Судовы працэс над журналістам Паўлам Дабравольскім праходзіць у закрытым рэжыме
Разгляд крымінальнай справы палітвязня пачаўся 27 лютага ў Мінскім гарадскім судзе.

Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года, праз 10 дзён пасля свайго 35-годдзя. Абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, піша «Позірк».
Паводле наяўнай інфармацыі, абвінавачванне звязанае з прафесійнай дзейнасцю журналіста падчас масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Дабравольскі раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Яго апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частка супрацоўнікаў якой у лістападзе 2021 года рашэннем КДБ была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем».
30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак.
Пасля ад’езду з Беларусі ў канцы 2021 года ён падарожнічаў па розных краінах, у тым ліку па Іране і Расіі, быў у Паўднёвай Амерыцы, дзе пацярпеў ад нападу рабаўнікоў.
У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.
Акаўнт журналіста ў тэлеграме актываваўся пасля яго арышту мінімум тройчы — 11 сакавіка, 18 і 26 красавіка. Цяпер акаўнта ў месенджары няма.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі ўтрымліваецца не менш за 28 супрацоўнікаў айчынных СМІ.
Каментары