей сустракаецца ў мужчын.

Якую ролю насамрэч адыгрывае Y-храмасома?

Клінічныя наступствы страты Y-храмасомы паказваюць, што яна выконвае важныя функцыі ў клетках арганізма. Але як гэта магчыма, калі яна змяшчае так мала генаў?

Ген SRY, які знаходзіцца на Y-храмасоме і запускае развіццё мужчынскага полу, экспрэсуецца ў многіх тканках арганізма, а не толькі ў палавых органах. Аднак адзіны дакладна апісаны эфект яго актыўнасці ў мозгу — гэта ўдзел у развіцці хваробы Паркінсана. Чатыры іншыя гены Y-храмасомы, неабходныя для вытворчасці спермы, працуюць выключна ў яечках.

Але на гэтым функцыі Y-храмасомы не заканчваюцца. Сярод астатніх 46 генаў ёсць тыя, што актыўныя ў розных тканках арганізма і ўдзельнічаюць у рэгуляцыі працы іншых генаў. Некаторыя з іх вядомыя як супрэсары пухлін — гены, якія перашкаджаюць развіццю раку.

Усе гэтыя гены маюць адпаведныя копіі на X-храмасоме. Гэта значыць, што і мужчыны, і жанчыны звычайна маюць па дзве версіі такіх генаў. Калі ж клетка губляе Y-храмасому, яна застаецца толькі з адной копіяй. Магчыма, менавіта недахоп другой копіі і прыводзіць да парушэнняў у рэгуляцыі генаў.

Акрамя генаў, якія кадзіруюць бялкі, Y-храмасома ўтрымлівае мноства некадзіруючых генаў. Яны перапісваюцца ў малекулы РНК, але гэтыя РНК не ператвараюцца ў бялкі. Прынамсі частка такіх некадзіруючых генаў, як мяркуецца, удзельнічае ў кантролі працы іншых генаў.

Гэта можа тлумачыць, чаму Y-храмасома здольная ўплываць на актыўнасць генаў на іншых храмасомах. Калі клетка губляе Y, змяняецца экспрэсія шэрагу генаў — у тым ліку ў клетках, якія даюць пачатак клеткам крыві, а таксама ў генах, якія рэгулююць імунную функцыю. Страта Y можа таксама ўскосна ўплываць на фармаванне розных тыпаў клетак крыві і на працу сэрца.

Поўная паслядоўнасць ДНК чалавечай Y-храмасомы была атрыманая толькі некалькі гадоў таму. Таму ёсць падставы меркаваць, што з часам даследчыкі змогуць дакладна высветліць, якія канкрэтныя гены і механізмы стаяць за негатыўнымі наступствамі для здароўя, звязанымі з яе стратай.

Каментары

Цяпер чытаюць

Польскі дыпламат расказаў, як прывозіў Колю мультфільмы на дысках і кім для сям'і Лукашэнкаў быў Макей

Польскі дыпламат расказаў, як прывозіў Колю мультфільмы на дысках і кім для сям'і Лукашэнкаў быў Макей

Усе навіны →
Усе навіны

Замежны жаніх пабіў 9‑гадовага сына нявесты — завялі крыміналку10

Цэнтрабанк Швецыі заклікаў грамадзян зняць наяўныя грошы на выпадак вайны6

Расіянін, асуджаны за падпал машыны беларускага генерала, расказаў, як яго катаваў Кубракоў10

Сетка Malanka аднавіла працу

Пад Мінскам адкрылі завод, дзе робаты выпускаюць духавыя шафы2

«Выжыла толькі котка». Абгарэлая, яна прасядзела 12 гадзін на лесвіцы пасля пажару ў кватэры ў Маладзечне, дзе загінулі тры чалавекі4

Беларуска, якая вырабляе брошкі ў выглядзе дзяўчат з чырвона-зялёнымі какошнікамі, шчыра не разумее, чаму яе крытыкуюць25

«Я — «крыса», але я не адзін такі». «Вольныя Купалаўцы» пакажуць спектакль пра даносчыкаў і стукачоў1

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польскі дыпламат расказаў, як прывозіў Колю мультфільмы на дысках і кім для сям'і Лукашэнкаў быў Макей

Польскі дыпламат расказаў, як прывозіў Колю мультфільмы на дысках і кім для сям'і Лукашэнкаў быў Макей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць