Архіў

ДЭМАНТАЖ. Пра зруйнаваньне помнiка А.Сувораву ў Вiцебску

№ 18 (115) 1998 г.

ДЭМАНТАЖ

 

Стагнацыйнаму рэжыму, якi цяпер пануе ў Беларусi, грамадзяне супрацiўляюцца па-рознаму: мастацкiм словам на лiтаратурных чытаньнях, надпiсамi на сьценах, пiкетамi, шэсьцямi, мiтынгамi, зброяй, якую набываюць пры любым зручным выпадку, самымi рознымi i часам арыгiнальнымi акцыямi пратэсту.

Ноччу з 31 жнiўня на 1 верасьня ў Вiцебску зьнiк бюст Суворава, якi знаходзiўся побач з будынкамi гарваенкамату, райаддзела мiлiцыi i абласнога КГБ. Адказнасьць за дэмантаж узяў на сябе легендарны Мiрон.

Нагадаю, што ў 1794 годзе расейскi палкаводзец Сувораў патапiў у крывi паўстаньне нашых продкаў за незалежнасьць. Сёньня па ўсёй Беларусi стаяць дзясяткi суворавых, а ў Кобрынi па-ранейшаму дзейнiчае музэй гэтага «героя». Такую ганьбу беларускi патрыёт Мiрон цярпець не зьбiраецца, пра што i заяўляе сваiмi акцыямi. I тым самым вельмi дапякае мясцовай уладзе. Улада адказвае рэпрэсiямi.

2 верасьня ў Вiцебску былi затрыманыя рэдактар газэты «Выбар» Барыс Хамайда, супрацоўнiкi выданьня Ўладзiмер Плешчанка i Юрась Карпаў. У iх на кватэрах опэрупаўнаважаныя крымiнальнага вышуку правялi ператрусы.

Хамайду й Карпава пратрымалi ў пастарунку Кастрычнiцкага РАУС каля сямi гадзiнаў, але потым адпусьцiлi, выпiсаўшы iм позвы на трэцяга верасьня. У якасьцi сьведак.

Хамайда i Карпаў адмовiлiся даваць сьледчаму тлумачэньнi.

Праз двое сутак па затрыманьнi Ўладзiмеру Плешчанку сьледчы Аўчыньнiкаў высунуў абвiнавачваньне паводле артыкулаў 201 ч.2 КК РБ «Злоснае хулiганства, якое вызначаецца выключным цынiзмам i дзёрзкасьцю» (да пяцi гадоў зьняволеньня) i 225 ч.2 КК РБ «Наўмыснае зьнiшчэньне гiсторыка-культурных каштоўнасьцяў» (да двух гадоў турмы). Выканальнiк абавязкаў пракурора Кастрычнiцкага раёну Вiцебска Ул.Казлоў вынес пастанову пра арышт падазраванага Плешчанкi з фармулёўкай: «Знаходзячыся на волi, можа перашкодзiць выкрыцьцю злачынства». Як паведамляюць нашыя крынiцы iнфармацыi ў Вiцебску, на месцы, дзе стаяў бюст акупанта, тамтэйшыя пiнкертоны перакапалi некалькi дзясяткаў квадратных мэтраў глебы, шукаючы «рэчавыя доказы». Аднак лягiчна думаць, што калi Мiрон змог дэмантаваць гiпсавае тулава пад носам у мiлiцыi ды аблгэбэ, дык напэўна ён паклапацiўся i пра тое, каб не пакiнуць па сабе сьлядоў.

Бюст урэшце знайшлi. А каля яго i запiску, у якой Мiрон папярэджвае ўлады, што калi грамадзянiн Плешчанка, старшыня Рады БНФ «Выбар», ня будзе ў блiжэйшы час выпушчаны на волю, у Вiцебску могуць быць дэмантаваныя i iншыя помнiкi, якiя сымбалiзуюць эпоху расейска-бальшавiцкай акупацыi. Мяркуючы па тым, зь якой настойлiвасьцю i, можна сказаць, прафэсiяналiзмам дзейнiчае вiцебскi Мiрон, трэба думаць, што i чарговую сваю пагрозу ён пасьпяхова зьдзейсьнiць. Калi, вядома, грамадзянiн Плешчанка ня будзе адпушчаны з турмы.

Што ж да перамешчанага бюста Суворава, дык вядома, што пастаўлены ён быў у беларускiм Вiцебску аж у 1952 годзе, яшчэ пры жыцьцi Сталiна. У 1987 годзе, за год да адкрыцьця Курапатаў, гiпсавы бюст генэралiсiмуса-акупанта быў узяты пад дзяржаўную ахову, але ўжо ў 1991 годзе аддзел культуры вiцебскага гарвыканкаму ўнёс яго ў сьпiс помнiкаў, якiя ня маюць гiсторыка-культурнай каштоўнасьцi i тым самым не падлягаюць дзяржаўнай ахове. Сёньня за саракашасьцiгадовага гiпсавага Суворава беларус Уладзiмер Плешчанка ўжо месяц сядзiць у турме. Але гэта не спыняе няўлоўнага Мiрона: да чарговай гадавiны Аршанскай бiтвы ён вывесiў бела-чырвона-белы сьцяг на 50-мэтровай вежы ў Лёзьне, якая стаiць каля шашы Смаленск — Вiцебск.

Бо сказана ў старых пiсьмёнах: мне адпомшчаньне i тым сплачу!

Мiрон Менскi

Каментары

Цяпер чытаюць

Літва зноў закрывае мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін9

Літва зноў закрывае мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску перайменавалі амаль паўсотні прыпынкаў — некаторыя ў абыход закона3

Расійскіх вайскоўцаў падазраюць у выкарыстанні затанулага парома «Эстонія» для шпіянажу і адпрацоўкі падводных аперацый

Кітай атрымаў доступ да прамысловых сакрэтаў Германіі праз экспарт рэдказямельных металаў4

У Англіі па памылцы вызвалілі гвалтаўніка 14‑гадовай дзяўчынкі4

Шатдаўн у ЗША: пакуль урад паралізаваны, Пентагону ахвяравалі 130 мільёнаў долараў на зарплаты вайскоўцам4

Штучны інтэлект дапамог даследчыкам вылічыць забойцу са знакамітага фотаздымка «Апошні яўрэй з Вінніцы»18

Аляксандр Лукашук: «Сорамна за Амерыку, балюча за Украіну, шкада Беларусі»23

Ездзілі шукаць нават у БССР, а неапазнанае цела 30 гадоў ляжала ў спецсховішчы. Новыя дэталі загадкавага знікнення ў ЗША беларускага пісьменніка Міколы Цэлеша2

«Нашых дзяцей з дзяцінства прывучалі да трансгендарных лялек». Шпілеўская знайшла карысць ад заходніх санкцый17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літва зноў закрывае мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін9

Літва зноў закрывае мяжу з Беларуссю — на нявызначаны тэрмін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць