«Будзем працаваць над тым, каб гэта арганізаваць».

Сёння спецпрадстаўнік Трампа Джон Коўл сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пасля сустрэчы Коўла падвялі да лукашэнкаўскага пула расказаць пра сустрэчу.
Коўл сказаў, што яны абмяркоўвалі магчымую паездку Лукашэнкі ў ЗША: «Будзем працаваць над тым, каб гэта арганізаваць».
«Прэзідэнт Трамп пастаянна адгукаецца пра прэзідэнта Лукашэнку як пра свайго добрага сябра, паважанага сусветнага лідара», — сказаў ён.
Коўл паведаміў, што Трамп запрасіў Лукашэнку прыняць удзел у наступных пасяджэннях Рады міру.
«Нейкі час таму мы былі расчараваныя тым, што прэзідэнт Лукашэнка не змог прыехаць на пасяджэнне Рады міру, што нядаўна адбылася ў Вашынгтоне. Але прэзідэнт Трамп запрасіў прэзідэнта Лукашэнку паўдзельнічаць у любых іншых пасяджэннях Рады міру. Мы абмеркавалі гэтае пытанне. Прэзідэнт Лукашэнка пацвердзіў, што ён возьме ўдзел у адным з пасяджэнняў Рады міру», — заявіў спецпасланнік ЗША.
Коўла спыталі, ці варта ў кароткатэрміновай перспектыве чакаць прамога двухбаковага кантакту паміж Лукашэнкам і Трампам, ці то асабістай сустрэчы, ці то тэлефоннай размовы.
«Так», — адказаў Джон Коўл.
Таксама Коўл сказаў, што з Лукашэнкам яны гаварылі пра адносіны Беларусі і ЗША. «Абмяркоўвалі таксама тое, што думае пра вайну ў Іране Беларусь, тое, што думаюць ЗША. І якім чынам гэтая сітуацыя вырашыцца», — расказаў Коўл.
І яшчэ дадаў кампліментаў Лукашэнку:
«Вельмі каштоўна заўсёды атрымліваць меркаванне прэзідэнта Беларусі. Таму што гэта зусім іншае меркаванне ў параўнанні з тым, што мы можам атрымаць на Захадзе. Гэта вельмі каштоўна для нас. Я абавязкова перадам усё, што мы тут сёння абмяркоўвалі, у ЗША».
Каментары