Апошнім часам ізраільскія ўлады ўсё часцей адмаўляюць грамадзянам Беларусі ва ўездзе. У пасольстве Беларусі ў Ізраілі патлумачылі, што асноўная прычына гэтага — спробы выкарыстаць бязвізавы рэжым не па прызначэнні, перадусім для пошуку працы, піша «Смартпрэс».

Паміж Беларуссю і Ізраілем дзейнічае пагадненне аб бязвізавых паездках: беларусы могуць знаходзіцца ў краіне да 90 дзён на працягу кожных 180 дзён. Аднак гэта дазволена толькі для турызму, прыватных візітаў або кароткатэрміновых спраў.
Перад паездкай неабходна аформіць электронны дазвол ETA-IL праз ізраільскую службу па справах насельніцтва і іміграцыі. Але нават атрыманае пацвярджэнне не гарантуе ўезду — канчатковае рашэнне прымаюць памежнікі ў аэрапорце.
Як адзначаюць у дыпмісіі, адна з самых частых прычын адмовы — намер уладкавацца на працу пад выглядам турыстычнай паездкі. Працаваць у Ізраілі можна толькі пры наяўнасці працоўнай візы. Калі падчас размовы на мяжы высвятляецца, што чалавек плануе шукаць працу або ўжо дамовіўся пра працаўладкаванне, яму могуць адмовіць ва ўездзе, нават пры наяўнасці зваротнага квітка і рэзервацыі гатэля.
Памежныя службы звяртаюць увагу на мэту паездкі, крыніцы даходу, месца пражывання і планы на час знаходжання. Могуць задаваць пытанні пра працу ці вучобу ў Беларусі, сямейнае становішча, наяўнасць маёмасці і іншыя сувязі з радзімай. Адсутнасць устойлівых сацыяльных або эканамічных сувязяў можа быць расцэнена як міграцыйная рызыка.
Асаблівую ўвагу надаюць тым, хто часта і надоўга прыязджае ў Ізраіль. Калі папярэдняе знаходжанне доўжылася амаль усе дазволеныя 90 дзён, а неўзабаве плануецца новая паездка, гэта можа выклікаць дадатковыя пытанні. Насцярожваюць таксама супярэчлівыя адказы, недакладная інфармацыя або адмова ад размовы з памежнікамі.
У пасольстве раяць загадзя мець пры сабе пацвярджэнне рэзервацыі і аплаты жылля, зваротны квіток, медыцынскую страхоўку, дастатковыя сродкі на ўвесь час паездкі і выразны план знаходжання. Калі візіт прыватны, пажадана мець запрашэнне, копію дакумента асобы, якая запрашае, і яе кантакты. Аднак нават поўны пакет дакументаў не гарантуе ўезду.
Асобна падкрэсліваецца, што прапановы пасярэднікаў аб «гарантаваным уездзе» або працаўладкаванні пад выглядам турызму з’яўляюцца незаконнымі. Адказнасць за захаванне правіл нясе сам падарожнік. Парушэнне тэрмінаў знаходжання таксама можа прывесці да праблем у будучыні, у тым ліку да забароны на ўезд.
Для паломніцкіх паездак рэкамендуецца звяртацца ў спецыялізаваныя царкоўныя структуры. У дыпмісіі падкрэсліваюць: заяўленая мэта паездкі павінна цалкам адпавядаць рэальным планам і пададзеным дакументам, інакш гэта можа стаць падставай для адмовы.
Каментары