Меркаванні2929

Ідэалагічны брэйк-данс ля бальнічнай койкі

Сталічным медыкам прадпісана актывізаваць барацьбу з «дыскрэдытацыяй кіраўніцтва краіны і палітыкі, якую яно праводзіць».

Сталічным медыкам прадпісана актывізаваць барацьбу з «дыскрэдытацыяй кіраўніцтва краіны і палітыкі, якую яно праводзіць». У распараджэнні «Салідарнасці» апынуўся падрыхтаваны камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама план мерапрыемстваў, «накіраваных на процідзеянне ўцягванню моладзі ў дэструктыўную дзейнасць».

Ад поўнай назвы дакумента непадрыхтаваны мозг можа закіпець, што самавар.
Учытайцеся: «План мерапрыемстваў камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама па рэалізацыі плана мерапрыемстваў, накіраваных на процідзеянне ўцягванню моладзі ў дэструктыўную дзейнасць у арганізацыях, падпарадкаваных камітэту па ахове здароўя Мінгарвыканкама на 2011–2012 гады». Хораша, га?!

«План мерапрыемстваў па рэалізацыі плана мерапрыемстваў» — гэта крута нават па мерках чыноўніцкага навамоўя. Пытанні выклікае і як мінімум яшчэ адзін момант: калі чытаць літаральна, то атрымліваецца, што моладзь уцягваюць у дэструктыўную дзейнасць менавіта ў арганізацыях, падпарадкаваных камітэту па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

Гэты план быў разасланы па сталічных клініках, паліклініках і г.д. у чэрвені. Дарэчы, камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама цяпер узначальвае Віктар Сірэнка, які праславіўся ў бытнасць галоўным урачом сталічнай бальніцы хуткай дапамогі тым, што пры яго несупраціве чэкісты забралі з клінікі жорстка збітага кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Заслугі гэтага доктара атрымалі рознабаковую ацэнку: Еўрасаюз унёс Сірэнку ў спіс «неўязных», а беларускія ўлады ўзнагародзілі яго новай пасадай.

Вышэйзгаданы дакумент заслугоўвае цытавання. Такім чынам, паехалі:

Пункт 2.1.: Выхаванне павагі да дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных структураў і Узброеныў сілаў Рэспублікі Беларусь.

За такую фармулёўку ў савецкія часы ідэолагаў пагналі б з працы паганым венікам. Атрымліваецца, што дзяржаўныя сімвалы і структуры самі па сабе павагі не выклікаюць (што, у прынцыпе, праўда), і яе трэба выхоўваць.

Пункт 2.4.: Правядзенне рэспубліканскага конкурсу на распрацоўку камп’ютарных гульняў патрыятычнай скіраванасці.

Увогуле, боты шыць павінен шавец, а пірагі пячы — пекар. Калі ж медыкі возьмуцца за распрацоўку камп’ютарных гульняў, то страшна і за гульні, і за пацыентаў, увагі да якіх у дактароў, занятых стварэннем патрыятычных «стралялак» і стратэгій, напэўна паменшыцца.

Зрэшты, самі складальнікі плана відавочна разумеюць нерэалістычнасць гэтага пунктау. Таму тэрмін яго выканання максімальна аддалены ад цяперашняга моманту — конкурс запланаваны на лістапад 2012 года.

Пункт 2.6.: Актыўнае выкарыстанне дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, у тым ліку каледжамі інтэрнэт-тэхналогій (стварэнне інтэрнэт-відэа, жывых часопісаў на сайтах дзяржаўных органаў, ВНУ і каледжаў, дубляванне значнай для моладзі інфармацыі ў сацыяльных сетках.

Ох, дайце спасылку на якое-небудзь«інтэрнэт-відэа», створанае ў рамках гэтага плану. Вельмі хочацца паглядзець на гэты цуд.

Пункт 2.8.: Распрацоўка і правядзенне маніторынгу ўзроўню сфармаванасці патрыятычных якасцяў асобы.

Невядома, з дапамогай якіх тэхналогій камітэт па ахове здароўя збіраецца замяраць «узровень сфармаванасці патрыятычных якасцяў асобы». Але відавочна, што дзякуючы гэтаму і іншым падобным пунктам (скажам, «Падрыхтоўка і выданне інфармацыйных матэрыялаў пра досвед моладзевых арганізацый па патрыятычным выхаванні», «правядзенне ў навучальных групах урокаў грамадзянскасці, патрыятызму і мужнасці», «актывізацыя навучальна-інавукова-даследчай працы па грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню» і г.д.) нямала лайдакоў… прабачце, ідэолагаў будуць доўгі час атрымліваць нядрэнную зарплату.

Пункт 3. Узмацненне кантролю за выкарыстаннем лакальных камп’ютарных сетак, уключаючы інтэрнаты, зместам нагляднай агітацыі, насценнага друку, малатыражных выданняў, інтэрнэт-сайтаў ВНУ, каледжаў, дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь з мэтай спынення спробаў распаўсюджання матэрыялаў, якія прапагандуюць ідэі экстрэмізму, а таксама дыскрэдытуюць кіраўніцтва краіны і палітыку, якую яно праводзіць.

Вось тут момант ідэолагі адчулі тонка. Раней нікому б у галаву не прыйшло, што ў нагляднай агітацыі можа з’явіцца што-небудзь крамольнае. Але ў святле цяперашняй эканамічнай сітуацыі штатныя прапагандысты, меркавана, не выключаюць, што «ўдзячныя» медыкі могуць і ў насценгазеце «дыскрэдытаваць кіраўніцтва краіны і палітыку, якую яно праводзіць».

Пункт 4. Выяўленне і спыненне ў моладзевым і выкладчыцкім асяроддзі каледжаў асоб, якія прапагандуюць экстрэмісцкія ідэі.

Што маецца на ўвазе пад экстрэмісцкімі ідэямі, ясна з папярэдняга пункта. А таксама з наступнага.

Пункт 5. Вядзенне індывідуальнай працы з падлеткамі і маладымі людзьмі, якія ўзялі ўдзел у дэструктыўных грамадска-палітычных акцыях.

Пад выдатнае азначэнне «дэструктыўная акцыя» можна пры жаданні падвесці ўсё што заўгодна. Нават маўчанне ў цэнтры Мінска.

Пункт 6.5. Забяспечанне арганізацыйнай, інфармацыйнай і метадычнай падтрымкі дзейнасці моладзевых, грамадскіх аб’яднанняў, вучнёўскага (студэнцкага) самакіравання, скіраванай на развіццё пазітыўных грамадсказначных моладзевых ініцыятываў і праектаў, у тым ліку адкрытага чэмпіянату Беларусі па брэйк-дансе.

Класная ідэя! Толькі давайце заявім на чэмпіянат па брэйк-дансекаго-небудзь з кіраўнікоў камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Хай яны не толькі каштоўнымі ўказаннямі, але і асабістым прыкладам забяспечаць падтрымку гэтаму «грамадсказначнаму праекту».

Пункт 9.6. Правядзенне сумесных мерапрыемстваў з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Увогуле, у нас у краіне афіцыйна ўсе рэлігіі роўныя. Чаму ж камітэт па ахове здароўя хоча супрацоўнічаць выключна з БПЦ? Чым вам, напрыклад, каталіцкая царква не дагадзіла, спадар Сірэнка?

Гэты план здольны выклікаць яшчэ шмат пытанняў. Але самае галоўнае з іх: нехта сапраўды думае, што ўся гэтая прапагандысцкая мутацень мае сэнс ва ўмовах, калі Беларусь з’яўляецца сусветным лідарам па росце цэнаў і паставіла рэкорд па дэвальвацыі нацыянальнай валюты?

Пры гэтым ужо заяўлена, што як мінімум у гэтым годзе (а магчыма, і ў 2012—2013 гг.) Зарплаты бюджэтнікам павышацца не будуць. Мабыць, пры такім раскладзе ніякія ідэолагі-«рэаніматолагі» не здольныя выратаваць аўтарытэт цяперашняй улады. Гэты пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы.

Каментары29

У Лагойску пекар адмаўляецца прадаваць свой хлеб пакупнікам, у якіх ёсць сабакі84

У Лагойску пекар адмаўляецца прадаваць свой хлеб пакупнікам, у якіх ёсць сабакі

Усе навіны →
Усе навіны

Трагічная смерць мужа і выпрабаванне медыцынай: гісторыя беларускі ў Польшчы5

У Мінску амаль тысяча хрушчовак — імі хутка зоймуцца2

У пратэстах у Іране загінулі 35 чалавек, больш за 1200 арыштаваныя

«Галоўны я»: Трамп назваў групу чыноўнікаў ЗША, якія будуць кіраваць Венесуэлай17

Пасол Беларусі ў Расіі расказаў пра дамоўленасці з газам

Серыял «Pluribus» — самы няправільны постапакаліпсіс ці нешта большае? Расказваем пра смелы мысленчы эксперымент на ТБ15

У Трампа адмовіліся выключаць варыянт ваеннага захопу Грэнландыі6

Хто такая Дэлсі Радрыгес, што заняла месца Мадура. Марыянетка Трампа ці абаронца Венесуэлы?2

Пакуль свет засяроджаны на інфляцыі і войнах, у Паўднёвай Карэі новы вораг — выпадзенне валасоў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Лагойску пекар адмаўляецца прадаваць свой хлеб пакупнікам, у якіх ёсць сабакі84

У Лагойску пекар адмаўляецца прадаваць свой хлеб пакупнікам, у якіх ёсць сабакі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць