Пуцін: 90% разлікаў з Беларуссю ажыццяўляецца ў расійскіх рублях
Прэм’ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што рубель паступова робіцца рэзервовай валютай на постсавецкай прасторы.
«На постсавецкай прасторы рубель умацоўваецца і робіцца нават рэзервовай валютай. Сёння нашыя ўкраінскія партнёры просяць, каб мы перайшлі да разлікаў у рублях за энерганосьбіты», — паведаміў Пуцін у парламенце, адказваючы на выступ лідараў фракцыі. Акрамя таго, паводле яго словаў, з Беларуссю ў безнаяўных разліках ужо 80–90% ажыццяўляецца ў рублях. «Вось вам і стварэнне фінансавага цэнтра ў Расіі», — сказаў Пуцін, нагадаўшы, што пра гэта казаў і прэзідэнт РФ.
Па словах прэм’ера, гэта «не эфемерныя планы». «Мы рухаемся ў гэтым напрамку і рэальна дамагаемся выніку», — сказаў кіраўнік урада.
Пуцін заявіў, што Расія ніколі не будзе для падтрымання сваёй эканомікі выкарыстоўваць «хуліганскія» метады друкаванага станка, якія выкарыстоўваюцца ў ЗША.
«Яны станок уключылі, дзяржаблігацыі скупляюць — а гэта наўпростае фінансаванне ўрада за кошт друкаванага станка — і раскідваюць на ўсю даляравую зону, гэта значыць, на ўвесь свет», — сказаў У. Пуцін у Дзярждуме, адказваючы на заўвагу дэпутатаў ад апазіцыі з нагоды поспехаў эканомікі ЗША.
Як адзначыў прэм’ер РФ, «у нас з вамі магчымасці так хуліганіць няма і не будзе найбліжэйшым часам». Пры гэтым У. Пуцін запэўніў, што Расія будзе ўмацоўваць нацыянальную валюту і зробіць яе рэзервовай «для нашага куста, для нашага рэгіёну».
У якасці доказу ўзмацнення пазіцыі рубля Пуцін прывёў просьбу ўкраінскіх партнёраў перайсці ў разліках за энерганосьбіты на рубель.
Каментары