Адна з пасажырак абвінаваціла прэм'ер-міністра Арменіі ў здачы рэгіёна. Той у адказ перайшоў на крык.

Эмацыйная размова трапіла ў трансляцыю шпацыра палітыка па Ерэване і яго размоў з жыхарамі сталіцы Арменіі.
Нікол Пашынян раззлаваўся пасля пытання пра Карабах, і што мясцоваму армянскаму насельніцтву давялося ўцякаць адтуль пасля вяртання рэгіёна Азербайджану. Армянскі прэм'ер заявіў у адказ, што ўлады патрацілі мільярды бюджэтных грошай, каб жыхары Карабаха мелі магчымасць застацца.
«Мы зрабілі ўсё, каб вы жылі ў Карабаху, і ў 2023 годзе менавіта вы абвінавачвалі мяне ў тым, што закрылі межы, каб народ не выязджаў з Карабаха ў Арменію. Цяпер вы прыехалі сюды і кажаце: ой, а мы хацелі вярнуцца», — сказаў ён.
Суразмоўца Пашыняна прасіла не павышаць голас, на што той адказаў: «Я буду гаварыць гучней, не трэба вінаваціць мяне ў тым, што здарылася». Таксама прэм'ер-міністр Арменіі, на вопратцы якога быў значок з картай краіны, папрасіў жанчыну «не казаць пра гэтую карту з такой пагардай».
«Не спрабуйце вы, што ўцяклі, казаць, што я здаў Карабах», — дадаў ён.
Арменія страціла кантроль над Карабахам у выніку азербайджанскай ваеннай аперацыі ў верасні 2023 года. Больш за 100 тысяч армян пакінулі Карабах, а непрызнаная Нагорна-Карабахская рэспубліка спыніла існаванне з 1 студзеня 2024 года.
Каментары