Невыязная суддзя Комар прысудзіла яго да 10 сутак арышту.
Як паведаміў «Нашай Ніве» Валер Шчукін, праваабаронца Павел Левінаў аб’явіў галадоўку. 20 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў віцебскага Левінава вінаватым па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і пакараў яго адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 10 сутак. Рашэнне вынесла невыязная суддзя Вольга Комар.
Нагадаем, што 19 красавіка ў кватэру дачкі праваабаронцы Валерыя Шчукіна ў Мінску, дзе ён разам з сябрамі і сваякамі адзначаў свой дзень нараджэння, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Праверыўшы дакументы ў прысутных, яны пайшлі, але затым вярнуліся і ўсіх затрымалі. Ва УУС Фрунзенскага раёна было дастаўлена 18 чалавек. Іх апыталі, у некаторых узялі адбіткі пальцаў, а таксама сфатаграфавалі. У дачыненні да Вольгі Карач, Паўла Левінава, журналіста Алега Баршчэўскага і Паўла Станеўскага былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.
20 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Алега Баршчэўскага вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і пакараў яго арыштам тэрмінам на 10 сутак. Вольга Карач таксама абвінавачвалася ў нецэнзурнай лаянцы і была аштрафавана на 20 базавых велічынь (700 тыс. рублёў).
Каментары