Усяго патроху1010

Жыхар Маладзечна год правёў у турме па падазрэнні ў тэракце

У руках Дзмітрыя выбухнуў лак, які ён сам рабіў, хлопец страціў тры пальцы на руцэ і на 13 месяцаў трапіў за краты па падазрэнні ў тэрарызме.

Вы звычайны малады мастак, а ледзь не сталі вядомы як чарговы беларускі тэрарыст. Што гэта за гісторыя?

Дзмітрый Сухецкі: Здарылася гэта 10 чэрвеня 2009 года. Я напісаў ультрамарынам карціну, а ультрамарын быў з соллю. Ад святла ён пачаў бялець, мне гэта не спадабалася і я вырашыў пакрыць яе лакам. У той час я любіў хімію і неяк вычытаў у часопісе рэцэпт адмысловага лака — ён спачатку зялёнага колеру, а потым робіцца бескаляровым. Інгрэдыенты самыя звычайныя — штосьці ёсць у кожнай кватэры, штосьці ў мяне было з тых часоў, як захапляўся хіміяй, вырошчваў крышталі. Але, па вялікім рахунку, у хіміі я — дылетант.

Пачаў гэты лак гатаваць у сваёй кватэры, змешваў у колбе — і раптоўна адбыўся выбух.
Дрэнна памятаю той момант, перад вачыма — толькі як я гляджу на сваю руку, а ў мяне вісяць жылы, кроў свішча… Я патэлефанаваў сваёй дзяўчыне, маці, выклікалі «хуткую».

Наколькі я ведаю, пра ўсе здарэнні такога кшталту медыкі павінны інфармаваць праваахоўныя органы…

Дзмітрый Сухецкі:

Прыйшоў у свядомасць пасля аперацыі, прышпілены кайданкамі да ложка. І адразу пачалі міліцыянты распытваць, што адбылося.
У той дзень я быў яшчэ пад уздзеяннем наркоза і нічога не мог адказваць, на наступны дзень пытанні пачалі задаваць наноў. Як высветлілася, у дзень, калі гэта са мной здарылася, у Маладзечне праводзілася вялікае святкаванне дня выпускніка — можа, яны падумалі, што я рыхтаваў да гэтага свята нейкую выбухоўку. Такім чынам стаў падазраваным у тэрарызме.

Вас там і пакінулі — у Маладзечна?

Дзмітрый Сухецкі: Не, мяне павезлі ў Мінск, у Рэспубліканскі турэмны шпіталь. Там было жахліва: дзікі боль у руцэ, а лекаў давалі — трайчатку: дымедрол, папаверын і анальгін. Усё, заколвалі антыбіётыкамі! Не мог ад болю спаць начамі, быў у шоку. І ў гэты час да мяне пачалі прыходзіць следчыя, адвакаты, выклікаў да сябе турэмны следчы.

Усе распытвалі: «Што адбылося? Што я гатаваў? Дзе быў 3 ліпеня 2008 года?»
Тады я зразумеў, што мяне палічылі тэрарыстам, і нават жахліва стала ад разумення таго, у якую гісторыю я патрапіў. На волю я выйшаў толькі праз 13 месяцаў.

Дзе вы знаходзіліся ўвесь гэты час?

Дзмітрый Сухецкі: Як толькі я крыху ачуняў, мне знялі спіцы з пераламанай рукі і двух пальцаў, што засталіся, і павезлі ў Жодзіна. Праз пэўны час перавезлі ў Маладзечна, адтуль — ізноў у Жодзіна. Яшчэ праз колькі часу павезлі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі. Адтуль накіравалі чакаць суда ізноў у Жодзіна.

Суда я там чакаў амаль да канца 2009 года.

Еўрарадыё: І цягам усяго гэтага часу з вамі «працавалі» следчыя па выбуху?

Дзмітрый Сухецкі: Так.

Нават калі я ўжо выйшаў на волю, супраць мяне хацелі наноў распачаць звязаную з гэтым выбухам справу, але яна развалілася, бо не было ніякіх ні ўлік, ні доказаў маёй «тэрарыстычнай дзейнасці».

Дык, а ў чым жа вас у выніку вінавацілі, калі «тэрарызму» не было, але справа да суда ўсё ж дайшла?

Дзмітрый Сухецкі: Абвінавачванне не мела ніякага дачынення да выбуху. У мяне дома знайшлі наркотык — марыхуану.

Ваша марыхуана?

Дзмітрый Сухецкі: Насамрэч — не. Але я следчым сказаў, што мая, бо так было прасцей. Я баяўся, што ў адваротным выпадку мяне пасадзяць невядома на колькі невядома за што. Падчас допытаў пра марыхуану ў мяне запыталіся ўсяго некалькі разоў: што? як? адкуль? Я ўсё сказаў.

Але мяне пастаянна распытвалі пра тое, што я рыхтаваў, што выбухаў, дзе быў 3 ліпеня.
Следчых цікавіла толькі гэта, нікога тая марыхуана не цікавіла абсалютна!

І як да вас ставіліся іншыя вязні?

Дзмітрый Сухецкі: Яшчэ ў шпіталі я патрапіў у адзін пакой з вязнем, хворым на адкрытую форму сухотаў. Мы з ім, можна сказаць, пасябравалі, і ён мяне шмат чаму навучыў: як сябе паводзіць, што рабіць можна, а што — нельга. Да таго ж, я ж мастак і там я маляваў партрэты зэкам. Цягам усяго часу абыходзіліся са мной добра.

Чым скончылася гэтая ваша адседка?

Дзмітрый Сухецкі: Псіхіятрычная экспертыза прызнала, што ў мяне на момант здзяйснення «сацыяльна небяспечнага злачынства», менавіта так яны назвалі выбух у маёй кватэры, быў разлад шызапабоднага характару. Гэта нешта сярэдняе паміж нармальным чалавекам і шызафрэнікам. І суд прызначыў мне за марыхуану паўгода лекавання ў закрытым аддзяленні Навінак. Вось там я і адбываў сваё пакаранне. Мне падаецца, было неабходна закрыць справу, каб яна прайшла праз суд і я быў пакараны. На свабоду канчаткова я выйшаў 7 ліпеня 2010 года.

Пасля вяртання з Навінак не было жадання абскардзіць прысуд?

Дзмітрый Сухецкі: У Навінках у мяне быў нервовы зрыў. Пачалася паніка, дэпрэсія, я плакаў, не знаходзіў сабе месца. Мне было так дрэнна, што я нават дыхаць нармальна не мог — сэрца з грудзей выскоквала. Гэта быў посттраўматычны стрэсавы сіндром. Амаль год гэта трымалася ў мяне, пакуль не адбыўся суд, а пасля — вылілася з мяне. Карацей, мяне на той момант сапраўды было ад чаго лячыць. Я і выйшаў з Навінак з дэпрэсіяй. Мне нічога не хацелася — я марыў быць на вёсцы, касіць, капаць бульбу, маляваць, быць з дзяўчынай, але каб не было ніякіх інстанцый, нічога!

За гэты час я стаў значна лепшым мастаком. У Навінках я напісаў шэраг пастэльнай графікі — даволі «цёмныя» працы, але я лічу, што гэта быў пераломны перыяд у маёй творчасці. Я нават дзесьці рады таму, што я быў мастаком у турме — гэта мне дапамагло.

Была гісторыя з выбухамі ў Віцебску ў 2005 годзе, за якія спачатку затрымалі братоў Мурашак. Потым абвінавачанні з іх знялі, але хлопцы распавядалі мне, што і пасля вызвалення яны клапаціліся аб сваім алібі. А да вас пасля вызвалення цікавасць з боку праваахоўных органаў была?

Дзмітрый Сухецкі:

Я раблю тое ж, што і яны! Я збіраю чэкі, паўсюль бяру з сабой фотаапарат і як мага часцей фатаграфуюся.
Да мяне рэдка нешта прыходзіць ці тэлефануе — мяне выпхнулі ў Навінкі, я дурны — што з мяне ўзяць міліцыянтам! Але я дакладна ведаю, што ёсць чалавекі 3–4, якія час ад часу за мной сочаць, спрабуюць са мной сустрэцца, распытваюць пра рознае, прыводзяць з сабой розных «шасцёрак». Тыя, між іншым, распытваюць: «Дзімон, усё ж скажы, што ты выбухаў?» — прапаноўваюць выпіць.
Я ніколі не п’ю гарэлкі, я зараз жыву ў бабулі на вёсцы, дапамагаю ёй.
Я прывык ужо да гэтага. Яны і будуць хадзіць. Тым больш, усё, што я зараз кажу, падаць як трызненні шызафрэніка. Параноя — гэта нармальная з’ява для шызафрэніка, упэўненасць, што за імі сочаць. Тут я падстрахаваны. Адзінае — мяне ўсё ж турбуе такая слава: малады хлапец, а дурны…

Але што пасля ўсяго перажытага засталося ў вашай душы?

Дзмітрый Сухецкі: Гэта сістэма, я пабыў у ёй і разумею, што гэта такое. Адзінае — я больш ніколі не хачу туды патрапіць, ні з якой нагоды. Я буду выключна мастаком. Пасля выставы (выстава Дзмітрыя Сухецкага адкрылася 22 сакавіка ў гарадскім філіяле № 1 цэнтральнай раённай бібліятэкі Маладзечна) на мяне найшло натхненне, я ўжо 4 новыя карціны напісаў. За два тыдні — гэта для мяне вельмі шмат.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Усе навіны →
Усе навіны

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней23

Лукашэнка расказаў, што карова павінна стаяць у палацы і кожнаму неабходна «хоць па дзве баразёнкі» бульбы пасадзіць20

У Кіеве ўжо каля 100 пацярпелых падчас начнога ўдару1

Ізраіль забіў і новага кіраўніка Генштаба арміі Ірана. Ён займаў пасаду пару дзён7

У Мінску знікла пенсіянерка. Аказалася, што яна па просьбе «следчых» стала кур’ерам махляроў 

Якія банкі гатовы ўзяць у вас не самыя ідэальныя купюры

Што цяпер з архівам КДБ аб рэпрэсіях у БССР, які змаглі здабыць былыя сілавікі? Калі яго апублічаць?51

Беларускі піяніст узяў адразу тры прызы на конкурсе ў Валенсіі

«Патраціла 300 рублёў — а яшчэ толькі сярэдзіна чэрвеня!» Беларусы абмяркоўваюць выдаткі на пакос травы і дзеляцца лайфхакамі32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

У Мінску пахавалі як ахвяр нацызму 75 чалавек, парэшткі якіх знайшлі каля былой дачы Цанавы. Але больш падобна, што гэта ахвяры саветаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць