«Усю справу жыцця — усё разбурылі». Што вядома пра справу выдання «Інтэкс-Прэс», рэдактары якога атрымалі вялікія турэмныя тэрміны
Былыя кіраўнікі незалежнай баранавіцкай газеты «Інтэкс-Прэс», а потым парталу BAR24 Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка асуджаныя за «здраду дзяржаве».

Суд прызначыў Янукевічу 14 гадоў пазбаўленьня волі і 3000 базавых велічыняў (135 000 рублёў) штрафу, Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых (45 000). Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Радыё Свабода расказвае пра абодвух журналістаў і выданьне падрабязьней.
Бізнэс-бюлетэнь
Выданьне «Інтэкс-Прэс» заснавалі ў Баранавічах прадпрымальнікі ў 1994 годзе. Перш яно задумвалася як бізнэс-бюлетэнь, які будзе знаёміць чытача з разьвіцьцём бізнэсу ў рэгіёне і ў краіне. Першы нумар накладам 4000 асобнікаў трапіў да чытача ў выглядзе тэлевізійнага дадатку (тады газэта належала мясцовай тэлекампаніі «Інтэкс»).
З прыходам у 1996 годзе на пасаду галоўнага рэдактара Уладзімера Янукевіча тыднёвік пераўтварыўся ў паўнавартаснае грамадзка-палітычнае выданьне. Былі перагледжаныя канцэпцыя і дызайн.
У 2001 годзе на базе рэдакцыі заснавалі ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс»». Адно за другім пачалі выходзіць зьвязаныя з Інтэкс-Прэс рэгіянальныя выданьні — «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час», «Нясьвіскі час», «Мясцовы час» (Пінск).
Газэта Intex-Press ня раз займала першае месца ў незалежных журналісцкіх конкурсах у намінацыях «Найлепшая рэгіянальная газэта», «Найлепшы сайт», была ўзнагароджаная шматлікімі прэміямі.
«Я халерык па натуры, са мной складана працаваць»
Галоўны рэдактар Уладзімер Янукевіч па першай спэцыяльнасьці інжынэр, да прыходу ў мэдыясфэру працаваў на Баранавіцкім баваўняным аб’яднаньні. У 1996 годзе ачоліў Intex-Press. Для кіраваньня газэтай спатрэбілася яшчэ і эканамічная адукацыя — скончыў «Наргас» (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт).
Андрэй Пакаленка напачатку працаваў сыстэмным адміністратарам, доўгі час займаўся сеткамі і разьвіцьцём сайту. У 2018 годзе ў «Прэс-клюбе» Уладзімір Янукевіч дзяліўся з маладымі калегамі прынцыпамі сваёй працы ў журналістыцы:
«Трэба, каб кадры былі зацікаўленыя ў разьвіцьці і посьпеху вытворчасьці. Уцягнутасьць — апошняя тэндэнцыя, якая стала для мяне важнай. Я — тэхнар, я ўсё выбудоўваю ў схемах. Для мяне зразумела зь фізыкі, што ўсякая праца робіцца энэргіяй. Якая энэргія рухае працай чалавека? Сэнсы. Для аднаго чалавека ключавое слова — грошы. У другога чалавека сэнс — кар’ера, і ключавое слова для яго — разьвіцьцё. Я яму павінен у сваёй кампаніі надаць умовы для разьвіцьця. І нарэшце, трэці сэнс для мяне важны — гэта кайф ад працы. Кайф ад новых праектаў… Я халерык па натуры, са мной складана працаваць. Але я люблю разумных людзей, зь якімі таксама цяжка працаваць, аднак зь імі лёгка вучыцца і разьвівацца. Таму калі бачу разумнага чалавека, стараюся яго ўзяць на працу. Працу мы яму знойдзем, прыдумаем — чым ён павінен займацца».
«Ён быў першым, хто кінуўся на дапамогу»
Аляксандар (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі) — адзін з тых калегаў, хто знаёмы з Уладзімерам Янукевічам зь сярэдзіны 1990-х. Ён кажа, што Уладзімір быў адным з самых чалавечных і спагадлівых людзей у журналісцкім асяродзьдзі.
«Вынікі прысуду шакуюць. Ніякім «здраднікам Беларусі» ён ня быў і ня можа быць. Ён чысты і сумленны, пайсьці насуперак сумленьню ня можа. Калі мяне таксама напаткаў падобны лёс, Уладзімір быў першым, хто кінуўся на дапамогу мне, маім блізкім. І было адчуваньне таго, што ён клапоціцца, увогуле тое, што пра мяне іншыя ведаюць і клапоцяцца, перажываюць, — надавала сіл у зьняволеньні. Уладзімір з паплечнікамі стварыў адну з самых устойлівых мэдыяструктураў у Беларусі, на якую не магла паўплываць дзяржава. А цяпер знайшлі вось такі інструмэнт уплыву… Ведаю таксама, што яму патрэбна мэдычная дапамога. Дый чалавек ужо ва ўзросьце. Не забываймася пра тое, што ягоны лёс падзяляе і Андрэй Пакаленка. Таксама мужны і прынцыповы чалавек», — апавядае Аляксандар.
У калег спадзяваньні толькі на салідарнасьць журналісцкай супольнасьці і грамадзкасьці ў шырокім сэнсе, беларускіх і эўрапейскіх палітыкаў.
«Генэратар, лякаматыў»
Былая калега Уладзімера Янукевіча Ганна падкрэсьлівае, што ўсё разьвіцьцё Intex-Press пачалося менавіта пад кіраўніцтвам Янукевіча: ён стварыў вялікую справу, якая ахоплівала шмат рэгіёнаў.
«Ведаеце, бываюць рэдактары, якія сядзяць, кураць і пішуць нікому не цікавыя слупкі. А ён быў вельмі сучасны, наймацнейшы, найвыбітнейшы сярод рэдактараў. У яго была місія — казаць людзям праўду. І гэта спалучалася зь бізнэсам, які быў у Баранавічах адным з найбольшых: рэклямадаўцы да нас ішлі цугам. Калі ў Баранавічах яму стала цесна — ён стварыў аб’яднаньне рэгіянальных выдаўцоў, цэлы выдавецкі дом. Ён быў генэратарам, лякаматывам гэтага руху», — кажа Ганна.
Суразмоўца дадае, што на нарадах, калі журналісты часам былі ў роспачы, што ж новага прыдумаць, Уладзімір заўсёды меў ідэі, якія прапаноўваў. Ён увесь час рухаўся, патрабаваў шукаць тэмы, падказваў, дзе іх знаходзіць. А калі выданьне выкінулі з усіх сыстэмаў распаўсюду — з падпіскі праз пошту, зь «Белсаюздруку», забаранялі крамам прадаваць газэту, — Уладзімір стварыў прыватную сыстэму распаўсюду.
«Гэта было ўпершыню ў Беларусі. У нас былі свае паштальёны. Калі нас выкідалі з друкарні, ён знаходзіў іншую друкарню, калі нас выкідалі зь нейкай крамы, ён знаходзіў іншую краму, якая яшчэ ня ведала, што нас нельга распаўсюджваць. І мы заўсёды знаходзілі выйсьце да чытача. Чытачы нас проста абагаўлялі. Бо нас цікавіла жыцьцё кожнага чалавека: нас цікавілі малыя і вялікія праблемы Баранавічаў, нас цікавілі настроі людзей, што яны думаюць. Людзі гэта адчувалі. Людзі ведалі, куды зьвяртацца — я не ўяўляю, куды яны цяпер зьвяртаюцца», — кажа Ганна.
Журналістка вельмі шкадуе, што такі вялікі, выбітны бізнэс разбураны, што 30‑гадовая гісторыя Баранавічаў, якую яе калегі пісалі кожны дзень, разбурана і вытаптана.
«І справу майго жыцьця, і справу жыцьця Янукевіча — усё разбурылі! У 65 гадоў яму даюць 14 гадоў турмы! За што? Зрабілі закрыты суд — бо якая там «здрада дзяржаве»? Чалавек вёў адкрыты бізнэс, да нас прыходзілі праверкі, мы плацілі падаткі, працавалі легальна. Ніхто ня мог уявіць, што такі пасьпяховы бізнэс так лёгка можна разбурыць», — кажа Ганна.
«Ён да апошняга заставаўся ў Беларусі»
Мэдыямэнэджарка, былая калега Алена ўзгадвае Уладзімера як чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай незалежнай журналістыкі.
«Ён жыў гэтым, разьвіваў журналістыку не адзін дзясятак гадоў вельмі пасьпяхова: «Інтэкс-Прэс» быў узорам наймагутнейшага рэгіянальнага мэдыя — і якаснага зьмястоўна, і як бізнэс. Для многіх калегаў гэтае мэдыя было прыкладам, на які хацелася раўняцца. Ва Уладзімера Янукевіча вочы гарэлі на журналістыку, на родны рэгіён, родную краіну. Ён да апошняга заставаўся ў Беларусі. І вось што мы бачым — мэдыямэнэджару, які зрабіў такі ўнёсак у разьвіцьцё рэгіёну і краіны, вынесены такі жахлівы тэрмін!
А яшчэ Уладзімір — чалавек з супэрстрыжнем, вельмі разважлівы, прынцыповы, гатовы дзяліцца і дапамагаць. Я спадзяюся, мы будзем рабіць усё магчымае, каб ён і іншыя нашы калегі як мага хутчэй апынуліся на волі», — кажа Алена.
Лізавета праходзіла практыку ў «Інтэкс-Прэс», калі вучылася ва ўнівэрсытэце. Яна ўзгадвае, якой уплывовай і аўтарытэтнай была ў той час газэта.
«Людзі рэальна падпісваліся, куплялі ў шапіках, чыталі. У параўнаньні зь дзяржаўнай раёнкай «Наш край» «Інтэкс-Прэс» быў вельмі сучасным, пасьпяховым выданьнем.
Я рабіла апытанкі, як жыхары ставяцца да зьменаў у горадзе, камунальных, эканамічных пытаньняў. І людзі ахвотна адказвалі — яны недзяржаўную газэту больш паважалі, чым тую раёнку. Яшчэ мы з фатографам рабілі рубрыку «Модныя Баранавічы» — у што апранаюцца жыхары. Тэмы былі цікавыя для людзей!
Калектыў быў вельмі прыязны, сяброўскія адносіны ўнутры рэдакцыі. Практыкантам дазвалялі праяўляць шмат творчасьці, фантазіі, хаця галоўны рэдактар быў аўтарытэтам — строгім, патрабавальным. Я шакаваная — 14 гадоў за «здраду дзяржаве»!» — не хавае эмоцыяў Лізавета.
Каментары