ЛIСТЫ З ПРАВIНЦЫI
Славамiр Адамовiч
Хутар Казiмiраўка травень 1998 г.
Дарагi таварыш!
... Гэта правiльна, што гарачыня. Хай будзе. Бо прыйдуць хутка халодныя днi. Таму карыстай з таго, што маеш... Зайздрошчу табе: ты ўжо там, у лясох, на Габскiх балотах, дзе так востра пахне целам белага чалавека, дзе журавiньнiк чапляецца за леташнiя iмхi, дзе крывы сасоньнiк балотны ды белыя-белыя ствалы худых бярозак ды гэткiя ж белыя косьцi калгаснай каровы, што здохла на пашы пятнаццаць гадоў назад... А я мушу тут адбываць сваю кару жыцьцём: вулiца Сурганава шумiць так, нiбы па ёй праходзiць 6-я армiя Фрыдрыха Паўлюса. Выйдзеш на пiва — там вертухай з «амэрыканкi» (цьху ты, даруй, Божа!). А ўчора жонка лiфцёра прыбягала рады прасiць. Прыйшлося глядзець за ейным трохгадовым сьпiнагрызам, пакуль мацi бегала на вахту выклiкаць мiлiцыю. Вярнулася, трасецца ўся, аддае мне грошы на захаваньне. А мушу сказаць табе, што ў суседкi гэтай вагi будзе кiль 120, калi ня болей. Дык як мне не пастарацца дзеля гэтай жанчыны! Праўда, я яшчэ не дабраўся да суседчыных аб’ёмаў, але справа рашыцца тым хутчэй, чым з большым энтузiазмам сусед будзе жлукцiць гарэлку. I што з мужыкамi робiцца, скажы ты мне, таварыш? А, вось яшчэ: казаў мне гэты самы Лiфцёр-Лахцёр, што пасьля родаў жонка на яго ахаладала, не дае, адным словам. Ну, я i параiў яму на тое, маўляў, у сьвеце людзi ваююць за сваё двума спосабамi: языком i зброяй. Раз твая неабдымная не жадае полымя тваёй гарматы, тады паспрабуй разагрэць жончын спод тым, што ў цябе ў роце. I распавёў я, таварыш, гэтаму Лiфцёру пра тое, што, як i алькаголь, жанчыну лепш любiць-выпiваць невялiкiмi порцыямi. I абавязкова, каб пост быў хоць раз на год. А ня хочаш, кажу, языком да споду роднай жонкi прыкладацца, да таго, кажу, якiм яна табе сына нарадзiла, то вазьмi ды ножкi ёй шампанскiм памый, а ваду выпi. Вось тады i ўбачыш, адпусьцiць яе цi не...
Дарагi таварыш, мы з табой не адну справу правярнулi ў нашай сталiцы, ты верыш мне, як, можа, сабе ня верыш. Хоць я i вучыў цябе турэмнай навуцы: ня вер! ня бойся! не прасi! Дык вось, я люблю жанчын, але нiколi не прашу. Жанчына павiнна сама раскрыцца табе насустрач — нiбы крымскiя макi ў маi 1982 году. Увiльготнi яе салодкiмi словамi, пяшчотаю рук... Так i з уладаю: зрабi ўсё, каб авалодаць ёю змог толькi ты, каб нiкому iншаму не далася яна ў прагныя i брудныя рукi.
Ёсьць i ў мяне, таварыш ты мой дарагi, жанчына, якой я мыў ногi ў шампанскiм i пiў тое шампанскае, як самы цудоўны напой у сьвеце. Ня лепшай i ня горшай была i ёсьць тая жанчына. Ды i ня ў ёй, вiдаць, прычына. Проста жарсьць — яна свавольнiца. Найшло на мяне, як на расейскага купца, як на зэка пасьля абвяшчэньня прысуду — i купiў я бутэльку шыпучага напою, i шакалядаў-мармэлядаў, i ставiў парцалянавую талерку на падлогу каля ложка, i адкаркоўваў бутэльку, i налiваў у крышталёвыя фужэры, i палiваўмыў ёй ножкi, спачатку адну, потым другую...
Памiж Будслаўем i Крывiчамi 23 траўня 1998 г.
Дзень добры, васпане!
Быў я два днi ў сталiцы — з рэвiзiяй. Хоць i марудна, але справы рухаюцца. Паступiла новая партыя паперы, але кампаньён уздумаў падурыць нас, хоць мы й папярэджвалi супраць такiх дзеяньняў. Затое з партыяй iтальянскiх SRSM усё ў парадку. Цыганчукi не падвялi. I гэта ўсьцешвае. Будзем i надалей супрацоўнiчаць.
У другой палове дня сустрэўся з Тацянай. Першы раз яна прыйшла да мяне ў iнтэрнат i досыць хутка распранулася. А я i ня вельмi каб хацеў гэтага. Эратычнага ў ёй не хапае. Хоць жа i стройная, i маладая, i дастаткова прыгожая. Але ж нешта мне рымсьцiла, перашкаджала, занявольвала. Скажы, калi дзевятнаццацiгадовае дзяўчо распранаецца да галiзны i кладзецца ў ложак трыццацiшасьцiгадовага мужчыны, то што тут: правакацыя? гатоўнасьць стаць жанчынай? Тым часам я пагаспадарыў дзе трэба; валосiкi над сподам у яе русявыя, а вiльготную ружовую дзiрачку не магу не параўнаць з адтулiнкай у ствале дробнакалiбэрнага пiсталецiка. Дзяўчына шаптала, што хоча мяне, але толькi пасьля шлюбу. Значыць, не давярае, не кахае? А вось на аральныя манiпуляцыi згадзiлася. Здаецца, мой замучаны ананiзмам стручок ёй спадабаўся. Прасiла, каб паёрзаў iм па жывоцiку й грудзях. I я стараўся, але ўзараць ральлю ўсё ж не адважыўся, а калi шчыра, то, вiдаць, проста ня меў вялiкай ахвоты. Нiчога дзiўнага: за дзень да спатканьня з Таняй я ўзворваў папар Жэнькi-мастачкi. Жэнька асаблiва не цырымонiлася: радасна абцалоўвала мяне i запэўнiвала, што я ў яе першы. Пахла яна ня то семкамi сланечнiка, ня то алеем з гэтых самых семак.
Пасьля эратычных практыкаваньняў Жэнька пайшла здаваць залiк па гiсторыi Беларусi, а Таня затэлефанавала бабулi i сказала, што мы былi зь ёю ў Опэрным, дзе давалi «Травiяту». Па ўсiм са мною iзноў засталiся толькi вершы.
Мы робiм, як дарослыя,
штучкi эратычныя,
мы траўкаю парослыя,
контр-а-палiтычныя,
росныя, вiльготныя,
месцамi крынiчныя,
для сваiх — iльготныя,
для чужых — таксiчныя.
Любiмся, ах, любiмся,
як перад атакаю,
любiмся — ня згубiмся,
як зярнятка з макаўкi.
Жывём, брат, i будзем жыць! Да сустрэчы ў Мiрона. Твой Раман.
в. Альхоўка 6 чэрвеня 1998 г.
Добрага дня ў тваю хату, сябра!
... Нi дабра, нi зла не шукаю, а гармонii. Вечная праблема, голенькая, так бы мовiць, вызваленая ад насланьня псэўдаiдэяў, чыстая людзкая праблема — гэта ПРАБЛЕМА АЧЫШЧЭНЬНЯ. А нашыя пошукi Беларусi як Нацыi — хiба гэта не праблема гiгiены? Мы хочам спаталяць смагу ля сваiх крынiц, i амываць нашыя рудыя, шэра-зялёныя ды сiнiя вочы ў сваiх крынiцах жадаем. У чыстых крынiцах!
Ат жа, таварыш, што тут казаць. Ужо ў першым сваiм апавяданьнi «Ў лазьнi» Максiм Гарэцкi сфармуляваў тое, што мы цяпер спрабуем перафармуляваць, адкрываем нанова. А трэба нам элемэнтарнае: ЛАЗЬНЯ! I безь нiякiх там пераносных сэнсаў! Бо ў чыстым целе — здароўе, а ў здаровым целе, як вядома, здаровы дух. А што ў нас? Прыяжджаю неяк да бацькоў, iду ў лазьню, якую швагер нядаўна паставiў, а там нi палка, нi цэбра для гарачай вады, падлога ўзарвана i на земляны под бульбы насыпана. Аказваецца, не пасьпелi лазьню пабудаваць, як зрабiлi зь яе варыўню. Вось табе i народная мудрасьць, i прыярытэты, i акцэнты. Так што Гарэцкi сваiм першым апавяданьнем у дзясятку патрапiў. З лазьнi ў нас пачынаць трэба, з лазьнi, а маладым клясыка чытаць i перачытваць.
Я тут зараз на думцы сябе злавiў, што нашае лiставаньне надта ж падобнае да апавяданьня Гарэцкага «У чым яго крыўда?» Але хто з нас Касьцючок Зарэмба: ты? я? Цi мы, братка, абое?
Ну, бывай здаровы! Як заўсёды, на тым самым месцы i аб тым самым часе. Раман.
На хутары. чэрвень 1998 году
... Хапаюся за дзесяць справаў, замест таго, каб за прозу ўзяцца, як параiў мне пры выпадковай (?) сустрэчы пiсьменьнiк Павал Мiсько.
Правiнцыя вымiрае, людзi дзiчэюць. Пазграбалася аднекуль бадзягаў, беспрытульных зэкаў. Нядаўна адзiн такi прыблуда сужыцельнiцы сваёй памiж ног грабеньчык паяльнiкам прысмалiў. Разоў дзесяць, можа, i кончыла баба, як ты мяркуеш? А вось сын старога Касяка ўжо каторы год не стрыжэцца. Дык яго п’яныя мужыкi на другi дзень пасьля Радаўнiцы сiламоццу падстрыглi ды яшчэ са старой Касячыхi за работу барыша спагналi. У Камараўскiм клюбе, дзе я некалi ў сёмай клясе галасiў са сцэны «Перевоз Дуня держала...», нейкi iнтэлектуал ускрыў бiблiятэку ды выцягнуў дванаццаць тамоў нашага землячка Дастаеўскага i пяцьдзясят адзiн том ПЗТ Ульянава-Ленiна. Факты, вартыя эпохi Апакалiпсiсу. Затое прырода бярэ сваё, абнаўляецца, што мяне так цешыць — як частку гэтай прыроды. Зямля дзядоў, якую ў 70-х так прагна i безаглядна раскарчоўвалi, iзноў зарастае лесам i хмызамi, на асушаныя тарфянiкi вяртаецца балота. Блiжэй да чалавечага жытла пасунулiся i рэптылii, вясна выдалася зьмяiнай.
Дрэвы мае растуць iмклiва. Мне, бязьдзетнаму, гэта асаблiва дорага. Першыя дуб i елку я пасадзiў у 80-м, восеньню, перад войскам. Ужо з Афгану прыйшлi i леглi у крывiцкую зямлю першыя цынкавыя труны... Цяпер тым дубу i елцы роўна 18. Паўналетнiя. Восеньню я адзначу iхны дзень нараджэньня. Вып’ю за дачку й сына.
Кожную восень, за выняткам двох гадоў службы ў савецкiм войску ды дзесяцi месяцаў турмы, я высаджваю на сваiх котлiшчах дрэвы: не кусты агрэсту, не яблынькi, а сапраўдныя дрэвы лесу: дуб, елку, сасну, бярозу. I прыжываюцца яны найлепей. I галоўнае — яны нiколi не здрадзяць, ня кiнуць, яны заўсёды там, дзе ты iх пасадзiў. Дуб ужо каторы сэзон жалудзiцца, елка штогод вызалочваецца шышкамi.
«Расьцi, ўмацоўвывайся, дрэва, Як манумэнт жывы, ўставай...»
Дарагi мой таварыш, ня добрага, ня злога шукаю — гармонii. Дрэвы — ПАСТАЯННАЯ майго ачышчэньня. Сузiрай дрэва — i набудзеш дух, i будзеш з духам. I людзi прыйдуць да цябе, як ты прыходзiш да дрэваў.
Скажы нашым, няхай садзяць лес, будуюць лазьню, i заўсёды памятаюць пра мужнасьць.
На гэтым перапыняюся. Ромусь.
Вёска Чарткi, пасьля 15 чэрвеня 1998-га
Дабрыдзень, дарагi таварыш!
Спачатку пра справы. Перадай па камандзе, што цяпер мiронаўцы i хлапцы з «PR» зьбiраюцца КОЖНЫ ПАНЯДЗЕЛАК А 19-Й ГАДЗIНЕ КАЛЯ ФIЛЯРМОНII. Прыходзiць трэба дакладна ў час, у пары альбо з групай. Форма адзеньня — чорная парадка, спартовая цi камуфляж. Нагадай пра дысцыплiну i адказнасьць. Iнструкцыi i новыя сьпiсы калябарантаў перадасьць сувязны. Шостага лiпеня КГБ праводзiць у сталiцы штабныя вучэньнi на ўзроўнi гарадзкога i раённых аддзелаў. Нашыя групы павiнны забясьпечыць iх работай...
... Жыцьцё, трасца мне ў бок, пярэстае, яе суседзкая карова. Хочацца перачытаць сiнi двухтомнiк Янкi Маўра, «Мiколку-паравоза» й «Сьлёзы Тубi». Чорт яго ведае, што такое... I станцаваць румбу з кiнафiльма «Чалавек-амфiбiя». I каб музыка з кружэлкi фiрмы «Мелодия» 70-га году, пастаўленай на прайгравальнiк радыёлы «Riga».
А што рабiць, таварыш? Жыцьцё ў нас адно, як гэта нi банальна. Таму ня толькi змагацца, але й жыць трэба. Iнакш можна ад гэтага жыцьця адарвацца, згубiць, як той казаў, непасрэдную сувязь. Вось чаму я пiшу вершы, суцяшаю жанчын, калю кабана на Каляды, сяджу ў турме, ем фасолю на малацэ, узрываю суды, кажу «пайшоў на...» судоваму выканаўцу Качану, п’ю пiва зь вертухаем i купляю аднойчы грыль-куранё па 165000 за тушку (на 25.06.1998).
Калi ты канкрэтны — ты змагар. Калi нiякi — ты проста целяпаесься. Ненавiджу целяпацца! Эпоха клюбаў, талок i купальляў мiнулася. Мяне цiкавiць золатавалютны запас Краiны, монстры iныдустрыi, нашы пэрспэктывы ў геапалiтыцы, рэальнасьць iнфармацыйнай блякады, iнтэлектуальны патэнцыял, генэтычная ўстойлiвасьць нацыянальнага арганiзму, нафта ў трубах i пад зямлёй, а таксама што сабе думае дырэктар Будслаўскага калгасу, кiраўнiк менскага станкабудаўнiчага заводу... Мне цiкава ўсё, бо мне патрэбная Нацыя. Нам — патрэбная.
... А я казаў табе, што пахаладае. Вось i маеш. I дажджы. Сяджу пад коўдрай на ложку, гляджу ў вакно, убiраю ў сябе энэргiю дыстыляту. Успамiнаю, што за дзень да ад’езду са сталiцы забегла да мяне ўжо iншая Таня, Зеляновiч, з Астраўца родам. Год адбыла ў прафтэхвучэльнi будаўнiкоў, навучылася на будоўлi разам з дарослымi бабамi пiць гарэлку, а цяпер вось iспыты здае ў Акадэмiю мастацтваў. Хоча акторкай стаць. Чытала мне штосьцi рыфмаванае зь Янкi Сiпакова. Амаль як мацi мая ў маладзейшыя гады. Аж я сам падхапiўся да чытаньня. Зрэшты, гэтак жа хутка i зьвяў. Таня-акторка нiяк не хацела прысесьцi на ложак.
Успомнiўшы Таню, варта ўспомнiць i Юлю-шахцёрку з цудоўным прозьвiшчам Носiк. Мы пазнаёмiлiся на паэтычнай вечарыне. Яе немагчыма поўнае калена сьвяцiла мне ў вочы, як севастопальскi маяк. Вершы чыталiся надзвычай вольна i з энтузiязмам.
Празь месяц я зайшоў да яе ў iнтэрнат, потым яна зайшла ў мой. Вось тады я i прыпаў аральнай адтулiнай да кругленькага каленца маладой жанчыны.
11 лiпеня сёлета дачушцы салiгорскага шахцёра адбудзецца васемнаццаць гадочкаў. Што гэта значыць? Гэта значыць, што васемнаццаць гадоў назад васемнаццацiгадовы я садзiў у зямлю яловы дубец, а дваццацiгадовы Юлiн тата шчыра палiваў ямку Юлiнай мамы. Проста супадзеньне, але якое гарманiчнае. I хочацца гаварыць пра сымбалiзм лiчбаў i лёгiку выпадковых лiкаў, антрапамарфiзм геамэтрыi.
Калi я пачынаю над ёй старацца асаблiва шчыра, Юля-шахцёрка адказвае рыкам галоднай мядзьведзiцы. Потым яна ўспамiнае пра ўказальны палец сваёй рукi, кладзе яго ў рот i, нiбы сьвятая карова iндуса, якую цягаюць за поўнае вымя, удзячна рымiць, раз за разам аддаючы мне млека сваёй плоцi.
... Скончыўся дождж. H2O заблiшчэла на зялёным. Унук нарабiў рудога ў штаны, пакуль бабуля завiхалася па гаспадарцы. А як толькi нянька ў хату — малое ў плач. I тады жанчына рэзюмавала: «Маўчы, камок гаўна!» I «камок» сьцiх. Пляменьнiчак мой атрымаў першы ўрок гiгiены i права. Пастаянная ачышчэньня дзейнiчае...
Ну, бывай здаровы! Не ганарыся, але й не папускайся. Жанчыну любi так, каб зоркi ў вачох i яснасьць у галаве. А 14-га будзь там, куды я клiкаў.
Слава Нацыi! Твой таварыш Раман.
Каментары