Архіў

КВН у Беларусi

№ 7 (104) 13 красавіка 1998 г.

НОВЫ СЬМЕХ

 

Так атрымалася, што я нарадзiўся за два днi перад першым красавiка. Сьвяткаваньне зьяўленьня ўласнае асобы штораз замiнае мне спрычынiцца да «мiжнароднага дню сьмеху». Зрэшты, мяне гэта мала абыходзiць. Пэўна, у СССР сапраўдным Днём сьмеху стаўся дзень 12 красавiка, калi першы чалавек вярнуўся з Космасу на Зямлю. Асоба Юрыя Гагарына спарадзiла цэлую плойму анэкдотаў i «прыколаў». У тым лiку й «першакрасавiцкiх». Але з часам першы палёт у космас «падзялiлi». У постсавецкi час Юрыя Гагарына паднялi на шчыт «альтэрнатыўшчыкi» кшталту «Нейрадзюбеля» i «Вопляў Вiдаплясава».

Пэўны час я ня мог зразумець, што натхняе сучасных альтэрнатыўшчыкаў на сьцёб з «саўка». Скуль у людзей, чые бацькi на пачатку 60-х яшчэ толькi хадзiлi ў школу, бярэцца хай сабе сьцёбная, але «сьветлая туга» па «тых часох». Высьветлiлася, што каб зразумець гэта, дастаткова 1 красавiка паглядзець расейскi цi беларускi тэлеканал. Кажуць, што ў Эўропе ў гэты дзень ладзяцца карнавалы. Магчыма, штосьцi падобнае было i ў Беларусi гадоў дзьвесьце-трыста таму. Але сёньня ўсё зводзiцца да «белае сьпiны» i гульнi ў КВН...

Колькi гадоў таму зьдзейсьнiлася запаветная мара сотняў менскiх студэнтаў: беларуская каманда КВН «прабiлася ў людзi» — патрапiла ў фiнальныя гульбiшчы славутага шоў. Я тады асаблiва ня браў да галавы няўдалыя жарты «знаходлiвых», якiя спрэс круцiлiся вакол партызанаў, бульбы, i сьмешнага яшчэ на той час пэрсанажа ППРБ. У мяне перад вачыма ўвесь час былi бел-чырвона-белыя сьцягi, якiя штораз узьвiвалiся над галовамi прыхiльнiкаў беларускае каманды. У наступны фiнал КВН беларуская каманда таксама патрапiла. Але на гэты раз спонсарамi каманды выступалi не незалежныя структуры, а Адмiнiстрацыя. Сьцягi памянялi колер, спэктар жартаў звузiўся да тэмы бульбы...

Гледзячы перадачы КВН, я нiколi ня мог уявiць сабе на сцэне лiтоўскую цi эстонскую каманду. А калi пабачыў армянскую, адчуў, што шкадую журы. Хлопцы з усяе моцы выпiналiся дзеля дасьцiпных жартаў, але атрымлiвалася звычайная пахабшчына. Гэтак недарэчна iншаземцы ўжываюць ненармаваную лексыку: нiбыта смачна гучыць, але што да чаго?..

Жарт — канцэнтрацыя мэнтальнасьцi носьбiта культуры. Жарт зьява iмгненная — сакрэт посьпеху жарта ў дарэчнасьцi. Я глядзеў перабудовачныя КВНы i наракаў на суайчыньнiкаў, маўляў, не хапае мазгоў i жаданьня, каб гэтак сама як iншыя «крута сьцябацца» з рэчаiснасьцi. З савецкай рэчаiснасьцi.

Беларуская каманда згубiла момант, шанец на зорны час. Бо выбiлася ў «крутыя», калi ўжо колькi гадоў як зьнiк Савецкi Саюз. Калi прадметы жартаў з палiтычных паволi памянялiся на праблематыку «новых рускiх» i да таго падобнага. Калi КВН пачаў занепадаць. Бо ён быў народжаны як клюб вясёлых i знаходлiвых савецкiх людзей. Гэтак ураз зьнiк арэол генiяльнасьцi зь Мiхаiла Жванецкага, гэтак сталiся падобнымi на старыя савецкiя фiльмы сучасныя расейскiя гумарыстычныя перадачы з удзелам старых гумарыстаў. Глядзiш i прыгадваеш сьветлыя часы свайго дзяцiнства-юнацтва: весела было ў дзяцiнстве!.. Беларуская каманда выбiлася ў фiнальныя гульнi КВН, калi дзеля таго, каб узгадаць былыя часы, варта было паглядзець за вакно...

Словазлучэньне «славуты беларускi комiк» гучыць дзiўна, нязвыкла, а таму недарэчна. Гэтаксама, як словазлучэньне беларускi гумар. Я маю на ўвазе ня ўнутраныя анэкдоты, якiя ўзьнiклi з кан’юнктуры зразумелых адно жыхарам Беларусi рэалiяў. Вядзецца пра канвэртабэльны гумар, якi, так бы мовiць, можна экспартаваць. Добры гумарыст той, хто сьпярша навучыўся сьмяцца зь сябе: сьцьвярджаюць, што большасьць «габрэйскiх» анэкдотаў прыдумалi самi габрэi.

Беларуская каманда КВН так i не «ўпiсалася» ў маскоўскi «гумарны клюб», анi за Саюзам, анi цяпер. Асабiста мяне гэта ўсьцешвае. Сёньня нараджаецца сучасны ўласна беларускi гумар. Пакуль ён круцiцца толькi вакол аднаго аб’екту. Iмя ППРБ скланяецца ва ўсiх магчымых варыянтах. Апрача аўтэнтычных анэкдотаў перараблiваюцца даўна забытыя, якiя калiсьцi згубiлi сваю актуальнасьць, але атрымалi новы подых у сучасных беларускiх рэалiях. Магчыма праз колькi часу зьявiцца свайго кшталту беларускi «вовачка»...

Але пакуль што новы беларускi гумар зьяўляецца зброяй. Памятаеце вершык-загадку пра «брови черные, густые» i «кто даст правильный ответ, тот получит десять лет»? Пры Брэжневе за анэкдот на дзесяць гадоў не саджалi. Але стваральнiкi вершыка добра памяталi час, калi за больш бяскрыўдную рэч, чым анэкдот, людзей называлi злачынцамi. Яны сьмяялiся з тых часоў, нiбы выпускалi зь сябе страх, да якога прызвычаiлiся, нiбы да наркотыка, безь якога пачыналiся «ломкi свабоды».

Сёньня беларускае грамадзтва атрымала новую iн’екцыю страху. Сёньня ня сьмешна. Сёньня людзi валам валяць на iмпрэзы заежджых комiкаў, чый зорны час застаўся ў Савецкiм Саюзе, i чые жарты нагадваюць «старыя добрыя», нiбыта бясьпечныя часы. Былыя кумiры шчыра прызнаюцца ў iнтэрвію, што так добра як у Беларусi, iх ужо нiдзе не прыймаюць...

Беларускiя каманды КВН, якiя мараць аб сцэнiчным посьпеху, маюць свой шанец. Але цяпер зорка можа ўзысьцi толькi ў Менску. Праўда, мне падаецца, што разьвiтацца з уласным саўком праз показкi пра свайго «вовачку» нам не наканавана. Гэта занадта доўгi цыкль, каб ён мог паўтарыцца iзноў.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова адкрыць газэту беларускiх анархiстаў пад назовам «Навiнкi». Той, хто пачынае сьмяяцца зь сябе, урэшце сьмяецца апошнiм.

Севярын Квяткоўскi

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі23

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

У Клецку малады мужчына пабіў пажылога за тое, што той павольна ехаў6

Павел Севярынец адкрыў збор на аднаўленне публічнай дзейнасці20

У студзені ВУП Беларусі пачаў падаць2

У Брэсце дзесяцікласнік-кадэт скончыў жыццё самагубствам3

Пуцін і Лукашэнка хутка зноў сустрэнуцца ў Маскве3

«Дзеля сваіх дзетак, каб да іх вярнуцца». Дашкевіч расказаў, як трапіў у «нізкі статус» і як ад яго патрабавалі прашэнне аб памілаванні23

Чатырох чалавек асудзілі за супрацоўніцтва з «Байсолам». «Байсол» пракаментаваў

Працуеце ў Польшчы або Літве? Падтрымайце «Нашу Ніву» — для вас гэта цалкам бясплатна, а мы зможам зрабіць больш для Беларусі і беларушчыны!6

Непалец узышоў на Эверэст чатыры разы за 15 дзён4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі23

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць